19:36 17.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

У Віцебску зьбіраюць віншаваньні Казуліну

12:15, 17 Ноября |

Ініцыятыўная група віцяблян вырашыла павіншаваць вядомага палітыка і палітвязьня Аляксандра Казуліна зь днём народзінаў, які ён мае адзначыць 25-га лістапада. Віншавальныя паштоўкі, на якіх віцебскія мінакі напішуць свае пажаданьні, будуць перададзеныя ў калёнію "Віцьба-3", дзе Аляксандар Казулін адбывае пакараньне.

Як распавёў адзін з ініцыятараў віншавальнае акцыі Леанід Сьвецік, напісаць колькі словаў на паштоўцы для палітвязьня можа кожны ахвотны жыхар Віцебску.

"Мы даведаліся, што 25-га лістапада – дзень народзінаў Аляксандра Казуліна. І, адчуваючы адказнасьць за лёс гэтага чалавека, мы прапанавалі, каб віцябляне напісалі свае пажаданьні на паштоўках, якія мы потым адвязем у калёнію. Таксама мы набудзем яму кветкі – гэта будуць ружы, бо ружа лічыцца сымбалем сацыял-дэмакратыі. Мы ведаем, што аднапартыйцы Казуліна, віцебскія сацыял-дэмакраты, ужо падалі заяўку на пікет салідарнасьці са сваім лідарам. А наша акцыя пазапартыйная – проста ад імя жыхароў нашага горада”, – сказаў Леанід Сьвецік.

Зьбіраць віншаваньні для Аляксандра Казуліна выказаў жаданьне найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. У самым цэнтры горада, каля так званага "Сіняга дома" – дома №28 па вуліцы Леніна, – ён штодня распаўсюджвае недзяржаўную прэсу. Побач зь незалежнымі выданьнямі Барыс Хамайда разьмясьціў партрэт Аляксандра Казуліна і прапануе ахвотным мінакам напісаць колькі словаў да зьняволенага палітыка.

"Тут вось партрэт і надпіс: "25-га лістапада Дзень народзнаў Аляксандра Казуліна. Павіншуем палітвязьня!" Побач ляжыць вялікая сьвяточная паштоўка, у ёй ужо некалькі чалавек напісалі свае віншаваньні. І ўсім, хто зацікавіўся, я кажу: "Калі ласка, калі хочаце, запісвайце вашыя пажаданьні ды аўтографы", – распавядае Барыс Хамайда.

Некалькі віншавальных паштовак былі запоўненыя ў першы ж дзень акцыі.

Зьбіраць пажаданьні віцяблянаў плянуецца да 22-га лістапада. У той самы дзень ініцыятары акцыі мяркуюць паехаць у калёнію "Віцьба-3", каб паспрабаваць перадаць віншаваньні палітзьняволенаму. У тым выпадку, калі ім адмовяць, у ахвотных павіншаваць Аляксандра Казуліна застанецца шанец накіраваць паштоўкі па пошце – каб да дня народзінаў 25-га лістапада яны ўсё-ткі трапілі да адрасата.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме