12:00 15.12.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сьціскаючы кулакі
10:16, 15 Декабря | Уладзімер Сяргееў,
Кажуць, маўляў, дыктатура – страшная зьява ў любым грамадзтве. Страшная, аднак, ня менш уражвае часам і народнае абурэньне.
Прыціскаючы людзей, нібы пружыну, тыран ў нейкі момант раптоўна робіць няўклюдны рух, пружына вырываецца і спрацоўвае, запускаючы механізм народнага супраціву. Сумны досьвед таталітарных рэжымаў сусьвету ня раз сьведчыў пра гэтае простае, як закон фізікі, правіла, і беларусы тут не засталіся ўбаку.
Высновы з падзеяў 1991, 1996, 2006 гадоў можна сьмела закладаць у азбуку барацьбы з дыктатурай як са зьяваю. Вось толькі самі дыктатары таксама складаюць свае азбукі і, калі дэмакратычныя актывісты дзейнічаюць па прынцыпах негвалтоўнага супраціву, тыя ўсё болей стараюцца гуляць па правілы накшталт “менш крыві, больш пакасьцей”. Але раз-пораз здараюцца асечкі.
Калі ў адным горадзе знаходзяцца адразу два тырана, ствараецца ўражаньне, што іхні негатыў разыходзіцца навокал, як адмоўная аўра, прычым з падвоенаю сілаю. Зараз гэта асабліва бачна – Пуцін яшчэ толькі зьбіраўся вылятаць у Менск, а людзі ўжо былі абураныя й злыя. Гэтаксама, як і міліцыянты, якім на ўсялякі выпадак загадалі “гасіць” усё жывое, усё, што можа аказаць супраціў.
Мабыць, ня вельмі лягічна задавацца пытаньнем, ці сапраўды сьпецназ “абараняў Пуціна”, альбо проста рабіў як заўжды. Усё-ткі, здаецца, асабістыя погляды, як і асабісты садызм кожнага міліцыянта, граюць у такіх сытуацыях малую ролю. Але вынікі ёсьць вынікамі: і шпіталізаваны пасьля зьбіцьця Зьміцер Хведарук, і сінякі ды патаптаныя рэчы іншых небаязьлівых людзей, і асабістая крыўда за краіну ў кожнага неабыякавага.
Зьбіраючыся на акцыю, я чамусьці думаў не пра тое, як Пуцін з Лукашэнкай будуць дамаўляцца наконт газу, крэдыту й саюзнай дзяржавы. Прыгадаліся актывісты, у тым ліку й паплечнік Барыс Гарэцкі, якіх таксама – на ўсялякі выпадак – ізалявалі за кратамі перад візытам расейскага прэзыдэнта, заадно адпомсьціўшы ім за ўдала зладжаны пратэст прадпрымальнікаў. Думалася мне, што зараз тым больш мы павінны былі годна выйсьці на плошчу, каб зьняволеныя хоць душою былі поплеч.
Ды яшчэ толькі разгортваліся сьцягі, як “цывільныя” пачалі выхопліваць іх, яшчэ толькі зьбіраўся народ на плошчы ў адзіны натоўп, як сьпецназ стаў яго расьсейваць. Давялося 20 мэтраў праехацца па плітцы, каб не адпусьціць у рукі міліцыі нацыянальны штандар, давялося, як і многім, у чарговы раз паспытаць АМАПаўскіх кулакоў і бэрцаў, давялося прайсці з кардонам да парку Янкі Купалы, дзе і быў зьбіты Зьміцер Хведарук.
Многім, хто быў на месцы здарэньня, ці пазьней чытаў навіны, запомніліся словы сьпецназаўца: “Во, тут ваш, добра ў Амэрыку зьлятаў”. Нянавісьць да ЗША – о, як гэта па-пуцінску! Як, у прынцыпу, і па-лукашэнкаўску. Агрэсія да ўсяго заходняга, цывілізаванага, тым больш да штатаўскага, здаецца, засела ў карніках на ўзроўні рэфлексаў. Прычым, як у нашых, так і ў пуцінскіх.
У расейскім выпадку гэта відавочна, бо калі дыктатар, які выйшаў з сілавых структураў, вядзе радыкальную антызаходнюю рыторыку на сустрэчах самага высокага ўзроўню, а ягоныя спэцслужбы гэтым часам жорстка разганяюць Маршы Нязгодных, то нічога дзіўнага няма. Ды й выпадак са зьбіцьцём і сьмерцю Юрыя Чэрвачкіна яскрава сьведчыць пра паралелі зь Беларусьсю. Як тут ня быць салідарнымі з актывістамі “Другой Расеі”. Менавіта не імпэрскай, ня пуцінскай, а другой, іншай: свабоднай, дэмакратычнай, цывілізавай краіны, якую яны мараць пабудаваць. Але пакуль таталітарны рэжым там толькі набірае абароты, і асноўнае змаганьне ў хлапцоў наперадзе. Расейскія спецслужбы тымі ж, добра знаёмымі беларусам метадамі, душаць народны супраціў.
Прапагандысцкія ролікі па каналу “Расея” – поўныя копіі колішніх зімоўска-азаронкаўскіх “шадэўраў”: тыя ж “шпіёны”, тыя ж “купленыя Амэрыкай” апазыцыянеры і тая ж тэорыя “сусьветнай замовы”. Напэўна, там, як і ў нас, больш за ўсіх вераць у гэтую прапаганду менавіта супрацоўнікі міліцыі, якіх абсалютна немагчыма пераканаць у чым-небудзь. Прынамсі, па нашых сьпецназаўцах бачна неразуменьне такіх рэчаў, як ідэя адраджэньня, на якой, уласна кажучы, і трымаецца Малады Фронт, трымаецца незалежна ад таго, будзе захад працягваць руку дапамогі ці не.
Сапраўды, гэта вельмі па-пуцінску: выбраць момант, калі побач няма моцных хлапцоў, што могуць дапамагчы абараніць чалавека, атагнаць нешматлікіх журналістаў і накінуцца ўдзесяцерох на аднаго. Але Пуцін Пуціным, а рэжым, здаецца, сапраўды, проста адпомсьціў Зьмітру Хведаруку за тое, што пакуль большасьць з кіраўніцтва Беларусі зьяўляюцца неўязднымі ў дэмакратычныя краіны сьвету, у тым ліку і ў тыя ж Штаты, ён, дзевятнаццацігадовы хлапец, сустракаецца з Бушам і, між іншым, у гутарцы зь ім уздымае пытаньне алькагалізму, абортаў, разводаў і іншых надзённых праблемаў у грамадзтве лукашэнкаўскай Беларусі.
Сьціскаюцца ад злосьці кулакі, а сьпецназаўцы, якія знаходзяцца побач, чамусьці пачынаюць хаваць вочы. Іх баявы імпэт кудысьці зьнікае, і яны моўчкі сыходзяць. Амаль адначасова з “хуткай”, якая забірае Зьмітра ў шпіталь, едзе картэж матацыклаў і аўтамабіляў. Гэтыя трэніроўкі за дзень да візыту на фоне непрытомнага хлопца выглядаюць сапраўдным цынічным зьдзекам.
Акцыя сканчваецца, але большасьць людзей, што засталіся, не разыходзяцца, а высоўваюцца ў бок вуліцы Сямашкі. На ганку 9-га шпіталя паступова зьбіраецца сапраўдны мітынг, ды і ўнутры багата тых, хто неабыякавы да лёсу хлопца, які зрабіўся чарговаю ахвяраю дыктатуры. Зьміцер ня можа размаўляць, ды, мабыць, словы тут лішнія, і так усё зразумела. Адзінае, што на дадзены момант галоўнае – жывы і стан здароўя стабільны.
Ноч каратаю тут жа, у вэстыбюлі, разам з паплечніцамі. Адмыслова зрабілі варту, каб пазьбегнуць правакацыяў. Так ці інакш, рэжым баіцца розгаласу, баіцца, што спрацуе тая самая пружына народнага цярпеньня. Адсюль і спробы людзьмі ў цывільным націснуць на дактароў, каб тыя вынесьлі меньш цяжкі дыягназ, адсюль засланыя апэратары БТ, адсюль з боку міліцыянтаў перашкоды для наведваньняў.
Наступны дзень зноў зьбіраюся на акцыю, зноў думкі больш занятыя ня Пуціным і Лукашэнкам, а сябрамі, асабліва Зьмітром. Трэба ісьці й трымацца, як кажуць, “за сябе й за таго хлапца”. Разам з актывістамі “Джынс-за свабоду” разгортваем сьцягі, расьцяжку. Мінакі жыва рэагуюць, але вось ужо зьяўляецца ПАЗ з міліцыянтамі. Тыя, відаць, з натхненьнем ад учорашніх “перамогаў”, накінуліся на нас, нават не папярэдзіўшы, як звычайна, пра свае дзеяньні. Селі на зямлю ў сцэпцы, аднак дзе ж ты там уратуешся! Вырываюць, цягнуць па аднаму ў аўтобус, зьбіваюць нагамі й кулакамі. Мне асабіста зусім не хацелася запіхвацца ў гэты ПАЗік, упёрся нагамі ў прыступку, таму й атрымаў дадаткова. Далей, па дарозе, усё, як звычайна: пагрозы, абразы, зьневажаньне дзяўчат…
Ужо ў Маскоўскім РУУСе, куды нас завезьлі, зьвярнуў увагу на параўнальную колькасьць сьпецназа й затрыманых. Сьмешна, але выйшла, што 15 здаровых бугаёў правялі сьпецапэрацыю па затрыманьню 12 актывістаў, сярод якіх палова дзяўчат, ды й трое непаўнагадовых. Пішуць рапарты, складаюць пратаколы, дапытваюць. Паколькі міліцыянты паабяцалі мне аж два пратаколы за арганізацыю й удзел у пікеце, пачаў маральна рыхтавацца да адсідкі.
Але не пасьпеў патэлефанаваць сваякам, як падзеі павярнуліся іншым бокам: сьпецназ зьехаў, і маладзёнаў па аднаму пачалі адпускаць. Нават бяз позваў на суд. Свае пратаколы нават у вочы ня бачыў; што праўда, прыйшлося даць тлумачэньні. Вось так часьцяком бывае, не пасьпеюць наламаць дроваў, як пачынаюць даваць задні ход. Гэтаксама, як і ў выпадку з Касяй Салаўёвай, як і са Зьмітром Хведаруком, як і з прадпрымальнікамі, як і зь ільготамі.
Хвалююцца, што спрацуе пружына. Думаюць, пэўна, зараз, як з Артурам Фінькевічам зрабіць: расправіцца цішком альбо выпусьціць, каб толькі не згубіць твар. Толькі ў любым выпадку цішком не атрымаецца. Любое дзеяньне рэжыму дадасьць чарговы штуршок машыне нацыянальнага гневу.
Сьціскаюцца кулакі, ды вось узяўся за пяро, бо ўсё ж гэта лепей, чым раптоўна ўзяцца за зброю.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме