00:32 17.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Х.Пургурыдэс: "Расейскія дэпутаты падтрымліваюць пачвару"
22:43, 16 Апреля | Юры Дракахруст, Аляксей Знаткевіч,
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы 15 красавіка ўхваліла рэзалюцыю, якая, сярод іншага, заклікае Беларусь адмяніць артыкул Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, які рыхтаваў справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі, адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
Карэспандэнт: "Як Вы ацэньваеце стан беларускай сыстэмы крымінальнага заканадаўства і праваўжываньня ў цэлым?"
Пургурыдэс: "Перш за ўсё, рэжым злоўжывае сыстэмай для палітычных мэтаў. Гэта абсалютна непрымальна. Акрамя таго, гэтай сыстэме шкодзіць той факт, што судовая ўлада ня мае незалежнасьці. Ня мае незалежнасьці і пракуратура. Без незалежнай судовай улады, без незалежных юрыдычных чыноўнікаў няма вяршэнства закону. І я магу ўпэўнена сказаць, што на жаль у Беларусі няма вяршэнства закону".
Карэспандэнт: "Ці ёсьць у іншых краінах аналягі беларускага закону аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыях?"
Пургурыдэс: "Магчыма ёсьць іншыя краіны з падобнымі заканадаўчымі нормамі, але выканаўчая ўлада, урад, не карыстаюцца імі. Толькі ў Беларусі ўрад карае за такія дзеяньні. Натуральна, што гэтыя нормы павінны быць прыбраныя з заканадаўства краіны. У Радзе Эўропы былі краіны з падобнымі нормамі і да іх зьвярнуліся, каб яны прыбралі іх з заканадаўства. Я ня ведаю, ці ўсе краіны гэта зрабілі, але нават калі і ёсьць падобныя законы, ніхто імі не карыстаецца".
Карэспандэнт: "Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што ў краіне няма палітычных зьняволеных, што ўсе асобы, якіх на Захадзе лічаць палітвязьнямі, у тым ліку і Аляксандар Казулін, асуджаныя за крымінальныя злачынствы. Што Вы можаце сказаць на гэты конт?"
Пургурыдэс: "Казулін ды іншыя — палітычныя вязьні, бо іх пасадзілі ў турму з палітычнымі мэтамі. Яны не рабілі крымінальных злачынстваў, і я лічу заявы рэжыму пра тое, што ў Беларусі няма палітычных вязьняў, абсалютна неабгрунтаванымі".
Карэспандэнт: "Як Вы ацэньваеце цяперашні стан справаў зьніклых вядомых асобаў у Беларусі: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага? Ці адбыўся пэўны рух у расьсьледаваньні гэтых справаў, ці зьявіліся дадатковыя аргумэнты аб датычнасьці да гэтых зьнікненьняў службовых асобаў Беларусі".
Пургурыдэс: "Не было далейшых расьсьледаваньняў. Тыя доказы, якія мы сабралі ў 2004 годзе, пераканаўчыя. Ёсьць канкрэтныя доказы дачыненьня ўладаў да зьнікненьняў. Была спроба з боку беларускіх уладаў паставіць пад сумнеў мае высновы перад міжнароднымі парлямэнцкімі органамі, але гэтая спроба цалкам правалілася. Я лічу, што ніхто ня можа абвергнуць гэтую інфармацыю. Доказаў таго, што ўлады маюць дачыненьне да зьнікненьняў, больш чым дастаткова. Нам цяпер трэба паўнавартаснае расьсьледаваньне, каб тыя, хто мае дачыненьне да гэтых жудасных злачынстваў, былі пакараныя адпаведным чынам. Гэта адбудзецца рана ці позна. Я не сумняваюся, што рэжым ў Беларусі рана ці позна абваліцца".
Карэспандэнт: "Так выглядае, што Эўропа мае няшмат як “пернікаў”, гэтак і “бізуноў”, каб ўплываць на паводзіны беларускіх уладаў. На Ваш погляд, якія новыя крокі можа зрабіць Эўропа, каб спрыяць паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?"
Пургурыдэс: "Вядома ж, Эўропа ня можа скарыстаць сілу, каб прынесьці зьмены ў Беларусь. Аднак я ня маю сумневу, што тыя сілы, якія падтрымліваюць дэмакратыю, аднойчы перамогуць. І я таксама ня маю сумневу, што ў блізкай будучыні Беларусь зойме сваё месца ў сям’і эўрапейскіх дэмакратычных грамадзтваў".
Карэспандэнт: "Ці магчыма, што эўрапейскія краіны ўвядуць нейкія эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў паводле прыкладу санкцый ЗША супраць канцэрну "Белнафтахім"?
Пургурыдэс: "Гэта пытаньне, якое цяпер разглядаецца, так".
Карэспандэнт: "Расейскія дэпутаты вельмі крытычна адрэагавалі на ваш выступ аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі..."
Пургурыдэс: "Я зьвярнуўся да расейскіх дэпутатаў з заклікам паказаць фактычныя памылкі ў маёй справаздачы, паказаць хоць слова, якое не адпавядае фактам, і яны гэтага не зрабілі. Мне вельмі шкада, што расейскія дэпутаты занялі такую пазыцыю. Аднойчы яны яшчэ пашкадуюць пра падтрымку, якую яны даюць рэжыму Лукашэнкі. Яны падтрымліваюць пачвару, і аднойчы яны пабачаць гэтую пачвару перад сабой”.
Карэспандэнт: "Але шмат хто кажа, што сама Расея ідзе шляхам Беларусі..."
Пургурыдэс: "Я ведаю пра такую крытыку. Я выказваюся наконт Беларусі і не хачу размаўляць пра Расею".
Карэспандэнт: "У сваім заключным слове у адказ на закіды расейскіх дэпутатаў, што эўрапейскія структуры ізалююць Беларусь, вы параўналі беларускія ўлады з маладым чалавекам, які забіў сваіх бацькоў, а потым просіць судзьдзю лічыць зьмякчальнай абставінай тое, што ён сірата. Ці не занадта жорсткія такія параўнаньні з забойцам?"
Пургурыдэс: "Я не параўноўваю, я проста кажу праўду. Праўда заўсёды балючая. Я не параўноўваю іх са злачынцамі. Я кажу, што яны маюць дачыненьне да зьнікненьняў і яны пакрываюць гэтыя зьнікненьні. Гэта факт".
- 13.09.2004 -
- 15.10.2004 -
- 27.06.2005 -
- 05.12.2003 -
- 25.01.2005 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме