14:30 28.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Найноўшая гісторыя ў асобах - Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец
13:08, 28 Ноября | Аляксандр Тамковіч, "Новы Час"
Ад www.ucpb.org: Артыкул, змешчаны ніжэй, настолькі ўсхваляваў галоўнага, з дазволу сказаць, героя публікацыі, што той падаў пазоў у суд на аўтара і на газету. Прычым запатрабаваў астранамічныя сумы: адпаведна 100 і 500 мільёнаў. Каб існавала свая беларуская кніга рэкордаў Гінэса, Аляксандр Тамковіч абавязкова б у яе трапіў як найдаражэйшы журналіст. Дарэчы, нагодаю для такога шанавання сталася тое, што Тамковіч, мякка кажучы, без захаплення паставіўся да пісьменніцкіх талентаў Чаргінца. Відаць, ён лічыць, што ягоную геніяльнасць абавязаныя прызнаваць усе – і ў судовым парадку.
ГЕНЕРАЛ-СЕНАТАР МІКАЛАЙ ЧАРГІНЕЦ
Калі ў чарговы раз бачу гэтага чалавека, то адразу ж прыгадваю фразу вядомага гумарыста Міхаіла Жванецкага: толькі ён гаворыць пра тое, што знакаміты, або нехта яшчэ? І гэта не проста прыхны «нячэснага» журналіста.
Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Мікалай Чаргінец напісаў больш за сорак літаратурных твораў, некалькі сцэнараў да мастацкіх фільмаў і спектакляў, але ў энцыклапедыі гісторыі Беларусі яго прозвішча няма. Каб зразумець, чаму так здарылася, прапаную назваць тры лепшых твора пісьменніка. Вельмі сумнеўна, што падобнае змогуць зрабіць нават кіраўнікі БРСМ.
Між тым, шматлікія чуткі, што за Чаргінца працуюць так званыя «літаратурныя рабы», пакінем без увагі. Прапаную абмежавацца толькі тым, што ў мінулым годзе ён узначаліў «правільны» саюз пісьменнікаў, а на пахаванні Васіля Быкава «вызначыўся» правакацыяй наконт сімволікі. Улада вельмі жадала зрабіць нешта агіднае, і зрабіла.
Каб пералічыць усе пасады, якія займае Мікалай Іванавіч, трэба пісаць асобны артыкул, таму звернем вашу ўвагу толькі на апошнюю. Зараз ён старшыня камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.
Калі трымацца логікі Лукашэнкі, які аднаго апанента назваў «пчаляром», другога «парашковым металургам», Чаргінца трэба лічыць «футбалістам». У адрозненні ад другога вядомага прыхільніка гэтай гульні Уладзіміра Канаплёва, ён займаўся футболам прафесійна.
Нарадзіўся Мікалай Іванавіч 17 кастрычніка 1939 года ў Мінску і ўжо праз 15 год стаў членам юнацкай каманды і выступаў за зборную Беларусі. Як пішуць у розных анкетах, першая «трудовая деятельность» звязана таксама з футболам. У гэта цяжка паверыць, але калісьці (дакладней, у 1955 годзе) Чаргінец іграў у прафесіянальных футбольных камандах Мінска, Вінніцы і Кішынёва.
Спачатку Мікалай Іванавіч працаваў на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе, а потым стаў міліцыянерам, дзе па службовай лесвіцы падняўся да старшыні ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў. Якраз у ягобытнасць на гэтай пасадзе і адбылася «віцебская справа», разблытваць якую давялося Мечаславу Грыбу.
У 1984 годзе Чаргінца накіравалі дапамагаць афганскай міліцыіі, якую ў той час называлі царандоя. Сам факт камандзіроўкі адбыўся якраз пасля паседжання ЦК КПБ, на якім разглядалася справа «віцебскай справы», і раздаваліся зусім не ўзнагароды за фальсіфікацыі следства, за прысуды невінаватым. Так што тая камандзіроўка для Чаргінца была выратаваннем. Ці так супала, ці так было задумана, цень «віцебскай справы» на Чаргінца не трапіў. Наадварот, на яго ўпаў водбліск героя афганскай вайны.
Пра тую вайну гавораць рознае, таму ўстрымаемся ад якіх-небудзь каментараў. Як кажуць у адной папулярнай тэлеперадачы: «Зараз толькі факты». Жылі Чаргінцы ў Кабуле, дзе было адносна бяспечна. Справа ў тым, што за Мікалаем Іванавічам у афганс кую сталіцу прыехалі яго жонка з дачкой Вольгай, якая за выдатную вучобу ў пасольскай школе была ўзнагароджана залатым знакам ЦК УЛКСМ. Па словах самога Чаргінца, яго блізкія потым не хацелі адтуль з’язджаць. Дарэчы, гэты выпадак не адзінкавы. Расказвалі, што аднаму генералу з Расіі самалё там прывозілі карову, кааб той мог папіць сырадою. Праз некалькі месяцаў яе мянялі.
6 снежня 2003 года Мікалай Іванавіч расказаў штодыднёвіку «7 дней» і іншыя падрабязнасці сваёй службы. Яны былі настолькі цікавымі, што я вырашыў зрабіць толькі адну цытату: «Абстаноўка ў хаце была яшчэ тая: на кухні на балконе — кулямёт, ля дзвярэй на табурэтцы — аўтамат, пісталет, пару гранат, ля кожнага акна па аўтамату, гранаты. Усюды зараджаная зброя».
А праз некалькі гадоў на моднай зараз он-лайн канферэнцыі БТ ён сказаў, што вельмі паважае былога міністра абароны Расіі Паўла Грачова. У Афганістане той камандаваў 103-й дывізіяй і бываў з Чаргінцом у розных сітуацыях. Аднойчы Грачоў на танку прарваўся да Чаргінца, які быў у акружэнні, і выратаваў. Паверыць у падобнае вельмі цяжка. Такое ўражанне, што мы чытаем сюжэты з чарговых вельмі танных дэтэктываў.
Пісьменніца Святлана Алексіевіч расказвала мне, што калі пісала «Цынкавых хлопчыкаў» уключыла ў кнігу расказ пра памерлага сына адной з жанчын. А калі над пісьменніцай быў сумна вядомы суд, яна сярод ісцоў убачыла тую жанчыну і спытала, чаму яна там. І пачула ў адказ: «Мне не патрэбна праўда. Мне патрэбны сын-герой».
Думаю, успаміны Чаргінца таксама з тых міфаў, якія разлічаны на абсалютна недасведчаных людзей.
У Мінск Чаргінец вярнуўся ў 1987 годзе і атрымаў прызначэнне начальнікам упраўлення ўнутраных спраў на транспарце. У 1993 годзе яго прызначылі старшынёй Камітэта па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, ветэранаў вайны і ўшанаванні памяці загінулых пры Савеце Міністраў РБ.
На гэтай пасадзе Мікалай Іванавіч і сустрэў свой зорны час, якім былі першыя прэзідэнцкія выбары. Трэба падкрэсліць, што шалёны кар’ерны рост гэтага далёкага ад першых роляў чыноўніка не пачаўся адначасова з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Першыя два гады апошні амаль не набліжаў да сябе М. Чаргінца, хаця той вельмі часта публічна дэманстраваў сваю падтрымку.
У нейкім сэнсе пераломным можна лічыць 1997 год, калі Лукашэнка пачаў ствараць свой «кампактны» парламент, у верхнюю палату якога (Савет Рэспублікі) па прэзідэнцкай квоце трапіў урэшце і Мікалай Чаргінец. Тое можна лічыць своеасаблівай кампенсацыяй за няўдалую спробу абрацца дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання. З таго часу Чаргінец стаў больш палітыкам, чым міліцы- янерам-пісьменнікам.
Як вызначыць яго ролю ў якасці палітыка? Сам Мікалай Іванавіч у шматлікіх інтэрв’ю ацэньвае яе ну вельмі высока. На справе ж, нават калі б быў ён нават сямі пядзяў у ілбе, роля гэта другасная, нават не правадніка ці распрацоўшчыка, а прапагандыста чужых ідэй. Бо нічога не вырашае так званы парламент, і тым больш не вырашае камісія па міжнародных справах, якую ён узначальвае. Знешняя палітыка — выключна за адміністрацыяй прэзідэнта.
Праўда, час ад часу яму даручаецца роля канферансье ў палітычным спектаклі. Зандаж магчымай рэакцыі і падрыхтоўка патрэбнай рэакцыі. Ці апраўдання, падачы ў патрэбным асвятленні дзеянняў, што ўжо адбыліся. Вось два яскравых прыклада. «Меня, честно скажу, даже удивляет терпимость нашего государства к Союзу писателей, который устами некоторых крикунов заявляет о непризнании страны, герба, флага, власти». Гэта сказана 7 студзеня 2005 года. Саюз яшчэ існаваў, ату яго.
«У Козулина произошел какой-то перекос в мышлении… Я его давно знаю. Когда-то я помогал ему в том, чтобы он как ректор развивал БГУ. Умный человек, грамотный, но полез не в ту сферу... Я не против, когда человек выступает оппонентом власти. Но выступает в нормальных рамках, дозволенных Конституцией и законом». А гэта сказана 4 снежня 2006 года. На 47 дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна.
Фарысейства не патрабуе каментараў.
Калі ў чым і дасягнуў пэўных вяршынь Мікалай Чаргінец, дык гэта ў піяры. Пошук на googl дасць нам сотні спасылак на яго і пра яго, з якіх вынікае, што больш разумнага, маральнага, духоўнага, дасведчанага ва ўсіх галінах ведаў, больш працаздольнага чалавека ў Беларусі не знойдзеш. Днямі адбылася прэм’ера фільма пра яго. І фільм яму спадабаўся. Складваецца ўражанне, што сенатар, генерал-лейтэнант Чаргінец інтэнсіўна рыхтуе глебу пад сваё вылучэнне кандыдатам на чарговых прэзідэнцкіх выбарах.
Ад чыноўных пасад ёсць адна несумненная карысць: не толькі добрыя грошы, але і магчымасць пабачыць свет. Мікалай Іванавіч Чаргінец быў амаль у 60 краінах. Большасць паездак — службовыя камандзіроўкі. Гэта нягледзячы на тое, што апошнім часам яго проста не пускаюць у некаторыя дзяржавы па палітычных матывах.
Амаль анекдатычная гісторыя здарылася з узнагародай Чаргінца медалём, як лепшага палітыка 2005 года, быццам бы Кембрыджскім універсітэтам. Высветлілася — нейкім Кембрыджскім біяграфіч ным цэнтрам, пра які ніхто не ведае.
Канфузам абярнулася і гісторыя з яшчэ адной прэміяй, на якую быў вылучаны Мікалай Іванавіч сакратарыятам Саюза пісьменнікаў — прэмію Саюзнай дзяржавы. «А потом, — каментаваў сам Чаргінец, — члены Правления по надуманному предлогу, что Союзного государства не существует, настояли на том, чтобы никого на премию не выдвигать. На мой взгляд, это просто глупо и недальновидно. Разве нет у нас достойных литераторов…»
Затое трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса — адзіны з дзяржаўных палітыкаў. За рознабаковыя дасягненні ў галінах навукі, культуры, літаратуры, палітыкі і г.д. Такую «всеядность» Чаргінец тлумачыць пэўным славалюбствам. Мне ж хочацца дадаць, што і ўзровень творчай прадукцыі даволі нізкі. Так адбываецца амаль заўсёды, калі чалавек адразу бярэцца зрабіць вельмі многае.На мой погляд, менавіта славалюбства кіравала Чаргінцом, калі ён з задавальненнем пагадзіўся ўзначаліць перадвыбарны штаб кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі. Мікалай Іванавіч добра ведаў, як будзе рабіцца «перамога», а потым і сам Лукашэнка публічна прызнаў, што вынікі выбараў фальсіфікаваныя.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме