22:30 22.02.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Таемныя сустрэчы міністра Мартынава ў Нямеччыне

20:52, 22 Февраля | Алена Струвэ,

Як стала вядомым, афіцыйны Менск зрабіў неафіцыйны сыгнал Бэрліну і Брусэлю.


Паводле прадстаўнікоў нямецкай палітычнай клясы, нядаўнюю сустрэчу міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава з кіраўніцтвам нямецкага МЗС можна разглядаць “як знак гатовасьці да дыялёгу з Эўразьвязам”. На бэрлінскія перамовы беларускі міністар прыбыў зь Мюнхэну пасьля заканчэньня 44-й міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях палітыкі бясьпекі (9—10 лютага).

Нягледзячы на ўдзел у перамовах высокага кіраўніцтва замежнапалітычных ведамстваў Нямеччыны і Беларусі, пра візыт міністра Мартынава ў Бэрлін няма ніякіх афіцыйных зьвестак. Як зь нямецкага, так і зь беларускага боку. Крыніца ў нямецкім МЗС нават на ўмовах ананімнасьці пагадзілася толькі пацьвердзіць сам факт сустрэчы.

Экспэрт Нямецкай рады па зьнешняй палітыцы Аляксандар Рар у размове са “Свабодай” таксама быў нешматслоўны:

Рар: “Я магу толькі сказаць, што сустрэча адбылася з цэлай групай нямецкіх дэпутатаў і вышэйшых прадстаўнікоў нямецкага МЗС. На ёй у вельмі адкрытай размове і вельмі жорсткім тонам як з таго, так і зь іншага боку, аднак, тым ня менш, вельмі шчыра і з даверам было праартыкулявана пра шляхі збліжэньня Эўрапейскага Зьвязу зь Беларусьсю”.

Дэпутатка Эўрапарлямэнту ад партыі “зялёных” Элізабэт Шродтэр патлумачыла скупасьць інфармацыі закрытым характарам сустрэчы.

Шродтэр: “Паводле існуючых эўрапейскіх правілаў, кантакты на вышэйшым узроўні паміж ЭЗ і Беларусьсю афіцыйна не існуюць, перадусім з тымі асобамі, якія служаць беларускаму рэжыму і адказваюць за цяперашнюю палітычную сытуацыю.Аднак такія кантакты адбываюцца. Неафіцыйныя сустрэчы афіцыйных асобаў, якія ніяк не асьвятляюцца ў СМІ”

Як кажуць нямецкія суразмоўцы, “у часе такіх сустрэчаў адбываецца штосьці большае, чым абмен вядомымі аргумэнтамі”.

Больш зьмястоўны камэнтар да візыту спадара Мартынава ў Бэрлін дала дэпутатка Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі, старшыня падкамітэту ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф.

Выступаючы на нядаўнім паседжаньні Бундэстагу, спадарыня Цапф заявіла:

“Наведаньне міністрам Мартынавым канфэрэнцыі па бясьпецы і ягоныя далейшыя перамовы ў Бэрліне прасыгналізавалі пра гатовасьць краіны да дыялёгу з Эўропай…

Мартынаў сказаў: “It takes two to tango” (“каб станцаваць танга, трэба двое”). Так, сапраўды. Аднак тое, што цяпер назіраецца паміж эўрапейскімі краінамі і Беларусью, нагадвае хутчэй ча-ча-ча ці нейкія скокі”. (Сьмяецца.)

Паводле спадарыні Цапф, Беларусь, праўдападобна, аналізуе свае праблемы. У сувязі з цяперашняй сытуацыяй з расейскімі энэргапастаўкамі краіна “эканамічна зацікаўленая ва ўмацаваньні стасункаў з Эўропай”.

“Аднак толькі дэмакратычныя рэформы ў гэтай краіне змогуць стварыць сапраўдныя падставы для супрацоўніцтва з Эўропай, для паляпшэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва і да выйсьця са стану ізаляцыі, у якую Беларусь сама ж сябе загнала”, — падкрэсьліла нямецкая сацыял-дэмакратка.

Як перакананая Ута Цапф, “Нямеччына, як і Эўразьвяз, хоча працягнуць руку Беларусі. Ініцыятыва Бундэстагу адносна зьніжэньня кошту візаў — свайго роду каменьчык у гэтым мазаічным працэсе. Гэта свайго роду галоўная заяўка на дыялёг, заяўка на танец, але на такі, як танга”.

У беларускім МЗС бэрлінскую сустрэчу ніяк не камэнтуюць. На апошнім брыфінгу для журналістаў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў чарговым разам падкрэсьліў гатовасьць Менску ўсталяваць прагматычныя стасункі з Эўропай. “Эўразьвяз — адзін з нашых найвялікшых партнэраў, найперш гандлёва-эканамічных. Гэта таксама наш сусед, які, як кажуць, даецца ад Бога”.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме