20:30 24.03.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сям’я чарнобыльца яшчэ жыве ў трушчобах
16:02, 24 Марта | Алесь Мікалайчанка, "Борисовские новости"
У "Барысаўскіх навінах" (№15 ад 12-18 красавіка 2007 года) быў надрукаваны артыкул "Чарнобылец адмаўляецца плаціць за кватэру".
Уласна, загаловак адлюстроўваў сутнасць узнятай праблемы: ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былы дэпутат Барысаўскага гарсавета, лідэр мясцовай суполкі БСДГ Генадзь Гаўрусёў (цяпер нябожчык) у якасці пратэсту супраць наступлення ўладаў на ягоныя сацыяльныя льготы адмовіўся аплачваць штомесячныя жыроўкі за карыстанне кватэрай на рахунак ЖЭУ-1. Генадзь Антонавіч, а яго я ведаў больш за дзесяць год, справядліва лічыў: ён паклаў уласнае здароўе на алтар Бацькаўшчыны, каб чарнобыльская радыяцыя не распаўзлася па ўсёй Беларусі, таму мае права жыць не ў трушчобе, а ў больш прыстойнай кватэры.
Нагадаю, што Гаўрусёў да самай смерці, якая здарылася 27 ліпеня 2007 года, з сям’ёй туліўся ў двухпакаёўцы барачнага тыпу па вуліцы Арджанікідзе, 20 у Барысаве. Цяпер там жывуць яго хворая дачка Марына з дзіцяткам і ўдава Алена Уладзіміраўна. Не зважаючы на вялікую страту, маці з дачкой працягваюць змагацца супраць несправядлівасці. І жанчыны, трэба зазначыць, маюць рацыю, асабліва калі ўлічыць, што Марына з маленства пакутвае на "чарнобыльскую" хваробу, якая да яе фактычна перайшла ад бацькі.
За мінулы год у праблемнай кватэры нічога не змянілася. Тая ж печка на кухні, счарнелая ад дыму, і шэрыя сырыя сцены пакояў. Затое ў архіве Гаўрусёвых шмат прыбавілася розных папер ад начальства УП "Жыллё".
...Алена Гаўрусёва паказвае два афіцыйныя адказы з высокіх чыноўніцкіх інстанцый, якія тычуцца перасялення з трушчобы ў больш прыстойнае жыллё.
"Ваш зварот, які паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваны Барысаўскаму райвыканкаму з даручэннем паведаміць Вам пра вынікі разгляду".
Васіль ДЫЛЮК, старшыня Барысаўскага райвыканкама: "Зварот Гаўрусёвай А.У. разгледжаны. Вызначана, што жылы дом №20 па вул. Арджанікідзе ў г. Барысаве, 1929 года збудавання, драўляны, нядобраўпарадкаваны, барачнага тыпу, фізічнае зношванне канструктыўных элементаў на 11 лістапада 2005 г. складала 61%, для пражывання прыгодны.
Згодна арт. 51 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, кватэранаймальнікі павінны праводзіць рамонт жыллёвых памяшканняў, якія яны займаюць, за ўласны кошт.
Адносна рамонту дома паведамляем, што бягучы рамонт выконваецца ЖЭУ-1 паводле заявак кватэранаймальнікаў.
На 2009 год запланаваны капітальны рамонт даху.
На 01.01.2008 г. маецца запазычанасць па кватэрнай плаце (у Гаўрусёвых. - Заўв. аўтара), якая складае 924.962 рублі.
Наконт пытання паляпшэння жыллёвых умоў паведамляем, што Гаўрусёў Генадзь Антонавіч знаходзіцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў пры Барысаўскім райвыканкаме з 29.03.1991 года складам сям’і чатыры чалавекі (сам, жонка, дачка і ўнук).
Заяўляльнік запрашаўся па пытанню ўключэння ягонай сям’і ў склад ЖБК на будаўніцтва кватэры ў 2003, 2005гг., аднак на выклікі не з’яўляўся".
Вось так завяршылася перапіска родных нябожчыка Генадзя з барысаўскімі чыноўнікамі і прэзідэнцкай Адміністрацыяй. Як бачна, у райвыканкаме нават не ведаюць, што Генадзя Гаўрусёва няма сярод жывых...
А цяпер - пра барак. Ён зроблены з дошак, дзе туалет тыпу "сарцір" месціцца на вуліцы, а халодная вада - у водаразборнай калонцы суседняга двара.
Мусіць, таму не выпадкова, што тэхнічны пашпарт барачнай пабудовы нават не вывешаны на сцяне, як на іншых дамах у Барысаве.
Ёсць сумненне і адносна ўваходу памянёнага дома ў генплан рэканструкцыі горада на наступнае пяцігоддзе. Нагадаю, што ў доме №20 па вуліцы Арджанікідзе, паводле гістарычных звестак, некалі размяшчалася казарма Чырвонай Арміі.
Як паведамляецца яшчэ ў адным адказе ад В. Мірановіча, першага намесніка старшыні райвыканкама, ён жа - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, "..з уступленнем у сілу з 17.12.2007 г. Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў" ад 14 чэрвеня 2007 года №239-3 кампенсацыі ды льготы сем’ям памёршых удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прадугледжаныя арт. 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", не прадастаўляюцца".
Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень: Гаўрусёў памёр, маючы за плячамі ўсяго пяцьдзесят дзевяць гадоў. Сэрца сумленнага чалавека не вытрымала барацьбы за годнае існаванне. А цяпер гэта змаганне павінна працягваць яго сям’я.
За каментарыем сітуацыі аўтар гэтых радкоў звярнуўся да Аляксандра Валчаніна з Жодзіна, старшыні Саюза "Чарнобыль" Беларусі і адначасова - старшыні камісіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі па чарнобыльскіх пытаннях і экалогіі. Дарэчы, "Чарнобыль" зарэгістраваны ва Украіне.
...Спадара Валчаніна, між іншым, уразіў знешні выгляд колішняй чырвонаармейскай казармы, дзе пражывае сям’я Гаўрусёва.
- Барысаўскія ўлады, па-першае, парушылі закон, калі зліквідавалі або "замарозілі" чаргу тутэйшых чарнобыльцаў. Кіраўнікі вертыкалі тым самым проста абяздолілі хворага чалавека, ды яшчэ прымусілі яго ўвязацца ў бюракратычную цяганіну, каб не даваць годную кватэру. Таму даводжу да ведама кіраўніцтва райвыканкама, што ў пачатку бягучага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў новае заканадаўства аб сацыяльнай абароне насельніцтва, у якім застаюцца непарушнымі льготы для ўдзельнікаў ліквідацыі чарнобыльскіх наступстваў на тэрыторыі Беларусі. Між іншым, застаецца дзеяздольным і "старое" заканадаўства. Нагадаю, што пункт адзінаццаты гэтага закона сведчыць: чарнобыльцы маюць прывілею атрымліваць першачарговае абслугоўванне на прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах службы быту, грамадскага харчавання і камунальнай гаспадаркі. Гэта азначае, што чаргу на атрыманне жылля ў свой час у гарвыканкаме ніхто не меў права скарачаць і Генадзь Гаўрусёў павінен быў атрымаць кватэру. Мяркую, паколькі чарнобылец быў актывістам БСДГ, дык яму і наладзілі хаджэнне па пакутах, бюракратыяду. Гэта ганьба для уладаў, паколькі сям’я чарнобыльца працяглы час жыве ў трушчобах.
- Што можна параіць удаве Гаўрусёвай рабіць у гэткай сітуацыі?
-Знайсці добрага адваката і распачаць судовы працэс дзеля свайго перасялення з былой казармы ў годнае жыллё. Што тычыцца Саюза "Чарнобыль", дык мы сваёй увагай не пакінем сям’ю нябожчыка і пра тое, што ўлады зрабілі з Гаўрусёвымі, раскажам уплывовым еўрапейскім колам, - зазначыў Александр Валчанін.
А пакуль сям’я памёршага чарнобыльца працягвае акцыю пратэста, якую распачаў яшчэ пры жыцці Генадзь Гаўрусёў. Яго сям’я і сёння не аплачвае камунальныя паслугі за кватэру, паколькі гора-жытло не адпавядае вызначаным стандартам.
І тым не менш чамусьці думаецца, што ў сённяшняй барысаўскай вертыкалі знойдзецца чалавек, якому не захочацца ганьбіць родны горад перад айчыннай і еўрапейскай грамадскасцю за памылкі сваіх выканкамаўскіх папярэднікаў. Няўжо так цяжка зрабіць дабро і падаць пакутнікам руку, а не камень?
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме