22:15 30.03.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Вольга Іпатава

19:20, 30 Марта | Александр Томкович

Зразумела, пісьменніца з такім прозвішчам пра сябе мне расказала пісьмова. І зрабіла гэта, як заўсёды, вельмі добра. Яна ўвогуле не ўмее што-небудзь рабіць не на самым высокім узроўні.

-З чаго для вас пачынаецца Бацькаўшчына?

-Я нарадзілася ў  Міры,  у першыя хвіліны 1945 года. І, як мне здаецца, гэтае перапляценне розных акалічнасцей: чароўная навагодняя ноч, год Перамогі над фашызмам і, нарэшце, блізкасць Мірскага замку -  вызначыла тое, чым я буду займацца ў  сваім жыцці і якім яно будзе. Да таго ж, блізкімі партызанскімі сябрамі маіх бацькоў былі Янка Брыль і Уладзімір Калеснік – і абодва яны, жартуючы, гаварылі, што ведаюць мяне яшчэ да нараджэння. А гэта значыць, што зычлівыя іх пажаданні маёй маладой маме (яшчэ тады будучай) я, мабыць, так ці іначай адчула, бо, кажуць,  нават не народжанае дзіця ўсё адчувае вельмі тонка і дакладна.
Я была першым дзіцём у гэтай сям’і, якая нарадзілася ў  выпрабаваннях  акупацыйнага жыцця ( васемнаццацігадовая акушэрка Мірскай бальніцы ўхітрылася вызваліць з нядбайна зачыненага хлеўчука палоннага партызана), і, нажаль, апошнім: 12 снежня 1949 года мая маці памерла  разам з ненароджаным хлопчыкам, а нас  — бацьку, маю цётку Зіну і мяне – удалося выратаваць.  Памірала мама ўжо ў Навагрудку, куды перавялі  бацьку загадчыкам раённага фінаддзела ( якраз жа гэтае ягонае павышэнне і святкавалі ў Міры, дзеля чаго забілі парсюка, які, як пасля высветлілася, быў заражаны трыхінелёзам). Яна гатавала каўбасы, печыва, каштавала фарш, першаю захварэла, і толькі ў Менску ( што пасля выратавала ўсіх нас) вызначылі  трыхінелёз — загадкавую хваробу, якой не маглі даць рады ў раённай бальніцы

У першых маіх дзіцячых успамінах перамешваецца бязмерная радасць жыцця і яго трагізм. То я з асалодай грызу салодкія ільдзінкі з лужыны ля  вялізнага чырвонага замка ў Міры, то з жахам адбіваюся ад медсясцёр, якія  сілком ліюць мне, чатырохгадовай, у рот  спірт (адзіныя на той час лекі). То радасна бягу да бацькі па велізарнаму калідору ( і цяпер не магу без хвалявання бачыць гэты даўні, яшчэ з даваенных часоў будынак у Наваградку), то з плачам упіраюся і не хачу ісці да чорнай купкі людзей на заснежаных могілках, нібыта маё супраціўленне не дасць пакласці ў разяўленую пашчу магілы худзенькае маміна цела...

Потым, праз нейкі год, адбылася няўдалая спроба бацькі знайсці мне маці. Няўдалая таму, што выхавацелька  дзіцячага садка, куды я хадзіла, перастала быць ласкавай да мяне, як толькі зрабілася мачыхай. Калі яна нарадзіла   сваё  дзіця, мяне, як  лішні рот, адвезлі да бабулі ў Бешанковіцкі раён. І гэта было шчасце. Бо каб не было гэтай  даволі вялікай на тыя часы вёскі Забелле з двума асляпляльна сінімі азёрамі навокал, вясковай беларускай школкі і бабулі Вольгі  - у мяне не было б дзяцінства. А пасля, калі захварэла бабуля, давялося вярнуцца да мачыхі.  І ад гэтай, амаль як у фільме “Папялушка”, мачыхі я збегла якраз пасля заканчэння пятага класа Таркачоўскай школы Дзятлаўскага раёна, куды бацьку паслалі як камуніста старшынёй калгаса.  Зноў жа – гэтыя ўцёкі сталіся для мяне шчасцем, таму што мяне ўладкавалі ў Гродзенскі дзіцячы дом № 1, а гэта значыла, што пры ўсёй суровасці дзетдомаўскага побыту, гэта было  раем у параўнанні з жыццём, якім я жыла дагэтуль. Там, у Гродна, я пачала пісаць свае першыя вершы, якія выбраў для друку  Міхась Васілёк, там мною сталі апекавацца Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, а праз іх я пазнаёмілася з Ларысай Геніюш і стала прыязджаць да яе ў Зэльву.   

Іхняя мужнасць і  любоў да Беларусі размылі ў маёй душы ўсе тыя ідэалагічныя штампы, якія паспяхова прывіліся ў душах большасці нашых грамадзян. Заканчваючы школу, я ведала, што Паўлік Марозаў быў не герой, а ахвяра свайго часу, што Сталін паклаў мільёны жыццяў у падмурак краіны СССР і што беларуская ідэя бязлітасна нішчылася стагоддзямі, як нішчыцца яна і зараз. Я чытала Салжаніцына і  беларускую эмігранцкую прэсу, якую час ад часу недзе даставаў нястомны Аляксей Карпюк, а таксама бачыла цкаванне, якое  ўжо тады ўсчынялі супраць Васіля Быкава. Але, канешне, у свае шаснаццаць гадоў ( я скончыла школу ў 1961 годзе), я была яшчэ даволі наіўнай і рамантычнай дзяўчынкай, бо марыла  стаць не кім іншым, як...акторкай. Мой пыл астудзіў Аляксей Нічыпаравіч. “Оля, ты ж, мабыць, марыш  граць ролі Джульет ці прынцэс, — з’едліва заўважыў ён, калі я прызналася ў сваёй мары. — А будзеш вечна граць чарапашак Тарціл: паглядзі на свой рост!”

-Такім чынам, у Гародне адбыўся ваш літаратурны дэбют?

-Так.Чарапашак граць я ніяк не хацела, таму выбрала філфак. Памятаю, як прыехала здаваць экзамены ў Мінск – у кішэні было дзесяць рублёў, якія  выдалі ў дзетдоме, і білет ў Віцебск, які мне выслала цётка Зіна. Экзаменаў я не баялася, больш цікавым быў мне сам Мінск – вуліцы, музеі, асабліва гістарычны. У Мінску жыла сям’я Дуднікавых, якія сябравалі з маімі бацькамі: мама мая выратавала ў час вайны цяжарную маладзіцу Розу, якой пагражала небяспека  і як яўрэйцы, і як  жонцы  чырвонага камандзіра, і цяпер гэтая сям’я прымала мяне як родную. Цётка Роза, здаецца, нават паглядала на мяне як на магчымую нявестку, але  ейны сын Лёня ставіўся да мяне як да сястрычкі. Вось з Лёнем мы і гулялі па вуліцах Мінска ды хадзілі па музеях.  У мяне было прадчуванне, што універсітэт нікуды ад мяне не дзенецца. Так яно і сталася, вось толькі пасля паступлення я даведалася, што мне трэба вяртацца назад – мы ж, былыя школьнікі, цяпер сталі “установачнікамі.” Што гэта значыла? Паводле нейкай чарговай  вучэбнай рэформы  былыя школьнікі мусілі год  працаваць і адначасна лічыцца студэнтамі, дзеля таго, каб глыбей спазнаць жыццё.
Але куды было вяртацца дзетдомаўцам? Дзе жыць? Ніхто ж назад у дзетдом цябе не прыме, і нам трэба было застацца ў Мінску, у інтэрнаце. Але вырашыць гэтае пытанне мог толькі дэкан. Таму мы – мая  новая сяброўка Саша Ровіна і я — пайшлі да Міхася Рыгоравіча Ларчанкі.

- Які інтэрнат? – замахаў ён рукамі.—Тут і на сваіх месца няма, а вы яшчэ не нашыя...

 Але бязвыхаднасць надала нам мужнасці.

- А дзе мы тут знойдзем кватэру і хто нам будзе яе аплачваць? – кінуліся мы ў наступленне. — Вы што, хочаце, каб мы на панэль пайшлі?!

Гэтае «панэль» ( начыталіся літаратурных твораў!)  моцна паўздзейнічала на Міхася Рыгоравіча. Ён замоўк і нейкі час углядаўся ў нас, асабліва чамусьці ў мяне, нібыта прымяраючы да той самай «панэлі». Пасля засмяяўся і  стаў нешта пісаць на паперцы.
 

Ад яго мы выйшлі з распараджэннем гаспадарнікам уладкаваць нас у студэнцкі інтэрнат. А на працу  сакратаркай у Дзяржарбітраж, які месціўся ў будынку сённяшняга аблвыканкама, уладкавала мяне цётка Роза. Так я год і адбарабаніла на машынцы, набываючы ўсё большы імпэт, розныя акты праверак ды юрыдычных  рашэнняў па розных судовых справах. А восенню прыйшла на другі курс ужо як паўнапраўная студэнтка.

Універсітэт я скончыла ў 1967 годзе, перайшоўшы на трэцім курсе на завочнае аддзяленне. Вучыцца без аніякай падтрымкі было надта цяжка. Самыя бедныя студэнткі маглі паехаць у вёску і прывезці адтуль кавалак сала ці  мяшэчак бульбы, каб дацягнуць да мізэрнай стыпендыі ў 28 рублёў. Мне ж ехаць не было куды, хіба што да цёткі Зіны, якая і сама тулялася  ў Віцебску па чужых кватэрах дый утрымлівала бабулю Вольгу. Туды я і паехала, калі вырашыла пераходзіць на завочнае, каб хаця недзе перабыць, пакуль уладкуюся на працу.

Жыла я ў яе тыдзень, і ён запомніўся мне на ўсё жыццё. Сырая «времянка», бесперапынныя стогны бабулі – і снег  на шыбах знутры, якраз перад маімі вачамі ( мы спалі на адным ложку ўтраіх, я ля сцяны, а хворая бабуля пасярэдзіне, каб не замерзла). Грошай на дровы не было. Але не замярзаць жа нам усім!  Выхад знайшоўся: за тры прыпынкі  размяшчаўся дрэвабудаўнічы камбінат, дзе пад снегам макрэлі тоны трэсак, нікому не патрэбных. Ды былі яны на ахоўваемай тэрыторыі. І таму мы з цёткай, набіваючы два мяхі гэтымі вільготнымі трэскамі, бесперастанку азіраліся, каб не заспеў нас  які вартаўнік, бо за «расхищение социалистической собственности» маглі даць па поўніцы. Аднак жа як ярка гарэў у той вечар агонь у нашай «буржуйцы», і як мы,  тры жанчыны, зачаравана глядзелі на агонь і радаваліся цеплыні! Я адчувала, што ў гэтай цёмнай начы ў мяне ёсць нейкі прытулак – і ўсё жыццё мне хацелася збудаваць свой дом,  свой асяродак, дзе было б заўсёды цёпла і добра...

За тыдзень я ўладкавалася на працу ў недалёкім ад Віцебска пасёлку Руба, дзе стала працаваць настаўніцай. Праца мне падабалася, аднак жа я адчула, што сумую па Гродна, па тым літаратурным асяродку.
І зноў жа  сваю ролю і на гэтым этапе майго жыцця сыграў Аляксей Карпюк. Неяк, наведваючы Віцебск, запытаўся:

- А ў Гродна хочаш?

- А ці гэта магчыма?
Але для Карпюка магчымым было ўсё ( так мне тады здавалася). Ён нават паабяцаў здабыць для мяне нейкі свой куток – ці то пакой у інтэрнаце, ці нават і кватэру (калі выйдзе кніжка). Акрыленая гэтымі надзеямі, я паехала ў Гродна.

Было лета, і Аляксей Нічыпаравіч уладкаваў мяне старшай важатай у піянерскі лагер у лясной зоне пад Гродна. Была дамоўленасць, што  восенню я пайду працаваць настаўніцай ( у Віцебску я не магла і марыць уладкавацца ў гарадскую школу). Але да восені ён знайшоў мне іншы варыянт: працу ў гарадскім камітэце камсамола. Тое, што гэта для маладой дзяўчыны нечуваная ўдача, ён растлумачыў мне коратка і катэгарычна:

- Пойдзеш, нікуды не дзенешся! Бачыш, яшчэ выкаблучваецца! Я столькі кабінетаў прайшоў, і Брыль сюды тэлефанаваў, што з тваімі бацькамі разам у партызанах быў!

Я здалася, тым болей, што працаваць у гаркаме, пасля ў абкаме камсамола было мне лёгка: я змалку была прывучаная ў любую працу ўкладаць сябе ўсю, ды і прынялі мяне там добра ( з некаторымі з былых супрацоўнікаў па камсамолу я доўгія гады падтрымлівала добрыя адносіны, нягледзячы на маю «апазіцыйнасць».) Ездзіла па арганізацыях, праводзіла розныя сходы, займалася культурна-асветніцкай працай у раёнах. Усё гэта надта прыдалося мне пасля, у час працы на тэлебачанні.

Тым часам  наладжвалася і маё асабістае жыццё: у піянерскім лагеры са мной працаваў  інструктар па фізкультуры Юры, які праз нейкі час прапанаваў руку і сэрца. Ён шчыра апекаваўся мною, і на той момант здалося, што так будзе заўжды. Усё ж я  была досыць адзінокай у гэтым свеце:  маладая мая цётка ўладкоўвала сваё жыццё, бабуля памерла. Наіўна верылася, што сям’я мужа  стане для мяне роднай, што тут мяне палюбяць і даруюць мне мой яршысты характар, крыўдлівасць і бескампраміснасць, якія ўвогуле характэрныя для дзетдомаўскіх дзяцей. Аднак жа  сталася не так. Я была «паэткай», і ў гэтым  вымаўленні адчувалася нешта сумніцельнае, аперэтачна-балаганнае, што не пасавала прыстойным людзям і выклікала насцярожанасць.  Я гэта адчувала, прыходзіла ў адчай і часам таксама дазваляла сабе эпатажнасць.  Як ні дзіўна, для нашых адносінаў пераломнай аказалася дыскусія... па Пушкіну.

Неяк у прысутнасці гасцей мой свёкар стаў цытаваць радкі Аляксандра Сяргеевіча, якога ён надта любіў, лічыўся  вялікім знаўцам ягонай паэзіі, і назваў крыніцу цытавання. І  што тузанула мяне ціха, але выразна яго паправіць! Свёкар мой узгарэўся і стаў настойваць на сваім. А я, замест таго, каб адступіць, з ім не пагаджалася. Урачыста быў выцягнуты з «Полного собрания сочинений» адпаведны том, і які ж быў канфуз, калі высветлілася, што памыляецца ён, а не я! І цяпер, калі я ўзгадваю  позірк, якім мяне  тады ўзнагародзіў гэты, увогуле, неблагі чалавек, адчуваю глыбокае раскаянне. (І пасёння, калі бачу выбрыкі маладых, памятаю сябе ў тым узросце і схільная многае ім дароўваць.)

Адным словам, праз нейкі час я засталася з  сынам Русланам (памяць пра свёкра-пушкініста) і першай кніжкай паэзіі, якой магла колькі заўгодна суцяшаць сябе ўзамен надзей на  добрую і вялікую сям’ю.

- І ўсё ж вам пашанцавала?

 - Так. Свайго нарачонага я сустрэла даволі позна і, ўзгадваючы акалічнасці нашай сустрэчы, упэўненая: лёс існуе, і многае ў нашым жыцці  прадвызначана. Трэба толькі прыслухоўвацца да свайго сэрца, і многіх памылак у жыцці можна было б пазбегнуць. Праўда, калі сінявокі фізік –ядзершчык запрасіў мяне на вальс, я і падумаць не магла, што буду кружыцца ў гэтым вальсе  вось ужо  хутка дваццаць гадоў і што запаланю яго сэрца менавіта пры дапамозе  музы Тэрпсіхоры! Мы танцавалі ўвесь вечар, нібы ўсталёўвалі нейкі свой, адрозны ад іншых рытм, які  і дасюль дае нам моц змагацца з рознымі нягодамі – заўсёды разам. Яго першая жонка была таксама дзетдомаўкай, і, паміраючы, прасіла Бога, каб чалавек, якога яна кахала,  яшчэ раз сустрэў сваё шчасце. Так і сталася, і мы заўсёды ў дзень ейнага нараджэння ходзім да магілы гэтай невядомай мне, але блізкай па духу жанчыны.

Мой муж таксама зрабіў мяне шчаслівай – сваім добрым сэрцам, адданасцю і душэўнай чысцінёй. З ім немагчыма  пасварыцца, ён бачыць ува мне толькі самае лепшае, і я стараюся гэтаму адпавядаць, хаця для жанчыны літаратура і сям’я часта бываюць несумяшчальныя. Аднак жа без ягонага клопату і імпэту я наўрад ці стварыла б свае гістарычныя раманы ці выстаяла  ў час шалёнага цкавання, калі была старшынёй Саюза пісьменнікаў.
                   ...Лёсу раптоўны і радасны дар,
                    З вуснаў сціраеш жыццёвую горыч,
                    Фізік і лірык, мудрэц і гусар  —

напісала я пра яго ў адным з вершаў, і спадзяюся, што да самага скону гэтая радасць блізкай душы будзе са мной побач.

Другие главы из книги А.Томковича "Женщины":




Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме