20:30 03.01.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Партрэты палітвязняў на ялінках
18:58, 3 Января | Сяргей Будкін, Жонка Аляксандра Казуліна, асуджанага на пяць з паловай год турмы, апавядае, што Новы год лічыцца самым галоўным святам у іх сям’і. Ірына Казуліна згадвае, як праходзілі зімовыя святы, калі Аляксандр быў дома:
– Наш унук прыадчыняў вакенца, каб запусціць Новы год у хату, за гэты час усе астатнія закідалі пад елку свае падарункі, а потым Аляксандр зачытваў кожнаму пажаданні і даставаў тыя пакункі.
Аляксандр Казулін ужо 649 дзён знаходзіцца ў зняволенні ў віцебскай калоніі “Віцьба-3”. Пад Новы год жонка выслала яму вельмі шмат чыстых паштовак. У гэтыя дні ў вольны час вязень адказвае на віншаванні з волі.
– Ведаю, што пры канцы снежня яму прыходзіла да 150 паштовак штодзень. Таму цяпер у яго такая прыемная праца – пасылаць віншаванні ў адказ. Магчыма, што не ўсім паспевае адказаць, але намагаецца.
Таццяна Леановіч, жонка Андрэя Клімава, кажа, што Новы год у іх сям’і заўжды праходзіў вельмі весела. Праўда з тых часоў, як Андрэй упершыню выступіў з крытыкай дзяржаўнага ладу, здаралася тое вельмі рэдка. Палітык правёў 4 гады ў турме па абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, потым быў прысуджаны да 15 месяцаў абмежавання свабоды за арганізацыю шэсця на Дзень Волі, а летась у жніўні яго засудзілі зноў – на 2 гады турмы за артыкул у інтэрнэце. І нават навагодні падарунак у Мазырскую выпраўленчую калонію № 20 свайму мужу Таццяна перадаць не можа:
– Якія падарункі…Там не дазваляецца, можна толькі дзве перадачы рабіць на год і дзве бандэролі. Кожны падарунак будзе вяртацца назад…
Бацькам лідэра “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча якраз перад Новым годам дазволілі кораткачасовае спатканне сасваім сынам. 26-гадовы палітык праводзіць за кратамі ўжо другі Новы год і ўвесну будзе вызвалены. Вячаслаў Дашкевіч згадвае апошнюю сустрэчу з сынам у Шклоўскай калоніі ўзмоцненага рэжыму і кажа, што настрой у Зьмітра быў прыўзняты не зважаючы на людскі тлум і размову праз шкло:
– Настрой быў добры ў яго, кажа, што ўсё нармальна і нічога яму не трэба прыносіць. Адчувае сябе ўпэўнена. Больш ніякіх звестак мы не маем, на жаль…
Яшчэ адзін маладафронтавец Артур Фінькевіч, які адбыў ужо паўтара года на “хіміі”, незадоўга да Калядаў быў асуджаны паўторна – цяпер ужо на турэмнае зняволенне. Навагоднія святы Артур правёў у следчым ізалятары №4 Магілёва. Маці палітвязня Марыя Фінькевіч апошні раз бачыла сына 26 снежня – пасля гэтага ні лістоў, ні звестак не атрымлівала.
Жанчына спадзяецца, што гэты жахлівы сон скончыцца – і Артура вызваляць. Яна шкадуе, што сваё любімае свята хлопец не адзначыў дома:
– Ён так любіў на святочныя елкі хадзіць, салюты вельмі яму падабаюцца…
Тым часам паплечнікі палітвязняў штодня працягваюць кампанію за іх вызваленне. Нават у ноч на Новы год на вуліцах беларускіх гарадоў з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі, а на шмат якіх ёлках – побач з упрыгожаннямі ды карункамі – размесціліся партрэты зняволеных.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме