12:00 18.01.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ветэранам і афганцам вярнулі льготы на праезд
10:08, 18 Января |
Гэта адбылося дзякуючы міжурадаваму пагадненню, якое ў 1993 годзе ў Маскве падпісаў Вячаслаў Кебіч. Пагадненне аказалася больш значным за закон аб ільготах, і цяпер ветэранам і афганцам ізноў можна ездзіць бясплатна на гарадскім, прыгарадным і нават чыгуначным транспарце.
Як толькі "Еўрарадыё" даведалася пра гэта, мы абтэлефанавалі вакзалы, і там пацвердзілі, што льготы ўжо вярнулі. Па словах дырэктара агенцтва “Мінсктранс” Васіля Лаўрыновіча, кіраўнікам усіх філіялаў прадпрыемства прыйшло тлумачэнне, што нават ветэраны і афганцы з краін СНД маюць права бясплатна ездзіць у Беларусі.
Васіль Лаўрыновіч: “Звяртаем вашу ўвагу на выкананне дзеючага пагаднення аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх”.
Гэта міжнароднае пагадненне было падпісана 12 сакавіка 1993 года ў Маскве кіраўнікамі ўрадаў краін СНД. У гэты час беларускім урадам кіраваў Вячаслаў Кебіч. Вячаслаў Францавіч прыгадаў у інтэрв’ю "Еўрарадыё", што менавіта ён ставіў подпіс пад гэтым пагадненнем.
Па словах дырэктара агенцтва "Мінсктранс" Васіля Лаўрыновіча, цяпер міжурадавае пагадненне, падпісанае Кебічам амаль 15 гадоў таму, мае большую вагу, чым закон Беларусі аб ільготах.
Васіль Лаўрыновіч: “Нормы пагаднення прадугледжваюць больш шырокія льготы на праезд для паказаных у пагадненні асобаў, чым нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў”.
Такім чынам, згодна з міжурадавым пагадненнем, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воіны-інтэрнацыялісты ў адпаведнасці з Дадаткам 3 маюць права на бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. І гэта нягледзячы на тое, што закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах” забраў у ветэранаў такое права.
Дарэчы, згодна з пагадненнем, ільготным праездам могуць карыстацца і тыя, хто суправаджае інвалідаў вайны. Самае галоўнае, што гэтая інфармацыя ўжо даведзена да транспартнікаў і чыгуначнікаў. А падрабязней азнаёміцца са спісам ільготаў, якімі забяспечвае міжурадавае пагадненне, можна .
Дарэчы, як паведаміў дырэктар агенцтва “Мінсктранс”, ільготы на праезд застаюцца і ў супрацоўнікаў сілавых органаў, прычым не толькі ў міліцыянтаў. Усё таму, што дагэтуль працягвае дзейнічаць Указ прэзідэнта ад 9 кастрычніка 1995 г. № 403, які прадугледжвае права супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на бясплатны праезд па спецыяльным знаку на ўсіх відах грамадскага транспарту.
Васіль Лаўрыновіч: “Ва ўказе згадваецца дзяржаўны пажарны нагляд, фінансавая міліцыя, курсанты вайсковых навучальных установаў, курсанты органаў унутраных спраў, работнікі органаў унутраных спраў, пракурорскія работнікі і так далей, супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі, вайскоўцы Узброеных Сілаў, Памежнага камітэта, дзе ёсць спецзнак, работнікі Камітэта дзяржкантролю, у якіх ёсць спецзнак”.
Кіраўніцтва “Мінсктрансу” ў поўнай разгубленасці. Згодна з законам, усе вышэйзгаданыя катэгорыі павінны аплачваць праезд. Аднак, згодна з указам прэзідэнта аб спецзнаку, — не. Што ж датычыцца кандуктараў і кантралёраў, то, па словах Васіля Лаўрыновіча, яны збольшага не чапаюць уладальнікаў спецзнаку.
Васіль Лаўрыновіч: “Ну, што можа зрабіць рэвізор?! Падысці і сказаць: “Таварыш міліцыянер, калі ласка, аплаціце?”
Такім чынам, ільготнага праезду пазбаўленыя толькі школьнікі, студэнты, пенсіянеры і “чарнобыльцы”.
Даведка Еўрарадыё
У 2007 годзе у Беларусі пражывала каля 65 тысяч ветэранаў ВАВ, з іх 15 тысяч чалавек — інваліды ВАВ І і ІІ груп. Паводле закону аб ільготах, ільготы пакідаліся толькі інвалідам. Цяпер усе 65 тысяч ветэранаў змогуць ездзіць бясплатна. На сённяшні дзень у Беларусі жыве 21 тысяча воінаў-афганцаў, яны таксама маюць права на бясплатны праезд.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме