17:30 03.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Сацыяльны марш»: два ў адным?
16:35, 3 Ноября |
Аргкамітэт вырашыў праводзіць Сацыяльны марш па маршруце, дазволеным уладаю. Раней, аднак, ужо распаўсюджвалася інфармацыя пра першапачатковыя час і месца збору: на Кастрычніцкай плошчы. Частка людзей, асабліва моладзі, натуральна, прыйдзе туды. Ці не ўзнікне тут раскаардынаванасці? На гэтую і іншую тэмы, звязаныя з Сацыяльным маршам – аналітык Вадзім Казначэеў.
– Ці лічыце вы перспектыўнай самую ідэю такой акцыі, як Сацыяльны марш?
– Безумоўна, так. На маю думку, гэта пахвальна, што апазіцыя шукае «балявыя кропкі», спрабуе знаходзіць рэчы, якія закранаюць многіх людзей, – а не засяроджваецца на чыста палітычных лозунгах.
– А як вы ацэньваеце арганізацыю Сацыяльнага маршу?
– Гэта ўжо іншая справа. Ацэньваю як не дужа моцную і прадуманую. На жаль, спроба дасягнуць кампрамісу на практыцы зрэалізавалася ў прынцып «Хто ў лес, хто па дровы».
– Але абвяшчаецца імкненне «скарыстаць розныя фарматы» – г.зн., захапіць і тых, хто лічыць ганебным ісці на «бангалорку», і тых, хто не хоча ўдзельнічаць у супрацьстаянні з сілавымі структурамі...
– З гэтым можна б пагадзіцца, але з адным нюансам: тады трэба было б спачатку сустрэцца на Кастрычніцкай плошчы – а пасля ісці на Акадэмію навук. Адпаведна, калі на Кастрычніцкай будуць збірацца а 2-й гадзіне – ля Акадэміі варта было б збірацца а 3-й. А ніяк не а 12-й, як гэта вырашана аргкамітэтам. Такім чынам, замест адзінай акцыі ў двух фарматах атымліваюцца шасцярэнькі, што круцяцца паасобку.
– Можа, тыя палітыкі, якія зараз дэкларуюць прыхільнасць да дыялогу з уладамі, не хочуць абвастраць сітуацыю?
– Наконт нейкага міфічнага «дыялогу з уладамі» – гэта ўвогуле спецыфічная тэма, вартая асобнай размовы. Пакуль зазначу толькі, што які б там ні было дыялог можа адбывацца толькі па канкрэтна акрэсленых тэмах і толькі пры ўзаемным жаданні бакоў яго весці. На дадзены момант ні таго, ні другога няма. А рабіць навязлівыя прапановы такога кшталту – гэта значыць, дабраахвотна станавіцца ў прыніжаную позу і папросту праяўляць паслужлівасць да ўлады.
Пра гэта сведчаць і іншыя, вельмі непрыгожыя, наўпрост кажучы, моманты. На паседжаннях аргкамітэта Сацыяльнага марша гучала, што дружына, якая будзе займацца аховай парадку падчас акцыі, мае намер перашкаджаць адхіленням ад прапісанага ўладамі маршруту. Гэта што, апазіцыйныя ахоўнікі возьмуць на сябе функцыі спецназаўцаў ды будуць дзейнічаць поруч з імі? Гэтаксама ў дачыненні тых, хто незадаволены ператварэннем пратэстнай акцыі ў паход на плошчу Бангалор, некаторыя арганізатары неаднаразова ўжывалі слова «правакатары». Падчас Еўрапейскага маршу гэтае слоўца датычна дзьвюх тысячаў маладых людзей, што рушылі ў бок Нацыянальнай бібліятэкі, вымавіў былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч (дарэчы, у інтэрв’ю радыё «Рацыя»). Я ўпэўнены, што трэба як мінімум больш асцярожна скарыстоўваць падобныя азначэнні. Можна па-рознаму ацэньваць мэтазгоднасць ды эфектыўнасць таго ці іншага кроку – але нельга ж абражаць апанентаў. Альбо тыя, хто любым коштам хоча стварыць ілюзію дыялогу з уладаю, вырашылі, што гэтаму будзе спрыяць, калі ў стаўленні да іншадумцаў яны зробяцца падобнымі да гэтай улады?
– Як вы ацэньваеце заявы пра жаданне дзейнічаць «па-еўрапейску», «у межах закону» – і, такім чынам, адмежавацца ад радыкальных захадаў моладзі?
– Наколькі мне вядома, ні пра якія радыкальныя захады гаворкі няма. Я не чуў, каб нехта планаваў захоп банкаў, поштаў ды тэлеграфу або збіраўся штурмаваць «Чырвоны дом». Ёсць імкненне абсалютна мірным шляхам скарыстаць сваё канстытуцыйнае права на мітынгі і дэманстрацыі. Што ж тут радыкальнага?! Ва ўсёй Еўропе сілавыя метады да дэманстрантаў ўжываюцца толькі ў выпадках, калі тыя перакульваюць машыны, разбіваюць вітрыны ці кідаюць камяні ў паліцыянтаў (першымі, падкрэслім – а не ў адказ!). А каб прайсці са сваімі патрабаваннямі па вуліцах – на гэта не патрабуецца дазволу ўладаў, трэба толькі паведаміць. Прычым не па ходніках, а па праезнай частцы, – бо мэта кожнай дэманстрацыі – максімальна прыцягнуць увагу да пастаўленай праблемы. Гэта і ёсць еўрапейскі падыход. То бок, падыход свабодных людзей, якія маюць годнасць і гатовыя адстойваць свае правы – а не рушыць крокам туды, куды загадала начальства. Паслухмяна пагаджацца на навязаныя правілы гульні – прычым навязаныя нецывілізаваным і антыканстытуцыйным шляхам – гэта зусім не па-еўрапейску.
– Ці ёсць яшчэ нейкія хібы ў арганізацыі гэтай акцыі?
– Апазіцыйным акцыям хранічна бракуе крэатыву. Я нічога не ведаю наконт нейкіх свежых творчых падыходаў, накіраваных на відовішчнасць, нестандартнасць, проста на цікавасць акцыі. Насамрэч гэта вельмі важна – асабліва калі бярэцца за мэту прывабіць новых людзей. Зрэшты, пабачым. Як казалі ў папулярнай тэлевізійнай гульні: «Чакаць засталося нядоўга».
Ссылки по теме:- 03.11.2007 -
- 01.11.2007 -
- 31.10.2007 -
- 24.10.2007 -
- 18.10.2007 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме