14:15 05.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Кася Камоцкая
12:07, 5 Апреля | Александр Томкович
Заўжды, калі гаворка ідзе пра беларускі рок, нагадваюць яе прозвішча. І таму ёсць падставы. Кася Камоцкая – самая вядомая выканаўца.
- Нарадзілася ў Мінску. Бацькі таксама адсюль. 22 чэрвеня 1963 года. Дзень пачатку ў 1941-м вайны. Гэта для адных. Для іншых свята Святога Яна. Кася – Кацярына.
Мой дзед па бацьку загінуў на фронце. Ён зусім малым стаў бежанцам з Заходняй Беларусі падчас першай сусветнай вайны і нават не ведаў, як яго дакладна звалі. Ці Міколам, ці Васем. Імя выбраў сабе сам, таму мой бацька і стаў Васілевічам. Прозвішча ў яго Чалэй. Вельмі распаўсюджанае, асабліва на Беласточчыне. Зразумела, што яно было і маім дзявочым.
Абодва, і маці і бацька, скончылі фізфак і, дарэчы, вучыліся разам з Шушкевічам. Бацька потым увесь час з ім працаваў ва ўніверсітэце. Выкладае і дагэтуль, толькі цяпер пагадзінна. Маці, калі зразумела, што фізіка – гэта не яе, перайшла працаваць на тэлебачанне. Спачатку вяла навукова-папулярныя перадачы, потым жаночыя. Працавала там вельмі доўга. Ведаеце праграму “Алеся”? Так што вы ў нейкім сэнсе працягваеце яе тэму.
Пазнаёміліся яны яшчэ ў дзяцінстве. Сябравалі. Разам сталі абітурыентамі. Як кажуць, “за кампанію”. Нічога ў жыцці не трэба рабіць “за кампанію”, асабліва калі гаворка ідзе пра адукацыю.
- Калі ласка, некалькі слоў пра дзеда па матчынай лініі?
- Ён нарадзіўся ў Вільні. Але пра сям’ю яго я ведаю мала.
А бабуля па матчынай лініі нарадзілася ў Асіповічах, там яе бацька на чыгунцы працаваў. Здаецца, таксама бежанцамі былі падчас першай сусветнай.
Бабуля, якая была маці бацькі, жыла ў Крыме. Яе айчым служыў наглядчыкам маяка. Яна жыла на беразе мора, у школу плавала на чоўнах. Рамантыка.
Мабыць, у мяне ў генах ёсць нейкая настальгія. Нягледзячы ні на якія заморскія цуды, я ўвесь час, калі ёсць магчымасць адпачыць, еду ў Крым. Хоць там і поўны савок, вакол бруд і гэтак далей, а па коштах – “поўная Турцыя”. Мяне туды нешта цягне. Мабыць, таму, што не маю блізкіх сваякоў у вёсцы.
Першы раз у вёску я паехала на першым курсе універсітэта, падчас “бульбы”. Уражанне было такім моцным, што мяне вельмі хутка адправілі хворай назад у Мінск. Такім чынам, з вясковай Беларуссю я сустрэлася ў вельмі сталым узросце і не магу сказаць, што гэта была вельмі пяшчотная сустрэча. Канешне, з часам прыйшло іншае разуменне, але не магу сказаць, што я любіла вёску заўсёды. Так, мне вельмі падабаецца беларуская прырода, а сялянскае жыццё выклікае іншыя асацыяцыі – бытавыя недасканаласці.
- Вы былі адзіным дзіцём у бацькоў?
- Не. Мая старэйшая сястра Алена загінула ў аўтамабільнай катастрофе. Гэта было вельмі даўно.
Па яе слядах пайшла ў 24-ю нямецкую спецшколу, якую я дзесяць год і “пратарабаніла”.
- Вы, мабыць, добра ведаеце нямецкую мову?
- Ва ўсякім выпадку, дагэтуль чытаю без слоўніка. Размаўляць не магу, таму што практыкі не маю. Была ў Францыі, Англіі, Даніі і яшчэ шмат у якіх краінах, але ніколі не была там, дзе размаўляюць на нямецкай мове. Проста дзіўна. Усё яшчэ наперадзе.
Вучылася добра. Здаецца, што ўвесь універсітэт прайшла на ведах школы. Наш дом стаіць на праспекце, насупраць цырка. Яго будавалі палонныя немцы. Толькі раней там былі камуналкі. Мая бабуля працавала на радыё. Менавіта ёй кватэру і далі.
У футбол не гуляла, але лялькі разбірала на анатамічныя “запчасткі”.
У нашым двары самая важная гульня была - партызаны. Сутнасць у наступным. Мы лезлі пад стол. Стол накрывалі шчыльным абрусам. Гэта была “зямлянка”. Туды ставілі амаль вядзёрны самавар вады. Акраюшак хлеба і салонку з соллю. Было ўяўленне нейкай партызаншчыны. Часам мы рабілі вылазкі - паўзком да бліжэйшага акна. Мабыць, нешта ў гэтым адпавядала рэчаіснасці, таму што мая маці са сваімі бацькамі сапраўды былі ў партызанах. Гэта быў так званы сямейны лагер. Там былі каровы, нейкая гаспадарка. Туды пасля рэйдаў накіроўвалі байцоў адпачыць. Хутчэй за усё, за нашай гульнёй і стаялі ўспаміны маці.
Гулялі толькі ўдваіх з сяброўкай. Нікога не палохалі дзіцячай зброяй, не бралі ў палон. Проста сядзелі пад сталом і пілі ваду з хлебам. Гульня падабалася толькі нам. Ніхто не бачыў кайфу ў тым, каб сядзець пад сталом.
Яшчэ любілі праехацца на каньках па паркеце.
- І гэта не выклікала пытанняў?
- Не. Можа, калі б быў адзін гаспадар у кватэры, то яны і былі б. Але гэта была агульная кватэра. Калідор там доўгі, і ніхто не звяртаў увагі, што мы робім з паркетам. Так заўжды адбываецца, калі нешта нічыйнае.
Школу скончыла добра. У атэстаце было толькі некалькі чацвёрак. Напрыклад, па фізіцы. Настаўнік вельмі здзіўляўся – бацька з маткай фізікі, а дачка пайшла не ў іх.
Пасля школы пайшла на гістфак, але гэта абсалютна не маё. Увесь час, калі я рыхтавалася да ўступных экзаменаў, тэлефанаваў настаўнік матэматыкі і гаварыў, што я раблю вялікую памылку, таму што па думках я - матэматык.
Справа ў тым, што я на той час была вельмі хітрая, школа ўсё ж такі добрая. Прыйшла ў БДУ і паглядзела, куды трэба паступаць, каб не было ніякіх лабараторных, кантрольных і г.д. Таму і абрала гістарычны факультэт. Галоўнае, вывучыць даты, а ўсё астатняе – “бла-бла-бла”. Звычайная гаворка.
Такім чынам, выбар быў вельмі лагічным. І не шкадую аб ім ніколі. Я не захапілася гісторыяй, аднак некаторыя рэчы сталі больш яснымі і асэнсаванымі. А не проста на ўзроўні эмоцый. Таму я рада, што паступіла на гістфак. Аднак гэта было цалкам выпадкова, звязана з маёй асабістай лянотай. Я ўвогуле лічыла, што вучыцца - гэта глупства. А паступіць вырашыла, каб быць як усе. З нашага класа без вышэйшай адукацыі засталіся толькі двое.
- І кім вы павінны былі пасля гістфаку працаваць?
- Пасля БДУ я адразу ж пайшла ў аспірантуру. З трэцяга курсу ў мяне была іншая спецыялізацыя. Зараз гэта называецца сацыялогіяй, а раней было навуковым камунізмам.
Калі б абаранілася, стала б кандыдатам філасофскіх навук. Але гэтага не адбылося – жыццё змянілася, і сэнсу ў тыя (другая палова васьмідзесятых) часы ніякага не было.
- Вельмі цяжка ўявіць, як вы вывучаеце навуковы камунізм... Бо яго на самой справе не было.
- Не было навукі, але былі вельмі цікавыя людзі. Выкладаючы навуковы камунізм, яны расказвалі проста дзіўныя рэчы. Напрыклад, пра Кастуся Каліноўскага.
Мой выкладчык Адам Пятровіч Мельнікаў вельмі сур’ёзна ілюстраваў свае тэзісы прыкладамі з твораў Васіля Быкава, якія нават я, “беларуская нацыяналістка”, на той час не чытала.
Дарэчы, былі лекцыі па беларускай мове, якія чытаў будучы першы пасол у Нямеччыне Пётр Садоўскі. Яны з’яўляліся факультатыўнымі, значыць, не абавязковымі, але заўжды збіралі поўныя аўдыторыі.
Пасля аспірантуры мяне размеркавалі ў сацыялагічную лабараторыю пры БДУ. А потым сваё ўзяў рок-н-рол.
- Як гэта здарылася?
- Я ўвогуле лічу, што чалавек спачатку пачынае спяваць, а потым размаўляць. І не толькі калі дзіця плача. Ёсць немыя людзі, якія не могуць гаварыць, але могуць спяваць.
У школе я сама навучылася граць на гітары, бо ў дзяцінстве ў музычную школу мяне не прынялі. Калі хацела сама, сказалі, што не падыходжу. Праўдзіва кажучы, вельмі ўдзячная за гэтае, бо мне вельмі шкада дзяцей, якія пасля заняткаў у школе яшчэ і займаюцца “музыкай”.
Спявала. Зразумела, займалася мастацкай самадзейнасцю.
Ва універсітэце пазнаёмілася з Алесем Камоцкім. Хутка пажаніліся і пачалі рабіць нейкія сумесныя дуэты. Якія доўга не пратрымаліся, бо ў нас цалкам розныя галасы.
Пачала спяваць адна, бо ўжо спыніцца было немагчыма. Каб зрабіць запіс на радыё, Камоцкі параіў мне свайго гітарыста. Так пачалося “Новае неба”, якое спачатку было цалкам акустычным – дзве гітары, віяланчэль і скрыпка. Потым з’явілася і нешта электрычнае.
У той час (ды і зараз таксама) немагчыма было адначасова жыць рок-н-ролам і недзе працаваць. Нават калі работа і была вельмі добрай, як у нас.
Пасля звальнення спачатку была на “вольных хлябах”, а потым пайшла працаваць у часопіс “Спадчына”, дзе займалася ў большасці перакладамі з польскай мовы на беларускую. Дарэчы, польскую мову я нідзе не вывучала. Яна прыйшла “сама па сабе”. Тым больш, што там патрэбы ў асаблівых ведах не было – перакладалі гістарычныя метрыкі.
Калектыў падабраўся проста цудоўны – Вячорка, Ракіцкі, Чаропка і г.д. Словам, усе свае.
Класна!
Было гэта ў перыяд чарговай адлігі. І мяне запрасілі ў складзе гурта “Новае неба” працаваць у “Белканцэрт” пры філармоніі. Нават у працоўнай кніжцы ёсць запіс – салістка-вакалістка другой катэгорыі. Чаму не першай? Таму што не было музычнай адукацыі. Першую даць ніяк не маглі, таму што я была павінна прайсці нейкую атэстацыю. Таму я з задавальненнем і пагадзілася на другую.
Прабыла там даволі доўга. Нават калі прыйшоў Лукашэнка, нас адразу ж не звольнілі. У сягонняшняй сітуацыі такое проста немагчыма.
Мы ў нейкім сэнсе не адпавядалі профілю “Белканцэрту”, таму выступленняў амаль не было.
За гэта нас вельмі жорстка крытыкавалі. Выратоўваў, царства яму нябеснае, Віктар Вуячыч. Ён заўжды падымаўся і з пафасам казаў – маладыя групы павінны быць у творчым пошуку. З намі зноў заключалі кантракт на наступны год.
- Чаму менавіта “музыка бунту”? Для кар’еры было лепш нешта папсовае?
- Я ніколі не лічыла сябе артысткай. Таму быць на эстрадзе для мене – не самамэта. І зараз не лічу гэта наркотыкам і не разумею, калі нехта кажа, што жыць без сцэны не можа. На сцэну трэба выходзіць, калі ёсць што сказаць. А не проста так. Менавіта таму я не люблю буйныя фестывалі, як, скажам, Басовішча. Там ніхто нікога не слухае. Моладзь прыязджае балдзець і адрывацца. Асабліва калі ты хочаш сказаць тое, што вельмі важна для цябе, тое, што ты хочаш данесці да іншых людзей. А публіцы на гэта напляваць. У такіх умовах спяваць не жадаю. Таму аддаю перавагу маленькім залам і клубам.
- А як вы ставіцеся да таго, што рок-князёўна зараз іншая?
- Я была ёй два разы, а на трэці адмовілася. Справа ў тым, што “Рок-каранацыю” задумвалі мы самі. Назва належыць Міхалу Анемпадыству. Гэта аўтар “Народнага альбома” і шмат якіх маіх песень. Канцэпцыя вельмі правільная – беларуская “Грэмі”.
“Рок-князёўну”, хутчэй за ўсё, прыдумалі для мяне, бо іншых жанчын на рок-сцэне тады не было. Таму я лічу, што гэты тытул не адлюстроўвае маю перамогу над кімсьці, а сведчыць пра ўвагу да жанчыны на беларускай рок-сцэне.
Зараз ёсць шмат гуртоў з жаночым лідэрствам, што ўзбагачае беларускую сцэну. Тытул для іх – арыенцір.
На трэці раз я адмовілася па прычыне таго, што для іншых гэта было важней. Вельмі рада, што трэцяй “Рок-князёўнай” стала Вераніка Круглова з “Крыві”.
- Наколькі я ведаю, у вас адна дачка?
- Так. Кася Камоцкая. Імя мы з Камоцкім выбіралі цэлы месяц, але да канчатковага варыянта тык і не прыйшлі. Часу больш не было, а Кася – слова знаёмае.
Так здарылася, што шмат гадоў таму мы развяліся.
Мой другі муж – рэжысёр дакументальнага кіно Віктар Корзун.
Алесь з Віктарам у вельмі добрых адносінах. Яны нават больш паміж сабой сябруюць, чым са мной. У іх больш агульных інтарэсаў.
- А ў чым сэнс шчасця, на ваш погляд?
- Мне падаецца, што гэта нейкае імгненнае адчуванне.
Другие главы из книги А.Томковича "Женщины":
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме