17:15 09.01.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Зінаіда Бандарэнка пра будучыню і страх
14:53, 9 Января | Аляксандар Уліцёнак,
Грамадзкі рэдактар тыдня – народная артыстка Беларусі, сябра палітрады АГП Зінаіда Бандарэнка. Якія яе погляды на партыйнаe жыцьцё?
Уліцёнак: “Спадарыня Зінаіда, скажыце, калі ласка: чаму Вы ўступілі менавіта ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю?”
Бандарэнка: “Гэта было нечакана. Я праходзіла ў парлямэнт, і мяне не зарэгістравалі, тады вось і прыняла рашэньне пра ўласную партыйнасьць”.
Уліцёнак: “Зразумела: тое дазваляла змагацца далей за дэпутацкі мандат. Аднак зноў жа: чаму менавіта АГП, а ня, скажам, БНФ?”
Бандарэнка: “Даўно мела стасункі зь ёй, вельмі паважліва стаўлюся да лідэра – Анатоля Лябедзькі. Там у мяне сябры, якім больш давяраю”.
Уліцёнак: “Як Вы ставіцеся да рознагалосьсяў паміж беларускімі дэмакратычнымі партыямі?”
Бандарэнка: “Я згодная: няма еднасьці і прадуманасьці падчас правядзеньня тых самых палітычных акцыяў, напрыклад, Эўрапейскага маршу. Згодная з маладафронтаўцамі, якія хацелі вызначыцца менавіта на плошчы Каліноўскага. Партыі мусілі ўсё ўзгадніць загадзя і даваць інфармацыю шарагоўцам пра зьмены ў плянах…
І ў той жа час я разумею, у якіх неверагодна цяжкіх умовах працуюць і партыі, і незалежныя СМІ: крок улева – крок управа і… Колькі цяпер палітвязьняў? Людзі жывуць у страху. Баяцца заявіць пра свае правы. Бо ведаюць, што законы не абараняюць іх”.
Уліцёнак: “Спадарыня Зінаіда, а што Вас хвалюе найбольш сёньня?”
Бандарэнка: “Наша незалежнасьць, бо яскрава выявілася – беларускі сувэрэнітэт пад пагрозай. Мы забыліся пра сваю гісторыю. Больш за два стагодзьдзі нашая дзяржава зьяўляецца расейскай калёніяй. Сьмешна і сумна слухаць гамонкі па афіцыйных СМІ пра нейкую “саюзную дзяржаву”. Беларусы сталі закладнікамі палітычных гульняў па сплянаваным у Крамлі сцэнары.
Так і хочацца на ўсю моц кінуць вокліч: беларусы, прачынайцеся – краіна ў небясьпецы! Трэба ратаваць сваіх дзяцей і ўнукаў.”
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме