23:45 07.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Інтэрв’ю, якіх не было»
На фота:Аляксандар Тамковіч, рэдактар-складальнік кнігі
«Мы сабраліся ў чорны дзень. Дзевяць гадоў з намі няма Зьміцера Завадскага. Гэта напамін, што побач з нашай працай ходзіць зло – зло бязьлітаснае, зло помсьлівае, – зазначыла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна на прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Тамковіча “Інтэрв’ю, якіх не было”, што адбылася сёньня ў амерыканскай амбасадзе. – Я лічу, што праўда абавязкова адкрыецца ўсім людзям. І мы сваёй штодзённай працай павінны спрыяць таму, каб наблізіць гэты дзень праўды».
Са згадкі пра Дзіму пачаў сваё слова і сам рэдактар-складальнік кнігі. А маці Зьміцера, Вольга Завадская, зьвярнулася да прысутных журналістаў: «Як бы ні было цяжка, не здавайцеся і даносьце праўду да людзей».
Пераважна журналісты і сабраліся на прэзэнтацыю. Але не толькі: прысутнічалі былы палітвязень Андрэй Клімаў, праваабаронца Алег Воўчак, экс-міністр, сацыёлаг Аляксандар Сасноў, палітолаг Андрэй Фёдараў ды іншыя. Усяго было прыкладна 40 чалавек.
Распачаў прэзэнтацыю новы часовы павераны ЗША Майкл Скэнлан. У прыватнасьці, ён адзначыў: «Я вельмі цікаўлюся тэмаю сёньняшняй размовы, бо сам вывучаў журналістыку ва ўніверсітэце».
Сама кніга невыпадкова мае назву «Інтэрв’ю, якіх не было»: шэрагу журналістаў былі зададзеныя сем пытаньняў, на якія яны адказалі ў пісьмовай форме. Сам Тамковіч кажа, што яго праца была толькі ў кампаноўцы. А журналісты, якія ўжо азнаёміліся з кнігай, заўважылі, што нечакана даведаліся пра шмат што новае датычна калегаў, з якімі знаёмыя не адзін год.
Разам з тым, журналіст Аляксандар Уліцёнак – які быў рэдактарам газеты «Свободные новости», дзе працаваў Аляксандар Тамковіч – назваў гэтую кнігу «Хатыньню беларускай журналістыкі». Многія журналісты, прадстаўленыя ў кнізе, узгадваюць сваю працу, сваё прафэсійнае стаўленьне ў газетах, якія ўжо не існуюць або «пад юрыдычным, эканамічным і маральным ціскам знаходзяцца ў гаротным стане. Ад магутных рэдакцыяў, якія былі створаныя напачатку 90-х гадоў, на інфармацыйнай мапе засталіся нейкія выспы», – Уліцёнак кажа гэта з веданьнем справы, паколькі сам ачольваў такую рэдакцыю.
Аляксандар Уліцёнак засяродзіў увагу на тым, што «ацалелым папяровым выданьням надаецца недаравальна малая ўвага». Ён падкрэсьліў, што, прыкладам, афіцыёзная «Советская Белоруссия» ў інтэрнэтаўскім варыянце мае ў 70 (!) разоў менш чытачоў, чым у папяровым. Заклікаў да падтрымкі папяровых СМІ, без якой у нашых варунках яны папросту не могуць існаваць.
Аляксандру Ўліцёнку запярэчыў, у пэўным сэнсе, Аляксандар Класкоўскі: маўляў, будучыня – за інтэрнэт-журналістыкай. Калі надыйдзе тая будучыня – на гэты конт былі розныя меркаваньні. Але ўсе сыйшліся на тэзісе Класкоўскага: «“Фішка” сучаснай журналістыкі – сімбіёз папяровага і электроннага варыянтаў».
Сацыёлаг Аляксандар Сасноў прывёў даныя вядомай установы НІСЭПД. Згодна з імі, давер грамадзянаў Беларусі да незалежнай і дзяржаўнай прэсы – аднолькавы: 45% (да першай ён нават крыху, на працэнцік, пераважае, і маецца тэндэцыя росту). Пры тым, што ўмовы працы адрозьнніваюцца непараўнальна! «Гэта – паказчык якасьці вашай работы», – зьвярнуўся Сасноў да журналістаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме