13:15 13.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Інфармаваныя людзі больш эфектыўна пераадольваюць цяжкасці
Гэткая тэза прагучала ў дакладзе дырэктара Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ прафесара Давіда Ротмана на рэспубліканскім семінары кіраўнікоў дзяржаўных СМІ па пытаннях інфармацыйнага забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на сучасным этапе.
Паводле даследаванняў сп-ра Ротмана, рэйтынг і ступень даверу да друкаваных СМІ істотна саступае тэлеэкрану. Друкаваным СМІ чытачы, у прыватнасці, не надта давяраюць у асвятленні пытанняў палітыкі, эканомікі, культурнага жыцця і нават экалогіі. 30% чытачоў дзяржпрэсы лічаць, што газеты «замоўчваюць альбо недастаткова аб’ектыўна асвятляюць» пытанні, звязаныя з эканамічным крызісам.
Сярод прапановаў па «аптымізацыі інфармацыйнай палітыкі» былі названыя неабходнасць аператыўна інфармаваць і тлумачыць прычыны крытычных сітуацый. У іншым выпадку ў людзей «складваецца памылковы вобраз вінаватых, якімі — як правіла, незаслужана — становяцца прадстаўнікі ўладных структур».
Звярнула на сябе ўвагу і тая частка дакладу, дзе гаворка ішла пра «лідэрства Беларусі і Расіі ў дэманстрацыі грамадзянамі задаволенасці сваімі матэрыяльнымі магчымасцямі і сацыяльным станам» у параўнанні з іншымі постсавецкімі краінамі. Найгоршая сітуацыя ў гэтых пытаннях, па назіраннях дакладчыка, склалася ў дзяржавах, дзе адбыліся «каляровыя рэвалюцыі».
Паводле Д. Ротмана, «чым ніжэйшы ўзровень матэрыяльнага дабрабыту і задаволенасці жыццём, тым большая верагоднасць выніковасці масавых пратэстаў». Вось чаму «ўзровень інфармаванасці людзей у крызісных умовах і ў часе розных „малых эканамічна-гандлёвых“ войнаў (такіх, як нядаўна перажытыя паміж Расіяй і Беларуссю „малочная“, „трактарная“, „цукровая“) мае надзвычайнае значэнне, і СМІ абавязаны ў гэтым браць на сябе ключавую ролю».
Як адзначалася на семінары, многія дзяржаўныя газеты такой ролі пазбягаюць альбо не спраўляюцца з ёй. Між тым, «інфармаваныя людзі з большай эфектыўнасцю пераадольваюць цяжкасці і з большай упэўненасцю глядзяць у будучае».
Менавіта на гэтую акалічнасць усім удзельнікам сустрэчы было прапанавана звярнуць сур’ёзную ўвагу.
Семінар адбываўся 9–10 лістапада ў Магілёўскай вобласці з удзелам прадстаўнікоў шэрагу органаў дзяржкіравання, кіраўнікоў галоўных упраўленняў ідэалагічнай працы аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, кіраўнікоў шэрагу рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме