15:00 20.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларускія журналісты і палітыкі каментуюць артыкул А. Бухвостава "Мимикрия"
10:29, 20 Ноября |
15 лістапада на сайце ucpb.org з’явілася публікацыя Аляксандра Бухвостава пад назвай “Мимикрия”. Аўтар артыкулу заявіў, што “незалежных СМІ ў прынцыпе няма і быць не можа”, і што “павінная быць партыйная прэса і журналісты”, якія “неслі б у масы ідэалогію АДС (Аб’яднаных дэмакратычных сіл).
У. Бухвостаў назваў журналістаў некаторых недзяржаўных СМІ “дэмакратычнымі барзапісцамі” за тое, што яны крытыкуюць прадстаўнікоў апазіцыі. На думку аўтара публікацыі, яны, “прыкрываючыся нібыта сваёй прынцыповасцю, робяць тое, што выгадна ўладзе, а значыць, працуюць на ўладу”.
“Відавочная патрэба ў газетах і іншых выданнях, якія б неслі ў масы ідэалогію АДС, ідэалогію адзінства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, сацыяльныя правы і гарантыі. Павінная быць партыйная прэса і журналісты. У нас адна сёння партыя – АДС», - рэзюмуе А. Бухвостаў.
Прэс-служба ГА «БАЖ» вырашыла пацікавіцца ў беларускіх журналістаў і палітыкаў, ці падзяляюць яны пазіцыю сп-ра Бухвостава.
Жанна Літвіна, старшыня ГА “БАЖ”: Самая глабальная праблема для нас - гэта адсутнасць традыцыі свабоды слова. Адзін з самых ганебных і абразлівых момантаў – калі журналістаў спрабуюць «запіхнуць» у межы сферы абслугоўвання. Тое, з чым мы сутыкнуліся ў гэтым выпадку, я лічу адсутнасцю палітычнай культуры, палітычнай недальнабачнасцю. Журналісты не абавязаныя абслугоўваць ні рухі, ні асобныя партыі, ні іх лідэраў. Задача незалежных журналістаў – зрабіць палітыкаў пазнавальнымі. Не было ніколі цвёрдай пазіцыі ў нашай дэмакратычнай апазіцыі ў дачыненні да незалежнай прэсы. З аднаго боку, ёсць жаданне бачыць у нас саюзнікаў - асабліва пад час палітычных кампаній, - але абсалютна не было і няма ніякіх крокаў для таго, каб стварыць сваю партыйную прэсу. Калі такія выданні з’явяцца, здымецца палова пытанняў да незалежнай прэсы.
Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ: Я думкі У. Бухвостава не падзяляю. Па-першае, з 1990-га года ў дэмакратычных партыях і арганізацыях спрабуюць стварыць свае друкаваныя органы. Але гэта не надта атрымліваецца, таму што іх ніхто не хоча чытаць – у тым ліку і самі сябры партый. Людзям патрэбная рознабаковая інфармацыя, і місія журналістаў – даваць яе людзям. А прапагандысцкія «рэкламкі» - гэта асобны від прадукцыі, які да журналістыкі мае вельмі адноснае дачыненне… Увогуле, сварыцца з прэсай – гэта тое самае, што пляваць супраць ветру. Менавіта гэтым зараз займаецца сп. Бухвостаў.
Але разам з тым хачу зазначыць, што нашыя незалежныя журналісты вельмі часта рознабаковую інфармацыю падмяняюць сваімі ацэначнымі артыкуламі. Між тым, для таго, каб даваць ацэнкі, трэба быць прызнаным спецыялістам у той ці іншай галіне. Інакш гэта не лепшым чынам прэзентуе самога журналіста.
Андрэй Бастунец, намеснік старшыня ГА “БАЖ”: Насуперак сцвярджэнню, што мэта апраўдвае сродкі, менавіта выбар сродкаў вызначае мэту, якая можа быць дасягнутая. Абранне ў якасці сродку дасягнення мэты паслухмяных, “зручных” СМІ дзіўным чынам яднае пазіцыі ўлады і некаторых яе апанентаў. Адзначу, што свабода слова з’яўляецца не толькі адной з асноўных свабод, але і крытэрам выканнаня іншых правоў і свабод чалавека. Стаўленне да гэтага крытэра дастаткова яскрава вызначае ступень дэмакратычнасці поглядаў таго ці іншага палітыка.
Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ: Інстытут свабоднай прэсы – гэта абсалютна неад’емная частка грамадства ў любой краіне - нават у нашай. Што да кампетэнцыі ў крытыцы, то гэта ўжо іншае пытанне. Тут шмат залежыць ад падыходу канкрэтнага выдання. Калі чалавек, які мае шырокі кругагляд, добрую адукацыю і высокія маральныя якасці (а такіх журналістаў у нас вельмі шмат), крытыкуе мяне, я заўсёды вельмі ўважліва прыслухоўваюся да такіх меркаванняў. Да меркавання некаторых не надта прыслухоўваюся... Але, калі нас не будуць крытыкаваць, то мы будзем думаць, што мы бездакорныя, і ніколі не пераадолеем аўтарытарызму і не абаронім нашай незалежнасці. Мы можам не пагаджацца з крытыкай, але, думаю, любое свабоднае выданне дасць трыбуну любому свабоднаму дзеячу, каб ён мог адказаць на крытыку…
Алесь Анціпенка, кіраўнік “Беларускага калегіюму”: Правільна абсалютна напісаў сп. Бухвостаў, што павінная быць партыйная прэса і партыйныя журналісты. Няхай сабе АДС ствараюць сваю прэсу, адкрываюць свае праграмы на радыё... Ніхто не супраць. Што ж да абвінавачанняў на адрас журналістаў, што прагучалі ў артыкуле А. Бухвостава, - дык гэты пафас разважанняў паходзіць акурат з савецкіх часоў, калі прэса была партыйнай зброяй, а журналісты лічыліся ідэалагічнымі працаўнікамі. Хацелася б пажадаць, каб палітыкі, што называюць сябе дэмакратычнымі, як мага хутчэй пазбавіліся ад савецкай ментальнасці.
Эдуард Мельнікаў, сябра Праўлення ГА “БАЖ”, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта: Людзям, якія прытрымліваюцца такіх поглядаў, як А. Бухвостаў, трэба проста прайсці пачатковы курс навучання журналістыцы – напрыклад, у ЕГУ. Пачынаючы з першых курсаў маладых журналістаў вучаць, што прафесія журналіста заключаецца ў тым, каб даваць аб’ектыўную, неангажаваную інфармацыю. Калі кажуць, што мы не павінныя служыць уладам – гэта зразумела. Мы не будзем служыць і тым, хто прыйдзе на змену гэтым уладам. Мы павінныя прытрымлівацца галоўнага прынцыпу – асвятляць падзеі з пункту погляду аб’ектыўнага назіральніка.
Але калі нам кажуць, што зараз у нас павінна з’явіцца «партыйная прэса», што ў нас «адна партыя – АДС», то наступным крокам можа стаць вывешванне на будынках лозунгаў: “ОДС – наш рулевой!” ці “Партия ОДС и народ - едины!”. Яшчэ старыя надпісы захаваліся, можна «КПСС» зняць і паставіць «АДС» - і ўсё будзе тое ж самае! Каму гэтая тэма асабліва цікавая, адсылаю да поўнага збору твораў У.І.Леніна ў сіняй вокладцы, 5-е выданне, том 12, старонка 105. Артыкул «Аб партыйнай арганізацыі і партыйнай літаратуры»…
Намесніца дэкана факультэта журналістыкі БДУ Таццяна Самусевіч адмовілася каментаваць прэс-службе БАЖ артыкул А. Бухвостава. Выслухаўшы пытанне, яна заявіла, што не будзе размаўляць па тэлефоне, бо “назвацца можна кім заўгодна” і потым “што заўгодна напісаць”. Дэкан журфаку Сяргей Дубовік, па яе словах, цяпер знаходзіцца ў ад’ездзе.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» працягне апытанне палітычных дзеячоў і журналістаў на гэтую тэму. (На жаль, на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу шмат хто з беларускіх палітыкаў быў у ад’ездзе).
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме