22:00 13.02.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Каб служба мёдам не здавалася
20:25, 13 Февраля | Віталь Тарас,
На фота:Жалезьнічэнка адмовіўся прымаць прысягу
Быў такі фільм амэрыканскага рэжысэра Сьпілбэрга – “Ратуючы шэрагоўца Раяна”. Фільм, заснаваны на раэльных фактах, распавядае пра тое, як падчас Другой усясьветнай вайны амэрыканскае войска ратуе жыцьцё аднаго шарагоўца цаной жыцьця іншых вайскоўцаў. Справа вядзецца пра прынцып.
У сітуацыі залюстроўя, у якой мы жывем, усё выглядае абсалютна йнакш. Уявіць сабе фільм “Ратуючы навабранца Жалезьнічэнку” сёньня немагчыма.
Служба ў войску, згодна з Канстытуцыяй РБ, ёсць “сьвятарным абавязкам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. Але ж Канстытуцыйны суд прызнаў, што “Асноўны Закон не разглядае вайсковую службу ў якасьці адзінай і безумоўнай, паколькі дае магчымасьць вызваленьня ад вайсковай службы альбо замену яе альтэрнатыўнай”. (Рашэньне КС РБ ад 26 траўня 2000 году). Пры гэтым суд спаслаўся на Камісію ААН па правох чалавека, міжнародныя праўныя акты і г.д.
Але ж не пра гэта я хачу сказаць. І нават не пра Зьмітра Жалезьнічэнку, які зрабіў беспрэцэдэнтны ўчынак – адмовіўся ад прыняцьця прысягі. І якому можа пагражаць цяпер крымінальная адказнасьць за гэта.
Гаворка пра тое, што войска ў Беларусі, служыць у якім, па ідэі, павінна быць гонарам, ператвараецца ў інструмэнт пакараньня чалавека. У дадзеным выпадку – чалавека, які не адмаўляецца служыць у войску, але хоча, каб гэта адбывалася паводле закону.
Увогуле ў гісторыі з Жалезьнічэнкам уражвае неверагоднае ўменьне ўлады і канкрэтных чыноўнікаў ствараць праблему зь нічога. Прынамсі, ствараць яе там, дзе яна не павінна і не магла ўзьнікнуць, калі б гэтыя самыя чыноўнікі праявілі элемэнтарную павагу да закону, а не да вышэйшага начальства.
Усяго толькі й трэ было, што выканаць рашэньне Гомельскага суду, які прызнаў (хай сабе з фармальных прычынаў) загад рэктара аб адлічэньні студэнта 2-га курсу матфаку Жалезьнічэнкі незаконным. Не, слікаюць прафкам і прымаюць, задняй датай, фактычна, рашэньне аб падтрымцы загаду пра адлічэньне. У прызыўнай камісіі ў ваенкамаце пасылаюць Жалезьнічэнку на псыхіятрычную экспэртызу ў сувязі з тым, што прызыўнік размаўляе па-беларуску! Потым прыходзяць да высновы, што ён абсалютна здаровы і накіроўваюць у войска. Суд прымае рашэньне аб прыпыненьні прызыву да разгляду грамадзянскай справы аб незаконнасьці прызыву Жалезьнічэнкі. Але ў вайсковай частцы, куды накіроўваюць навабранца, адмаўляюцца падпарадкавацца рашэньню грамадзянскага суду. Адмаўляюцца узяць пад разгляд і мэдычную даведку, паводле якой Зьмітру належыць адтэрмінаваньне на 6 месяцаў і назіраньне ў лекараў. Само сабой заразумела, не прымаецца пад увагу і факт галадоўкі пратэсту Жалезьнічэнкі.
Тым часам афіцыйны орган Міністэрства абароны выступае з рэдакцыйным артыкулам, у якім валіць усё з хворай галавы на здаровую. Газэта абвінавачвае Жалезьнічэнку ў тым, што ён, нібыта, сябар БНФ. А Партыю БНФ (афіцыйна зарэгістраваную) у сваю чаргу абвіначвае ў фашызме і ў… праблемах Жалезьнічэнкі. Удумацца толькі – сілавае міністэрства, апірышча моцы і бясьпекі дзяржавы, фактычна, абвяшчае прапагандысцкую вайну юнаму грамадзяніну Беларусі! Які хоча толькі аднаго – каб у дзяржаве датрымоўваліся і ягоныя правы. Генэралы супраць навабранца. Які годны занятак для афіцэраў беларускага войска. А які розгалас на ўсю краіну і на ўвесь сьвет...
Мне гэта міжволі нагадала нядаўнюю гісторыю, якая надарылася ў суседняй дзяржаве. У Маскве хацелі хуценька засудзіць Васілія Алексаняна, прымусіць яго даць паказаньні супраць Хадаркоўскага, які ўжо адбывае тэрмін у зьняволеньні. (Алексанян працаваў у кампаніі Хадаркоўскага “Юкас”.) Падсудны пакутуе на дзьве сьмяротныя хваробы – СНІД у апошняй стадыі і рак. Але суд, пракуратура і ФСВП (фэдэральная служба выкананьня пакараньняў РФ) любым коштам хацелі выбіць паказаньні з Алексаняна, пакуль ён жывы, і таму ігнаравалі ўсе просьбы хворага, а таксама яго абароны праявіць гуманнасьць. Тым не менш, хваля грамадзкага абурэньня, лісты ў яго абарону, падпісаныя вядомымі праваабаронцамі, дзеячамі культуры, палітыкамі, галадоўка салідарнасьці Міхаіла Хадаркоўскага – усё гэта нават ва ўмоўвах пуцінскай Расеі дало, так бы мовіць, кумулятыўны эфэкт. Алексаняна перавялі ў шпіталь, хоць і пакінулі пад аховай. Узровень праблемаў і наступстваў, якія прынесьлі расейскай уладзе няўклюдныя і бесчалавечныя (ў роўнай ступені) дзеяньні чыноўнікаў і судзьдзяў падаўся крамлёўскім уладам празьмерным і яны пайшлі на вымушаныя саступкі.
Беларускія чыноўнікі і вайскоўцы ў сувязі са справай Жалезьнічэнкі не адчулі пакуль і сотай долі праблемаў у параўнаньні з маскоўскімі калегамі. Але наша задача і абавязак, я думаю, – гарантаваць самы шырокі розгалас гэтай справы. Каб ім служба мёдам не здавалася.
Ссылки по теме:- 31.01.2008 -
- 08.02.2008 -
- 18.09.2007 -
- 22.10.2007 -
- 13.09.2007 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме