21:45 20.01.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Справа Зьдзьвіжкова": патрапіў пад раздачу<BR><BR>Мэта – застрашыць іншых
16:18, 20 Января | Аляксандар Класкоўскі,
Што да сюжэту з газэтай "Згода" і Зьдзьвіжковым, то скандальныя карыкатуры тут ёсьць толькі зачэпкай, фармальным элемэнтам. Выданьне стала моцным раздражняльнікам найперш таму, што ў нэрвовы для кіроўнай вярхоўкі час перад выбарамі-2006 працавала на карысьць кандыдата зь іміджам марскога пяхотніка.
Няўдалая публікацыя толькі дала каму-кольвек карты ў рукі. Улада раптам выявіла нечуваную заклапочанасьць пачуцьцямі айчынных мусульманаў. Пры тым што раней дзяржаўныя мужы ды прапаганда без аніякіх згрызотаў падавалі Беларусь як краіну славянскую ды праваслаўную, іграруючы яе поліэтнічнасьць ды шматканфэсійнасьць.
І раптам пазалетась на нейкі час прадстаўнікі нешматлікай у нас канфэсіі сталі ну проста тэлезоркамі. Калі б іх не "зарыентавалі", тыя, магчыма, ніколі б і не даведаліся нават пра існаваньне "Згоды" — маланакладнага партыйнага выданьня, што не прадавалася цераз шапікі і мела распаўсюд у зусім іншым асяродку. У гэтым жа выпадку, як высьвятляецца зараз зь інтэрвію Ісмаіла Варановіча, аднаго зь лідэраў беларускай мусульманскай грамады, чыноўнікі адмыслова азнаёмілі яго з ксэракопіяй публікацыі ды прапанавалі адрэагаваць. Гэта што да "распальваньня"…
Зразумела, атрымаўшы трыбуну ў дзяржаўных мэдыях, мусульманскія лідэры шчыра выказвалі свае нэгатыўныя эмоцыі. Але пастфактум відавочна: канфэсійны чыньнік быў проста выкарыстаны ўладай дзеля палітычных мэтаў.
Выступоўцы ад імя пэўнай рэлігійнай групы міжволі згулялі адведзеную зьверху ролю — і рэзка зьніклі з экранаў ды палосаў дзяржаўных газэтаў. Асобным мусульманскім дзеячам, адчуваецца, зараз і самім няёмка, што чалавек трапіў на тры гады ў турму (ня кажучы ўжо пра тое, што Эўропа ў шоку). Між тым з тэлевізара зноў цьвердзяць аб праваслаўнай царкве як падмурку афіцыйнай беларускай ідэалёгіі. Пры гэтым пачуцьці мусульманаў, юдэяў і г.д. уладу і прапаганду, падаецца, не турбуюць. І чамусьці ніхто не абураецца. Паспрабуй тут абурыся — мала ня здасца!
Ёсьць у гэтай сумнай гісторыі і яшчэ адзін аспэкт. Здавалася б, даўно адшумелі тыя выбары, сядзіць у турме экс-кандыдат, сканала "Згода"… Нашто яшчэ і небараку Зьдзьвіжкова за краты?
А гэта — урок. Чарговы паказальны ўрок недзяржаўнай прэсе. Цалкам мае рацыю Ёсіф Сярэдзіч: на месцы асуджанага экс-рэдактара "Згоды" можа апынуцца любы незалежны журналіст. Нават калі і не закране прарока… І па-за межамі рэлігіі ў нас у краіне багата сьвятарных кароў. Не забывайма, што дамоклавым мячом над "нячэснымі" вісіць, у прыватнасьці, крымінальны артыкул "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" (прыняты, дарэчы, таксама пад выбары-2006). Пакуль што справа абмяжоўвалася папярэджаньнямі, але ж у любы момант могуць скарыстаць рэпрэсіўны артыкул і напоўніцу. А гэта — да двух гадоў зьняволеньня.
А зачэпка можа быць любая. Паказальным ёсьць тое, што два папярэджаньні па гэтым артыкуле атрымаў вядомы сацыёляг Алег Манаеў. Вось так: надрукуеш "ня той" рэйтынг — і атрымлівай тэрмін за "дыскрэдытацыю"… Раз, другі могуць паглядзець скрозь пальцы, а ў нейкі момант дадуць адмашку. Гэта называецца "патрапіць пад раздачу".
Увогуле ж бізуноў да халеры. Вазьмеце хаця б крымінальныя артыкулы за зьнявагу службовых асобаў (пры тым што ў дэмакратыях публічныя дзеячы лічацца апрыёры болей адкрытымі для крытыкі), магчымасьць задушыць выданьне і пусьціць з торбай аўтара пазовамі аб матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды і г.д.
Што ж у сухой астачы?
Суды над газэтамі, рэдактарамі і аўтарамі (згадайма "хімію" Маркевіча, Мажэйкі, Івашкевіча, лёс Андрэя Клімава, чараду зьнішчальных пазоваў высокіх чыноўнікаў аб абароне гонару і годнасьці) ўсталёўваюць у журналісцкім асяродзьдзі атмасфэру страху.
Ніводзін рэдактар ня хоча разарыцца цераз выплату астранамічных кампэнсацыяў, ніводзін журналіст не гарыць жаданьнем трапіць на нары. Нядаўна пачуў ад калегі, якога не назавеш баязьліўцам: маўляў, калі праглядаю свае старыя артыкулы, мушу сам сабе прызнавацца, што вось так рэзка, як пяць гадоў таму, зараз бы фармуляваць не рызыкнуў.
У выніку — эўфэмізмы, недагаворкі, алюзіі, эзопава мова. Гэтак сама як дзяржаўная прэса скалечаная прапагандай, недзяржаўная скалечаная самацэнзурай. У рэшце ж рэштаў — дэфармуецца грамадзкая сьвядомасьць, усталёўваецца атмасфэра Залюстроўя. Ці, калі хочаце, Орвэлавай антыўтопіі.
Вось у гэтай плашчыні найперш і варта разглядаць "справу Зьдзьвіжкова". Астатняе — дэталі антуражу.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме