21:15 19.02.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
А.Клімаў: "Дзяржава разбураецца, калі ўлада не выконвае закон"
19:36, 19 Февраля | Вольга Караткевіч,
Вызвалены з калёніі палітык Андрэй Клімаў расказвае пра сваё зьняволеньне і разважае пра шанцы лібэралізацыі Беларусі пад ціскам Захаду.
(Караткевіч: ) "Некалькі дзён таму вы выйшлі на волю, і ў суботнім інтэрвію нашаму радыё вы сказалі, што перадусім трэба адчуць сябе свабодным. Ці вы сябе ўжо адчулі такім за гэтыя дні?"
(Клімаў: ) "На жаль, не, бо вельмі цяжка адчуць сябе свабодным у нашай краіне, дзе мы па-ранейшаму адчуваем сябе гасьцямі".
(Караткевіч: ) "Адчуваньне сябе свабодным – што гэта для вас?"
(Клімаў: ) "Для мяне гэта хутчэй за ўсё стан душы. Падчас гэтага арышту, гэтага зьняволеньня, я ўпершыню адчуў сябе чужым ва ўласнай краіне. Гэта мяне моцна выбіла з каляіны, і нават цяпер я не магу паверыць, што я на свабодзе. Я па-ранейшаму адчуваю што недзе побач "рэжымнікі", апэратыўнікі, мае "калегі па зоне", якія адстойваюць сваё месца пад сонцам на маленькім участку "зоны".
(Караткевіч: ) "Андрэю, якія былі умовы ўтрыманьня ў Мазырскай калёніі строгага рэжыму?
(Клімаў: ) "Гэта вельмі цяжкая калёнія. Найперш гэта зьвязана з тым кантынгентам, які там знаходзіцца – гэта людзі неаднойчы асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Там прыкладна 500 чалавек сядзіць за забойствы і неаднаразовыя забойствы. Гэта людзі у асноўным з сельскай мясцовасьці, якія злоўжываюць алькаголем, наркотыкамі, і ў выніку набываюць даволі агрэсіўны душэўны стан. У прынцыпе, у калёніі яны нармальныя людзі, але з боку адміністрацыі да іх асаблівае стаўленьне. Калі маіх "калегаў" нельга было нечым зьдзівіць, дык мяне шакаваў прыём літаральна зь першых хвілінаў, калі мяне на ўваходзе сустрэла агрэсія з боку адміністрацыі, агрэсія ледзьве не на ўзроўні нападу. Гэта мае раздушыць зьняволенага, каб той адразу адчуў сваё месца."
(Караткевіч: ) "Ці адчувалася неяк у кантактах зь іншымі вязьнямі тое, што вы палітычны вязень?"
(Клімаў: ) "Там у прынцыпе ўсім было напляваць на мой статус. Большасьць людзей там зь вельмі прымітыўным мысьленьнем, ідзе барацьба за выжываньне. Што тычыцца адміністрацыі, дык на пачатку яны рабілі выгляд, што не разумеюць, хто я. Яны спрабавалі паставіць мяне на адну дошку з іншымі зьняволенымі, месяцы два-тры я балянсаваў на мяжы парушэньняў і наступных пакараньняў".
(Караткевіч: ) "У 1996 годзе вы былі дэпутатам Вярхоўнага Савету і паставілі подпіс пад зваротам аб імпічмэнце прэзыдэнта Лукашэнкі. На вашую думку, тады была магчымасьць рэальна памяняць сытуацыю?"
(Клімаў: ) "Натуральна".
(Караткевіч: ) "На каго вы ўскладаеце адказнасьць за тое, што гэтага не адбылося?
(Клімаў: ) "Найперш на сябе. Па-другое, на адказных службовых асобаў у вэртыкалі ўлады – міністар унутраных справаў, старшыня Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі, генэральны пракурор, старшыня Вярхоўнага Суду, старшыня Канстытуцыйнага Суду.
(Караткевіч: ) "Андрэю, чаму вы пратэстуеце супраць цяперашняй сытуацыі ў Беларусі і што вас не задавальняе ў цяперашняй ўладзе?
(Клімаў: ) "Я найперш сыходжу з той пазыцыі, якую заняў яшчэ як дэпутат Вярхознага Савету ў 1996 годзе — дзяржава разбураецца, калі самі прадстаўнікі ўлады не выконваюць законы. Таму нашыя праблемы будуць назапашвацца, пакуль улада супярэчыць сама сябе і не прытрымліваецца закону. Па-другое, ў дзяржаве ёсьць асобы, якія недастаткова разумеюць сваю ролю, знаходзячыся на адказных месцах. Таму даводзіцца ім нагадваць. Іншая рэч, што яны няправільна гэта разумеюць, і гэта прыводзіць да такіх наступстваў як са мной апошні раз — два гады строгага рэжыму.
(Караткевіч: ) "Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне з палітзьняволенымі ў Беларусі закрытае. Ці верыце вы ў лібэралізацыю Беларусі пад ціскам заходніх краін?"
(Клімаў: ) "Натуральна, веру, бо ёсьць шмат падобных прыкладаў. У 1825 годзе прыкладна так, пад ціскам заходніх краінаў, была вызваленая ад Асманскага прыгнёту Грэцыя. Гэтак жа была вызваленая Югаславія. Пры нейкіх умовах, Эўразьвяз, ЗША і Расея маглі бы хутка вырашыць гэтае пытаньне. Але відаць, яны ня вырашылі як распарадзіцца будучай свабодай нашай краіны, і каму дастануцца дывідэнды ад дэмакратызацыі Беларусі. Чым даўжэй я ў палітыцы, тым больш я разумею, што беларусы ўсё губляюць шанцы самім вызначыць лёс сваёй дзяржавы. Гэтаму ёсьць простае тлумачэньне – усё яшчэ занадта моцная таталітарная спадчына Савецкага Саюзу і тая ідэалягічная апрацоўка, якую правялі камуністы ў той пэрыяд".
(Караткевіч: ) "Вы ўзгадалі Расею – як вы ацэньваеце спробы некаторых беларускіх палітыкаў апэляваць да Расеі ў справе дэмакратызацыі Беларусі?
(Клімаў: ) "На сёньня, на жаль, бессэнсоўна разьлічваць, што Расея зможа паспрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Там ідзе зьмена ўлады, а перадача ўлады ў Расеі заўсёды выклікала рызыку, што яна можа дастацца нейкім палітычным авантурыстам. Да чаго гэта прывяло ў 17-м годзе мінулага стагодзьдзя, мы ўсе добра ведаем. На сёньня Расеі не да Беларусі. На дапамогу ў набліжэньні да дэмакратыі мы можам разьлічваць толькі з боку Эўразьвязу і Злучаных Штатаў Амэрыкі".
(Караткевіч: ) Каго зь беларускіх палітыкаў вы лічыце знакавымі ў 20-м і 21-м стагодзьдзі?
(Клімаў: ) "Найперш тых людзей, якія нас ужо пакінулі – гэта Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме