17:30 03.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Такія людзі не павінны быць забытыя” <BR><BR>Памяці Міхася Ткачова
15:57, 3 Ноября | Ігар Рынкевіч, для ucpb.org
На фота:Міхась Ткачоў
Споўнілася пятнаццаць гадоў, як памёр магутны дойлід беларускага Адраджэння, першы старшыня адноўленай партыі беларускіх сацыял-дэмакратаў прафесар Міхась Ткачоў. Ён пакінуў нас, сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, сваіх суайчыннікаў, на 51-годзе жыцця — у самым росквіце сіл. Беларусь з болем у сэрцы развітвалася з Міхасём Аляксандравічам 3 лістапада 1992 года.
Памятаю, як мне было невыносна цяжка стрымліваць слёзы, калі я стаяў з бел-чырвона-белым сцягам каля яго труны падчас грамадзянскай паніхіды ў сталічным Доме літаратара... А людзі ўсе ішлі ды ішлі, схіліўшы галаву, каб аддаць Міхасю Ткачову даніну павагі. Пра гэтае мноства людзей трапна заўважыў Васіль Быкаў у сваіх словах у вянок памяці М. Ткачова: “Можа, не дабраўшы з народнага прызнання пры жыцці, ён узяў астатняе пасля сваёй смерці, здзейсніўшы там спазнелы акт справядлівасці, ці не з біблейскіх часоў угатаваны сапраўды апостальскім спосабам”.
Днямі, 31 кастрычніка, у смутную гадавіну, некалькі маіх аднапартыйцаў паехалі да Міхася Ткачова ўскласці кветкі да яго магілы. Я меўся з імі ехаць таксама, але на гэты час быў запрошаны на сустрэчу са спадарыняй Белхасэн, кіраўніцай сусветнай праваабарончай арганізацыі. Ёй я мусіў распавесці пра пажаданыя формы замежнай салідарнасці з сённяшнім старшынёй партыі — асуджаным 51-гадовым прафесарам Казуліным. Пэўныя паралелі паміж першым і цяперашнім кіраўнікамі нашай партыі напрошваюцца самі, але з’яўляюцца асобнай тэмай. Я тут, мабыць, не гатовы глыбока асэнсаваць гістарычную ролю асобы Ткачова. Сёння я проста хачу ўскласці кветкі-словы памяці Міхасю Ткачову, распавесці пра некаторыя старонкі жыцця, што назаўжды звязалі мяне з Міхасём Аляксандравічам.
Маё знаёмства з прафесарам Ткачовым адбылося ў жніўні 1985 года, калі ён у складзе камісіі з трох выкладчыкаў Гродзенскага універсітэта прымаў у мяне ўступны іспыт па гісторыі. Памятаю, як ён пагрозліва падышоў да мяне і сказаў, што я занадта доўга разглядаю атлас з картамі. Я з ім не згадзіўся і адклаў атлас, калі палічыў патрэбным. Але прафесар Ткачоў быў аб’ектыўным і не стаў “завальваць” мяне пры адказе пытаннямі. Калі камісія “выдахлася”, нехта з калегаў Ткачова задаў мне напрыканцы добразычлівае пытанне пра мой улюбёны перыяд гісторыі. Я ж чакаў падвоху і згадаў пра тое, што добра вывучыў, — пра эпоху Пятра І. Прафесар Ткачоў тады ўсміхнуўся сваёй знакамітай саркастычнай і адначасова мяккай бацькоўскай усмешкай... Так я, выпускнік школы з залатым медалём, пасля экзаменацыі Ткачова атрымаў “выдатна” і пуцёўку ў вышэйшую адукацыю – стаў студэнтам гістфака ГрДУ.
Хутка я зразумеў прычыну той усмешкі прафесара. Міхась Ткачоў выкладаў мне археалогію, і менавіта ад яго я ўпершыню спазнаў, як можам мы, маладыя беларусы, з натхненнем вывучаць сваю паўзабытую гісторыю. Ён асабліва цікава, нібы дойлід, нібы рыцар, расказваў пра абаронную архітэктуру, пра замкавыя муры Беларусі. Як жа можна пасля лекцый Ткачова было аддаваць перавагу “пятроўскай эпосе”, а не роднай мінуўшчыне?!
Пасля першага курса мяне забралі ў савецкае войска, і я два гады “мацаваў абароназдольнасць” СССР. Калі ж я ўлетку 1988 года вярнуўся дадому, дык амаль адразу рушыў у студэнцкі атрад на археалагічную практыку. З большай часткай маіх аднакурснікаў я паехаў на раскопкі да знакамітага Крэўскага замку. Міхась Ткачоў з іншымі студэнтамі паехаў на іншы, малавядомы аб’ект. І ў тым месцы здарыўся з прафесарам інцыдэнт, які і дасюль не дае мне спакою. Каля сялянскага клубу да студэнтак прычапіліся мясцовыя хуліганы, і заступіўся за іх толькі прафесар Ткачоў. Хлопцы-студэнты спалохаліся, на дапамогу яму не прыйшлі, мужны Міхась Ткачоў быў цяжка збіты. А ў яго былі і без таго хворыя ныркі. Я, як і іншыя байцы крэўскага атрада, пазней дакаралі баязлівых студэнтаў, разважалі, што, маўляў, не пакінулі б свайго выкладчыка ў бядзе. Прызнаюся, пакутую дагэтуль, што не паехаў разам з ім, не стаў у той дзень побач. Даруй, Міхась Аляксандравіч.
Самая вядомая старонка жыцця Ткачова ў Гродна звязана з заснаваннем гісторыка-культурнага клуба “Паходня”. Усе гродзенскія дэмакраты родам з “Паходні”. А хутка выйшла на прастору партыя, з якой я і звязаў свой лёс. Напрыканцы 1991 года я, малады грамадовец, прыехаў у сталіцу на партыйную канферэнцыю па эканоміцы. Вярталіся ў метро разам з Міхасём Ткачовым. Я распавёў свайму настаўніку і партыйнаму старшыні пра мае погляды. “Кажы-кажы, што ад цябе чакаць”, — падбадзёрваў Міхась Аляксандравіч. Я сфармуляваў сваю пазіцыю як правага сацыял-дэмакрата, бо “набраўся” ў Маскве сацыяльна-ліберальных поглядаў. А прафесар Ткачоў далікатна выслухаў ды спакваля, як умеў рабіць толькі ён, давёў да мяне канцэптуальную шырыню палітычнай ідэалогіі Грамады. Сапраўды, пры ім у партыі было месца і для нацыяналістаў, і для марксістаў з сацыялістамі. Пад веліччу палітычнай постаці Ткачова гарманічна суіснавалі грамадоўцы розных асабістых тэмпераментаў. Упэўнены, пры прафесары Ткачове ніякіх глыбокіх унутрыпартыйных расколаў, што прайшлі ў другой палове 90-х гадоў, не адбылося б... А тады Ткачоў моцна паціснуў мне руку: “Да сустрэчы, правы сацыял-дэмакрат!”
Да гэтага часу смерць гэтага Чалавека па-сапраўднаму не асэнсавана. Спраўджваецца і запавет Зянона Пазняка падчас жалобнай вячэры ў дзень пахавання пра тое, што такія людзі, як Міхась Ткачоў, не павінны быць забытыя. Згадаў З. Пазняк умову такой памяці — калі “будзе жыць народ, дзяржава, культура, Бацькаўшчына. Таму, калі гаворым пра памяць, мы павінны працягваць яго справу”. Пасля прыходу да ўлады “народнага прэзідэнта” памяць пра Ткачова, пра іншых вялікіх сыноў Беларусі не толькі не ўшаноўваецца, а наадварот вытоптваецца. Рэпрэсіўны антынацыянальны рэжым руйнуе ідэалы пачатку 90-х гадоў, мы жа працягнем за іх змагацца! Міхась Аляксандравіч Ткачоў праклаў нам годны шлях, а гэта значыць, наперадзе барацьба за далейшае ўсталяванне беларускасці, дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасці ў нашай дзяржаве.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме