20:45 11.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Чалавечае і палітычнае: Лябедзька
19:15, 11 Апреля | Зьміцер Панкавец,
«Наша Ніва» распачынае новую сэрыю гутарак з палітыкамі. Да першага журналісты «НН» выправіліся да Анатоля Лябедзькі, які рыхтуецца да зьезду Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
«Катастрофы не адбылося»
«Наша Ніва»: Пасьля таго, як сталі першым палітычным невязным з краіны, дома бываеце часьцей?
Анатоль Лябедзька: Натуральна. Нічога катастрафічнага не адбылося. Цяпер болей часу для паездак па рэгіёнах. Раней штомесяц былі адна—дзьве паездкі за мяжу, цяпер вось магу правесьці гэты час дома. На днях атрымаў ліст з Генэральнай пракуратуры. Я канкрэтна фармуляваў пытаньні, але фактычна ні на адно не атрымаў канкрэтнага адказу. Ёсьць юрыдычныя прычыны абмяжоўваць мой выезд з краіны, яны імі кіруюцца. Улады нават запозна зрабілі мяне невыязным. Я ўжо рэалізаваў сябе ў міжнароднай дзейнасьці.
Мяркую, што ўлады вяртаюцца да старой савецкай практыкі, калі на Варшаўскім мосьце мянялі дысыдэнтаў, а цяпер права на выезд апазыцыянэраў будуць паштучна мяняць на права выезду для чыноўнікаў. Лукашэнка за ўсю сваю кар’еру не дасягне такога ўзроўню сустрэч, якія былі ў мяне і маіх калег. Даводзілася сустракацца з Колем, Бэрлюсконі, Гаўлам, Юшчанкам і інш.
«НН»: А што яшчэ запамінаецца найбольш падчас міжнародных паездак?
АЛ: Вядома, людзі. У 1997 годзе на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ быў выступ па Беларусі, у залі было паўтысячы чалавек, усе яны стоячы віталі нашу дэлегацыю. Пасьля да мяне падышоў сталы чалавек, які літаральна стаў на калені і сказаў: «Я схіляю галаву перад мужнымі людзьмі Беларусі». Потым высьветлілася, што гэта брытанскі дэпутат Мантгомэры. Такое запамінаецца надоўга. Бывалі і сьмешныя моманты. Кожны ведае славуты выраз Жырыноўскага «Беларусь выратуе толькі снайпэр», але мала хто ведае, дзе гэта было сказана. 1997 год, Капэнгаген. Нісьцюк тады паўжартам запытаўся: «Уладзімер Вольфавіч, як Вы можаце падтрымліваць Лукашэнку?». Жырыноўскі абярнуўся і сказаў: «Я — ніколі. Беларускую праблему вырашыць толькі снайпэр». Такіх гісторый можна ўспамінаць шмат.
«Пакуль ёсьць толькі мая кандыдатура»
«НН»: У канцы красавіка пройдзе чарговы зьезд АГП. Якія ў Вас чаканьні адносна яго?
АЛ: Мы рыхтуем праекты двух важных дакумэнтаў. Першы — пасланьне АГП да грамадзян Беларусі. Проста ў красавіку з сваім пасланьнем зьвяртаецца і Лукашэнка. Мы лічым важным, каб было два погляды на праблемы і іх рэалізацыю. Другі дакумэнт — стратэгія партыі да 2011 г. Безумоўна, будзе разглядацца пытаньне новага кіраўніцтва.
У нас ужо абазначыўся працэс партыйнага абнаўленьня. У Менску, Менскай вобласьці і Віцебскай да кіраўніцтва структур АГП прыйшлі новыялюдзі, маладыя. Я б нават сказаў, што яны болей мэнэджары, чым палітыкі.
Што да старшынства ў партыі, то на сёньня ёсьць толькі мая кандыдатура. Тут ёсьць і плюсы, і мінусы. Асабіста мяне больш задавальняе, калі ёсьць канкурэнцыя, бо яна прымушае людзей прыўносіць у партыю нейкую новую дынаміку, ідэі. Можа, на зьезьдзе зьявяцца іншыя кандыдатуры.
«НН»: А калі не сакрэт, што новага чакаецца ў стратэгіі АГП на бліжэйшыя гады?
АЛ: У 2003 г. мы былі ці не галоўнымі ініцыятарамі аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сіл. Цяпер ізноў ідуць размовы, што павінны быць створаныя правыя, левыя, цэнтрысцкія кааліцыі. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы розныя, у нас ёсьць свае праграмы і сьветапогляды, але ўсе мы знаходзімся ў адной жалезнай клетцы. У стратэгіі, канечне, будзем адстойваць тое, каб у 2011 г. мы выйшлі з адзіным кандыдатам.
«НН»: А сама АГП не зьбіраецца на зьезьдзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзыдэнты?
АЛ: Такі пункт можа прысутнічаць, але ён ня будзе галоўным. Галоўнай будзе працэдура, якую мы прапануем для вылучэньня адзінага. Што да майго ўдзелу ў выбарах, то я не хацеў бы забягаць так далёка.
Выпрацоўка працэдуры абраньня пакуль важней, чым асабістыя амбіцыі. Мы прапаноўваем правесьці шырокія «праймэрыз» выбарцаў. Кангрэс — гэта толькі частка людзей з дэмакратычнымі перакананьнямі. Наша задача прапанаваць такую працэдуру, якая ў вызначэньні адзінага закране як можна больш людзей. У Баўгарыі некалі ў падобных «праймэрыз» узялі ўдзел каля 600 тысяч чалавек. Легітымнасьць такога кандыдата была б значна большай.
«Вынік перадусім, а ўжо потым крыўды»
«НН»:У 2005 годзе было крыўдна не да¬браць некалькіх галасоў, каб стаць адзіным кандыдатам?
АЛ: Канечне, эмоцыі прысутнічалі. Мы ж усе жывыя людзі. Унутры АГП сытуацыя была вельмі хісткай, большая частка людзей нават адмаўлялася ўдзельнічаць у той кампаніі. Я быў вымушаны паставіць умову: альбо я сыходжу з кіраўніцтва партыі, альбо мы выконваем нашы абавязкі. Большасьць людзей працавала ў штабе адзінага кандыдата, але былі і тыя, хто застаўся збоку. Мы палітыкі, таму павінныя разумець, што вынік перадусім, а ўжо потым розныя крыўды.
«НН»: Якія сёньня Вам бачацца галоўныя памылкі прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году?
АЛ: Мы занадта позна сфармулявалі выразную пазыцыю адносна вуліцы. Для часткі лідэраў, ня будзем высьвятляць каго, галоўным было, як перажыць 19 сакавіка, а ня што рабіць у гэты дзень. Я разумею, што ў людзей ёсьць родныя, блізкія, але ўсім нам не хапіла мужнасьці. Мілінкевіч выйшаў з кампаніі з пэўным палітычным капіталам, але ён ня лепшым чынам ім распарадзіўся ўжо пасьля выбараў. Яму самому трэба было ініцыяваць правядзеньне Кангрэсу, каб зрабіць справаздачу і прапанаваць новыя пагадненьні, але ягоныя дарадцы параілі іншы варыянт. Мілінкевіч і Казулін маюць пэўныя прэфэрэнцыі на лідэрства. У першага напрацаваная вялікая вядомасьць, у другога — самаахвярнасьць. Яны цяпер наперадзе, але гэта ня значыць, што на фінішы іх ніхто не абгоніць.
«Я бяру гэтую акругу і адказны за яе»
«НН»: На парлямэнцкіх выбарах спадзеяцеся перамагчы на сваім участку?
АЛ: Калі будзе сапраўдны падлік галасоў, то я не магу не перамагчы. Нават чатыры гады таму, калі я ўдзельнічаў у такой самай кампаніі, ёсьць вынікі сацыёлягаў, што я атрымаў 60% галасоў. За гэты час сытуацыя для мяне і іншых дэмакратычных кандыдатаў толькі палепшала. Ёсьць пратэстныя настроі сярод тых, у каго адабралі льготы, сярод прадпрымальнікаў, настаўнікаў. Разам з тым, я сам ініцыяваў рашэньне аб абмежаваным удзеле ў выбарах.
Мы павінныя пакінуць за сабой права на апошнім этапе зьняць усіх сваіх кандыдатаў. Нам непатрэбны байкот, бо байкот актывістамі часта ўспрымаецца так — ляжаць на канапе і нічога не рабіць. Я сам удзельнічаў у байкоце і ведаю, што зусім нямногія ўспрымаюць яго як цяжкую працу. Мы будзем браць удзел ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі, бо важна данесьці сваё меркаваньне да выбарцаў. Выкарыстаць выбарчую кампанію, каб мабілізаваць людзей да выхаду на вуліцу. Я прапанаваў усім нашым лідэрам узяць акругу ў Менску і папрацаваць звычайным палявым камандзірам. У любым выпадку ўсе падзеі будуць разгортвацца ў сталіцы, таму важна, каб 20 чалавек з амбіцыямі агульнанацыянальнага лідэра, сказалі: «Я бяру гэтую акругу і адказны за яе». Пры ўсёй павазе да пэўных маладых людзей, якія будуць балятавацца ў Менску, ім правесьці такую мабілізацыйную кампанію значна цяжэй, чым Мілінкевічу, Шушкевічу, Статкевічу, Баршчэўскаму, Лябедзьку.
«У адной руцэ трымаў клюшку, у другой — мыліцы»
«НН»: Сп.Анатоль, адкуль у Вас такі баявы характар, які часта праяўляецца на мітынгах?
АЛ: У дзяцінстве досыць часта біўся падчас нейкіх футбольных ці хакейных баталій. Памятаю, некалі пацягнуў жыльле, хадзіў на мыліцах, але ўсё адно прыйшоў на хакей. Мяне паставілі на вароты. У адной руцэ трымаў клюшку, у другой — мыліцы. Відаць, падчас гэтых спартовых спаборніцтваў і выпрацаваўся характар змагацца да канца. Я і цяпер кожную суботу гуляю ў футбол зь сябрамі палітыкамі, журналістамі, з самымі рознымі людзьмі.
«НН»: Да бацькоў у Трылес [вёска за Стоўпцамі] часта езьдзіце?
АЛ: Трэ было б часьцей, але не заўсёды ўдаецца. Бацька мой усё жыцьцё працаваў на зямлі. Ён з пароды тых, каго ў 1930 я раскулачвалі. Чалавек фантастычна працавіты і сквапны да працу. У яго заўсёды было больш зямлі, чым трэба. Ён выяжджаў у лес, дзе раскарчоўваў дзялянкі, і радаваўся як дзіця, калі старшыня калгасу зь пяці дзялянак знаходзіў толькі дзьве. Яму ўжо 70 гадоў, а ўсё яшчэ працягвае трымаць вялікую гаспадарку, бо ня можа інакш. У маці маёй адзіны боль — калі я ўжо скончу займацца палітыкай, яна вельмі веруючы чалавек. Бацькі слухаюць радыё «Свабода».
«НН»: Бульбу саджаць дапамагаеце?
АЛ: Калі Лукашэнка кажа, што апазыцыя вырасла на асфальце, то гэта поўная бязглузьдзіца. Я сам чатыры гады адпрацаваў на жніве. Дзякуй Богу, што бульбы меней цяпер сталі саджаць. Раней цэлы гектар засявалі, што памерці можна было, пакуль выкапаеш.
«Мне пашанцавала, што сям’я мяне разумее»
«НН»: Як ставіцца сям’я да пастаянных арыштаў?
АЛ: Нядаўна палічыў, што ўжо сем разоў быў на Акрэсьціна. Мне пашанцавала, што бацька, жонка, сын — усе мяне разумеюць.
Я ведаю людзей у палітыцы, у якіх, калі яны прыходзілі дадому, адкрываўся новы фронт. Яшчэ больш цяжкі, бо гэта родныя людзі. Хаця раз пораз і жонка кажа, каб кідаў палітыку, ня кажучы пра маці.
Толькі бацька заўсёды на маім баку, бо лічыць, што нехта ж гэта павінен рабіць.
Сын ходзіць са мной на ўсе акцыі, але ў яго няма вялікай цягі да палітыкі. Сёлета ён канчае вучобу, пытаньне працаўладкаваньня стаіць досыць востра. Калі чуюць прозьвішча Лябедзька, то ўсе адмаўляюцца.
Мой пляменьнік некалі з дурніцы хацеў пайсьці працаваць у міліцыю, калі высьветлілі прозьвішча, то ніхто ня ўзяў. У мяне быў досыць страшны выпадак, калі загінуў родны дзядзька. Так здарылася, што я ня змог прыехаць на пахаваньне, бо адзін зь сямейнікаў займае вельмі высокую пасаду. Гэта сапраўдная трагедыя.
«НН»: А наадварот, прозьвішча дапамагала некалі?
АЛ: Вось вымушаны цяпер аддаць машыну ў рамонт, дык у грамадзкім транспарце падыходзяць людзі, вітаюцца. Яны надаюць пазытыву.
«Лукашэнка прапанаваў мне ўзначаліць мытны камітэт»
«НН»: Час ад часу Вас усё яшчэ папікаюць тым, што ў 1994 годзе былі ў камандзе Лукашэнкі. Ставіцеся да гэтага спакойна?
АЛ: Ёсьць такое. На мяне сёньняшняга часта глядзяць праз прызму таго часу. Кажуць, ён зрабіў Лукашэнку прэзыдэнтам. Каб гэта было так лёгка, то я б ужо нарабіў дзясятак дэмакратычных прэзыдэнтаў. Ворагам тады быў не Лукашэнка, пагроза сыходзіла ад Кебіча. Была рэальная пагроза сувэрэнітэту, Кебіч вёў сябе як савецкі сакратар, які браў чамадан «Белавескай» і ехаў вырашаць пытаньні. Гэта прывяло да таго, што частка дэмакратаў падтрымала Лукашэнку. Я спакойны, бо ведаю, што ніколі не гандляваў сваімі поглядамі.
«НН»: А як потым разьвіваліся Вашы з Лукашэнкам стасункі? Можа, прапаноўвалася нейкая пасада?
АЛ: Прапановы былі насамрэч. Многія лічаць, што мне прапаноўвалі і Міністэрства замежных справаў, і Міністэрства адукацыі, але гэта няпраўда. Калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі, то мне прапаноўвалася ўзначаліць прэзыдэнцкі савет. Мне было насамрэч цікава, бо задумваўся орган як пасярэднік між грамадзянскай супольнасьцю і ўладай. Але я ня бачыў палажэньня гэтага савету, узьнікла паўза. Пасьля былі белыя плямы ў газэтах і г.д. Да лета 1995 году ў нас не было з Лукашэнкам ніякіх камунікацый. Была ідэя правядзеньня круглага стала між уладай і прадстаўнікамі грамадзкасьці. Я размаўляў з Лукашэнкам амаль паўтары гадзіны. Ён казаў: «Анатоль, дарэмна ты сышоў. Давай паезьдзім разам па рэгіёнах, паглядзі, як да мяне ставяцца людзі. Вазьмі канкрэтную справу». Ён прапанаваў мне ўзначаліць мытны камітэт. Я сказаў, што мяне задавальняе статус дэпутата Вярхоўнага Савету. Тады бяры віцэ прэм’ера ў сацыяльных пытаньнях, кажа Лукашэнка. Я зноў адмовіўся. Пасьля гэтага мы зь ім не кантактавалі.
«НН»: Напісаць мэмуары ня хочаце? Мо ўжо пішуцца паціху?
АЛ: Не, не пішу, бо няма часу. Я ўсё ж практыкуючы палітык. Калі ёсьць вольны час, то бяру маладых людзей і ежджу раскідаць у паштовыя скрынкі газэты.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме