21:45 20.03.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Зварот Прэзыдыюму Аб’яднаных дэмакратычных сілаў
12:45, 20 Марта |
Два гады таму, у сакавіку 2006 году, дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на пляц Каліноўскага. Яны гатовыя былі ахвяраваць шмат чым, каб у Беларусь вярнулася свабода.
Мы дзякуем усім, хто ў 2006-м выйшаў бараніць сваю свабоду, годнасьць, права на выбар. Хто быў у намётавым мястэчку, хто прыносіў на пляц харч і цёплыя рэчы. Хто не пакінуў краіну ў гэты цяжкі час. Хто надалей змагаецца за незалежную, дэмакратычную, эўрапейскую Беларусь.
Напярэдадні сьвята мы прапануем уладам:
- вызваліць усіх палітычных вязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча;
- спыніць крымінальную справу супраць 14 удзельнікаў Маршу прадпрымальнікаў;
- аднавіць на працы і ва ўнівэрсытэтах выгнаных за дэмакратычныя погляды;
- скасаваць сьпіс палітычных невыязных;
- спыніць перасьлед незалежных газэтаў.
Улада мае магчымасьць праявіць мудрасьць і прыняць:
- 12 прапановаў Эўрапейскага Зьвязу для Беларусі і яе грамадзянаў;
- прапановы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьмяніць выбарчы закон і выбарчую практыку, якія дазволяць упершыню за 14 гадоў правесьці выбары сумленна і паводле стандартаў АБСЭ;
- закон, які верне студэнтам, пэнсіянэрам, “чарнобыльцам” дзяржаўныя сацыяльныя гарантыі;
- закон “Аб разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу”, які створыць нармальныя ўмовы для прадпрымальніцтва;
- праграму барацьбы з карупцыяй і бяспраўем у органах улады.
Калі ўлада возьмецца выконваць гэтыя прапановы, мы гатовыя пайсьці на дыялёг зь ёю дзеля зьберажэньня незалежнасьці нашай краіны, а таксама спрыяць пераадоленьню міжнароднай самаізаляцыі.
Запрашаем усіх, хто за свабоду і незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны, годна адсьвяткаваць 90-годзьдзе Беларускае Народнае Рэспублікі, безь якой не было б сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. 25 сакавіка а 18-й гадзіне мы зьбярэмся на сталічным пляцы Якуба Коласа з кветкамі. Аддамо даніну памяці нашым вялікім продкам, якія праявілі мужнасьць і гістарычную дальнабачнасьць. Ушануем вялікіх сыноў беларускай зямлі Якуба Коласа, Янку Купалу, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча. Нас шмат, і мы зьменім Беларусь да лепшага. Жыве Беларусь!
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме