00:00 09.12.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

«Саюзная дзяржава»: «вялотекущая», як шызафрэнія

22:40, 8 Декабря |

Сёння спаўняецца 8 гадоў з дня ўтварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, гэтая дата альбо пампезна адзначалася на афіцыйным узроўні, у дзяржаўных СМІ – альбо праходзіла цішком. Але, у кожным выпадку, ніхто ніколі не мог толкам растлумачыць, што ж гэта за ўтварэнне. Пра гэта гаворыць наш эксперт Вадзім КАЗНАЧЭЕЎ.

– Скажу проста: чорт яго ведае. Нават у перыяды найлепшых стасункаў Лукашэнкі з Крамлём на канкрэтныя пытанні: што ўсё ж сабою ўяўляе канструкцыя пад назваю «саюзная дзяржава»? на чым яна грунтуецца? гэта адзіная дзяржава альбо нешта іншае? – былі адказы пра «братэрскае сяброўства», «славянскае адзінства», што «мы заўжды былі разам» і да т.п. Калі журналісты ўсё ж дапякалі ўдакладненнямі – адказвалася, што «трэба рухацца наперад, а там будзе бачна». Але як можна рухацца, не ведаючы куды?

– Лукашэнка падкрэслівае, што ён заўсёды казаў: аб’яднанне можа быць толькі на раўнапраўнай аснове; пра страту суверэнітэта Беларусі пытанне не стаіць.

– Так, гэта ён сапраўды казаў. Але разам з тым ён казаў і іншае: «Я гатовы на каленях паўзці ў Расію», «Мы гатовы аб’ядноўвацца настолькі шчыльна, наколькі гатовая Расія» –  і час ад часу прапаноўваў аб’яднанне па тыпу СССР. То які суверэнітэт меўся на ўвазе – такі, як быў у БССР у складзе Савецкага Саюза? То бок, на самой справе ніякага.

На справе, у Савецкім Саюзе не было ніякага «раўнапраўнага аб’яднання»; Мінск, як і іншыя, не быў роўным Маскве; не было двух (ці некалькіх) эмісійных цэнтраў, на чым настойвае Лукашэнка. Словам, маса супярэчнасцяў.

– Аб’яднанне яму заўсёды было патрэбнае выключна на дэкларатыўным узроўні?

– Не заўсёды. Калі стваралася гэтая самая «саюзная дзяржава» дый крыху раней – Лукашэнка насамрэч ірваўся да рэальнага аб’яднання. Па простай прычыне: ён спадзяваўся, што здолее заняць крамлёўскі трон пасля састарэлага Ельцына.

– Ці былі пад гэтымі спадзяванкамі сур’ёзныя падставы?

– Я ўпэўнены, што не было не тое што сур’ёзных, а наогул ніякіх. Але гэта іншае пытанне. Лукашэнка яўна зыходзіў з іншых меркаванняў – няхай чыста суб’ектыўных, няхай беспадстаўных – аднак на той момант, каб была воля Крамля, заманіць Лукашэнку разам з Беларуссю ў склад Расіі было б, як уяўляецца, няцяжка. Паказалі б яму гэны пернік – а пасля замест перніка дулю – і ўсе справы.

– Крэмль тады адмовіўся ад гэтага варыянту, бо перабольшыў небяспеку прыйсця Лукашэнкі да ўлады ў Расіі?

– Не думаю. Прычына хутчэй палягае ў тым, што ў Крамля насамрэч ніколі не было нейкай прадуманай, прапрацаванай лініі ў дачыненні Беларусі. Як, зрэшты, і іншых постсавецкіх дзяржаў. Звычайна яна чакала да апошняга – а калі спрабавала мяшацца ў сітуацыю, дык рабіла гэта настолькі нязграбна, што толькі спрыяла негатыўнаму для сябе выніку. Не ведаю, ці імперская фанабэрыя таму прычынаю (маўляў, мы вышэй за разборкі гэных абарыгенаў), ці іншае што – але факт застаецца фактам.

Тым не менш, нават неяк забаўна назіраць за пастаянным цыркуляваннем міфаў пра Расію ў Беларусі. Што ў Расіі ёсць свае патаемныя мудрагелістыя планы наконт Беларусі, што вось-вось яна варухне пальчыкам і зменіць сітуацыю ў Беларусі. Прычым з супрацьлеглымі прагнозамі: ці то яна скіне Лукакашэнку і ўсталюе ў Беларусі дэмакратыю – ці то ўвапхне Беларусь у склад Расіі. Незалежна ад таго, ідэалізуецца Крэмль або дэманізуецца – у кожным разе, ён успрымаецца як нейкая ўсясільная істота; у наяўнасці непамернае перабольшванне ролі Расіі.

На самой справе, пальчыкам варухнуць недастаткова. Не выключаю, што Расія магла б зрабіць значны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі – але толькі як адзін з фактараў, і пры карпатлівай працы, якой няма, ды пры ўкладанні вялікіх грошай.

– Такім чынам, спадзевы некаторых дэмакратаў на тое, што Расія паспрыяе зменам у Беларусі ў дэмакратычным кірунку, з’яўляюцца марнымі?

– То хай бы яна спачатку ў сябе гэта зрабіла! У самой жа Расіі – амаль гэткі ж аўтарытарны рэжым, толькі трохі больш завуаляваны, не такі тапорны і, я б сказаў, калгасны, як у нас. І ўжо менш за ўсё Маскву хвалюе дэмакратыя ў Беларусі.

– А ці не ёсць усё ж Лукашэнка аб’ектыўна ў цяперашніх умовах абаронцам дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі?

– Ад каго?! Хто спакушаецца на наш суверэнітэт? Расія што, збіраецца ўводзіць танкі? Паглядзіце – ніводная постсавецкая краіна ўвогуле не ставіць пытанне пра суверэнітэт. І гэта незалежна ад дзяржаўнага ладу: ва Ўзбекістане ці ў Туркменіі дыктатуры больш жорсткія за нашу – але ж ніякае аб’яднанне з Расіяй даўно не абмяркоўваецца. А ў нас, праз паўтара дзясяткі гадоў незалежнасці – чамусці абмяркоўваецца дагэтуль. Чыя гэта «заслуга»? Адно Лукашэнкі.

Мы размаўлялі пра дэкларатыўны ўзровень «саюзнай дзяржавы». Але ж іі дэкларатыўны ўзровень сам па сабе – далёка не бяскрыўдны. Сацыёлагі шмат год адзначаюць такі феномен беларускай грамадскай думкі, калі большасць адначасова выступае і за суверэнітэт, і за аб’яднанне з Расіяй. Гэта ж абсурд – як такое магчыма? Але ж то не дзіўна, бо гэты абсурд пастаянна ідзе з самога верху, праз усе сродкі прапаганды.

Дый наогул, я зусім не ўпэўнены, што Расіі патрэбна фармальнае аб’яднанне з Беларуссю. Ізноў жа, паўстаюць тыя ж пытанні: на якіх умовах? у якім статусе? Ці не запатрабуюць у такім выпадку гэткага ж статусу іншыя суб’екты Расійскай Федэрацыі – чым яны горшыя за Беларусь? Аб праблемах на міжнародным узроўні ўжо і не кажу. Карацей, і ўнутры, і звонку – гемарою больш, чым карысці. Думаю, Расію б больш задаволіў намінальна суверэнны сатэліт.

– Ці мае яна такога зараз у асобе кіраўніка Беларусі?

– Не зусім. Для Крамля пажаданым быў бы б нехта больш паслухмяны, больш прадказальны, нарэшце, больш прыстойны. Да таго ж, мяркую, яны хацелі б атрымліваць ад гэтай лаяльнасці і эканамічныя дывідэнды – а не самім плаціць за гэтую лаяльнасць. Але гэта – у ідэале. А ў рэальнасці ў Крамля заўсёды знойдуцца дарадцы, якія скажуць: Лукашэнка, які б ні быў, усё ж за нас; а прыйдзе іншы – раптам ён на Захад пойдзе? і г.д. І да яго прыслухаюцца.

– Ці магчыма, што тварам да Захаду павернецца сам Лукашэнка?

– Не. Для гэтага трэба змяняць самую сутнасць рэжыму, цярпець крытыку і рызыкаваць уладаю. Гэта хутчэй скарыстоўваецца як фактар ціску на Маскву.

– Усё гэта значыць, Лукашэнка меў рацыю, калі казаў, што «беларускае пытанне» будзе вырашацца не ў Брусэлі, не ў Вашынгтоне, не ў Маскве – а ў Мінску?

– Безумоўна, у гэтым ён меў рацыю. На жаль, гэтага не разумеюць (ці не хочуць разумець) шмат якія беларускія апазіцыйныя палітыкі. Але гэта асобная тэма.

– Ці змянілася сітуацыя з «саюзнай дзяржаваю» цяпер у параўнанні з тым, што было раней?

– Змянілася. «Няма таго, што ранш было».  Лукашэнка спрабуе скарыстоўваць былыя клішэ: «вечнае братэрства», тое, што ён «апошні хаўруснік і сябар», што на вайсковым узроўні Беларусь «апошні бастыён» перад Захадам… Узамен жа на гэтыя абстракцыі ён патрабуе рэчаў вельмі канкрэтных. Аднак формула «Газ у абмен на пацалункі» ўжо не зусім спрацоўвае – хіба толькі ў пэўнай меры. Але ўвогуле, думаю, і ў галіне «саюзнай дзяржавы» ні расійскае, ні беларускае кіраўніцтва не будуць ініцыяваць глабальных зменаў. Бадзяга пад назваю «саюзная дзяржава» будзе цягнуцца. У «вялотекущем» выглядзе – як шызафрэнія.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме