17:15 23.01.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
A. Казулін - кандыдат на сёлетнюю прэмію Андрэя Сахарава
15:34, 23 Января | Караліна Русіновіч,
Дэпутаты Эўрпарлямэнту намерваюцца вылучыць Аляксандра Казуліна на сёлетнюю прэмію Андрэя Сахарава ў галіне правоў чалавека.
Пра гэта паведаміў Польскаму радыё былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч. Ён зазначыў, што зараз у Эўрпарлямэнце распрацоўваецца адпаведная кампанія. Яна зьяўляецца адным з элемэнтаў міжнароднай кампаніі салідарнасьці з палітвязьнем. Рынкевіч перакананы ў тым, што менавіта Аляксандар Казулін зьяўляецца адпаведным кандыдатам на гэтую ўзнагароду.
І. Рынкевіч: Я лічу, што сапраўды гэта вельмі важны знак салідарнасьці й вельмі зьдзіўляе той факт, што ў той час, калі іншыя апазыцыйныя палітычныя дзеячы Беларусі атрымліваюць розныя міжнародныя прэміі, пра спадара Казуліна пакуль ніхто сур`ёзна не паклапаціўся, каб ён стаў ляўрэатам адпаведнай прэміі. А ён, як вязень сумленьня, прызнаны Amnesty International, і актуальны палітычны дзеяч сапраўды варты таго, каб быць намінаваным на сур`ёзныя прэміі ў галіне правоў чалавека й абароны міру. Такім чынам, я думаю, што калі гэтая ініцыятыва будзе падтрыманая большасьцю дэпутатаў Эўрапарлямэнту - гэта будзе вельмі важны крок і дапамога самому прафэсару Казуліну.
Жонка палітзьняволенага Ірына Казуліна лічыць, што нават калі яе муж не атрымае ўзнагароды, то само вылучэньне для яго вельмі важнае.
І. Казуліна: Канешне, гэта вельмі добра. Па-першае, гэта знак павагі да ягонай дзейнасьці. Па-другое, я разглядаю гэта як падтрымку майго мужа ў вельмі цяжкі для яго час. Па-трэцяе, для нашага беларускага народу гэта сыгнал аб тым, што пра Аляксандра не забываюцца, яго падтрымліваюць і за яго змагаюцца.
Ірына Казуліна зазначыла, што сям`я ня мае апошнім часам вестак ад Казуліна з калёніі й нічога ня ведае пра стан ягонага здароўя, чым вельмі занепакоеная.
І. Казуліна: Ведаеце, няма ніякіх зьвестак. Ягоны адвакат быў у калёніі таксама вельмі даўно. Толькі зь ягонага навагодняга ліста я ведаю, што ўсё застаецца, як і раней, нічога новага. Ён вельмі хвалюецца за нас, як мы тут безь яго. Пра сябе ён амаль нічога ня піша.
Магчыма, што толькі ў лютым Казулін атрымае давол на кароткатэрміновае спатканьне з сям`ёй у Віцебскай калёніі.
Як паведамляе Ігар Рынкевіч, група беларускіх актывістаў выступіла зь ініцыятывай вылучэньня Аляксандра Казуліна на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне правоў чалавека.
І. Рынкевіч: У мінулым годзе беларускія намінанты ня сталі ляўрэатамі. Магчыма, што атрымаецца на гэты раз. Усе памятаюць шматдзённую палітычную галадоўку прафэсара Казуліна, памятаюць ягоныя паводзіны падчас прэзыдэнцкай кампаніі, сёньня ён таксама заклікае да барацьбы. 2008 год ён назваў годам барацьбы за свае правы ўсіх беларускіх грамадзян. Ведаю, што спадар Казулін мае й іншыя вельмі важныя ініцыятывы. У тым ліку - стварэньне ценявога ўраду, а таксама кампанію з мэтаю паўтору прэзыдэнцкіх выбараў.
За ініцыятывай вылучэньня Аляксандра Казуліна на сёлетную прэмію Андрэя Сахарава ў галіне правоў чалавека мы будзем сачыць у нашым эфіры. Дадам, што ляўрэатам гэтай узнагароды ў 2006 годзе стаў Аляксандар Мілінкевіч.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме