14:30 11.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Паездка ў Беларусь

12:39, 11 Ноября | Зінаіда Цімошак, Слуцкі раён,

Насамрэч жыву я ў нашай краіне, і нікуды адсюль не з’язджала – але назва артыкула невыпадковая, бо, сапраўды, 7 лістапада я наведала нашу краіну, імя якой Беларусь.

Гэтая дзівосная краіна мае гісторыю, герояў, якіх не забывае і чыімі імёнамі ганарыцца. Знаходзіцца сапраўдная Беларусь зусім недалёка ад майго Слуцка, але неяк не выпадала раней наведаць музей беларускасці у Старых Дарогах на сядзібе Анатоля Яфімавіча Белага.

7 лістапада – дзень, калі камуністы з чырвонымі сцягамі нясуць кветкі да помніка Леніну. Наганяюць сум: ужо столькі вядома пра камуністычны тэрор і пагібель ні ў чым нявінных людзей, што ў мяне ўзнікае сумненне ў іх разумовым здароўі, а таксама і ў наяўнасці чалавечнасці. Таму адзначаю гэты дзень, як дзень Чырвонага тэрору. І таму сёлета вырашыла менавіта ў гэты дзень наведаць знакаміты музей.

У Старых Дарогах я раней не была, але шукаць музей не давялося, бо кіроўца прыватнай машыны, да якога звярнулася, ахвотна згадзіўся бясплатна даставіць мяне да сядзібы, дзе месціцца музей. Відавочна, што старадарожцы ганарацца славай свайго горада.

У музеі ўсё прасякнута беларускім духам. Духам Ларысы Геніюш, Васіля Быкава, Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага... Там столькі твораў беларускага выяўленчага мастацтва, столькі сканцэнтравана помнікаў нашым выбітным пісьменнікам, дзеячам беларускай культуры – сапраўдны Пантэон. Можна ўбачыць каля 250 партрэтаў “Нашаніўскага перыяду”, радавод Вялікіх князёў Літоўскіх, радавод Полацкіх князёў, усе беларускія ілюстрацыі да твораў В.Быкава, кнігі гэтага пісьменніка на 75 мовах свету, яго малюнкі, асабістыя рэчы, 600 твораў медальённага мастацтва (у Нацыянальным музеі толькі 24). Дамінанта экспазіцыі – герб “Пагоня” і выява Францыска Скарыны.

Асобнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Слуцкаму Збройнаму Чыну, угодкі якога хутка будзе адзначаць дэмакратычная грамадскасць Беларусі.

Для мяне было вялікай неспадзяванасцю, калі даведалася, што якраз ў дзень майго прыезду Анатоль Белы закончыў працу над помнікам Героям Слуцкага Збройнага Чыну, адкрыццё якога павінна адбыцца 24 лістапада. Майстра запрашае ўсіх нераўнадушных людзей Беларусі прыняць ўдзел ва ўрачыстасці.

На помніку адлюстравана рука параненага байца, якая спрабуе ўтрымаць крыж Еўфрасінні Полацкай, наверсе якога знаходзіцца герб “Пагоня”. Сама карціна плоская, але з’яўляецца ілюзія аб’ёму і пры падсветцы ўзнікае незабыўнае ўражанне. Стоячы каля помніка Змагарам, хочацца верыць, што яшчэ жыве ў нашага народа, нягледзячы ні на што, імкненне да волі.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме