21:30 01.11.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Чаму iсьцi на Сацыяльны Марш
19:42, 1 Ноября | Алесь Чайчыц, Ляйтматывам наступнай буйнай акцыі апазыцыі зьяўляецца патрабаваньне вярнуць ільготы студэнтам і пэнсіянэрам, адмененыя сёлета ўладамі. Выкажу думку, якую многія, магчыма, не падтрымаюць: у прынцыпе, касаваньне ільготаў для насельніцтва - гэта неабходнае і карыснае мерапрыемства. Што не адмаўляе неабходнасьці ісьці на Сацыяльны марш.
Не плаціць за тое, што атрымліваеш
Ільготы – гэта пазытыўная цанавая дыскрымінацыя пэўных катэгорыяў насельніцтва паводле таго прынцыпу, што гэтыя катэгорыі насельніцтва ня здольныя самастойна плаціць за паслугі, але заслужылі таго, каб да іх ставіліся адмыслова. Гэта могуць быць людзі зь фізычнымі недахопамі, альбо людзі непрацаздольнага ўзросту, альбо людзі, што згубілі кармільца ў сям’і. Блізкім да гэтага ёсьць інстытут савецкай дзяржаўнай пэнсіі, калі чалавек атрымлівае грашовую дапамогу ад дзяржавы пры дасягненьні пэўнага ўзросту і наяўнасьці “працоўнага стажу”.
У эканоміках некаторых заходніх краінаў ёсьць і іншыя катэгорыі людзей, якія калі-некалі таксама атрымлівалі ці атрымліваюць розныя палёгкі, напрыклад, пры працаўладкаваньні. Гэта людзі, якія, паводле нейкага меркаваньня, у іншым выпадку зрабіліся б ахвярамі нейкае дыскрымінацыі: паводле палавога, расавага, этнічнага прызнаку і гэтак далей. У выніку, ужываючы вобраз з кнігі Яраслава Раманчука, атрымоўваецца, што адзіныя людзі, хто ніколі не падпадзе пад ільготы – гэта белыя гетэрасэксуальныя мужчыны працаздольнага ўзросту і безь цялесных альбо мэнтальных недахопаў. Меншасьць зь меншасьцяў.
Па лёгіцы, ільготы на карыстаньне нейкімі паслугамі альбо пакупку тых ці іншых тавараў прадстаўляе пэўным катэгорыям сваіх кліентаў той, хто тыя паслугі прадае. Хтось можа прадаваць тавары таньней блакітнавокім, а хтосьці можа ўсталёўваць адмысловыя зьніжкі для чарнаскурых ці вусатых. Напэўна, гэта добра, калі прынцыпам цанавой дыскрымінацыі робіцца беднасьць ці нейкія камусьці вядомыя заслугі, але зрэшты цанавая палітыка – гэта прыватная справа прадпрымальніка, бо ён рызыкуе выключна сваімі ўласнымі грашыма. Атрымліваць тое, за што плоціш
Іншая справа – паслугі дзяржаўных прадпрыемстваў накшталт таго ж грамадзкага транспарту. Паслугі дзяржаўных прадпрыемстваў не прыносяць прыбытку (менскі мэтрапалітэн і аўтобусныя лініі элемэнтарна нерэнтабэльныя) і субсідуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, то бок прадстаўляюцца за кошт усяго насельніцтва праз падаткі, гвалтоўна зьбіраныя ў тым ліку з тых, хто, напрыклад, не карыстаецца аўтобусным транспартам.
Падаткі – гэта цана, якую чалавек плоціць за паслугі дзяржавы. Па лёгіцы, чым больш чалавек плоціць, тым большым памерам паслугаў ён павінен карыстацца. У выпадку з чалавекам, што не карыстаецца аўтобусным транспартам, атрымліваецца роўна наадварот. Можна запярэчыць, што выдаткаваньне дзяржавай грошай на нешта, не патрэбнае канкрэтнаму падаткаплацельшчыку, стварае своеасаблівую “пагрэшнасьць”, але гэта будзе кампэнсавана праз тое, што гэтаксама і за гэтага плацельшчыка хтосьці калісьці штосьці умоўна заплоціць праз пасярэдніцтва дзяржавы. Умоўна і ўяўна. І чым большая “сацыяльнасьць” эканомікі, тым больш гэтая “пагрэшнасьць”, тым большая ўмоўнасьць і ўяўнасьць прынцыпаў пераразьмеркаваньня, ацэнкі таго, што чалавек атрымлівае ўзамен сваіх заплочаных падаткаў. Хіба справядліва гэта?
Дзяржава - гэта сумніўнай маральнай якасьці сродак пераразьмеркаваньня грошай ад тых, хто працуе і зарабляе, тым, хто жыве іх коштам. Акрамя гэтага, дзяржава – гэта апрыёрна, навукова даказана неэфэктыўны ўласьнік і прадпрымальнік. Роля дзяржавы ў эканоміцы і грамадзтве павінна быць мінімізаваная. У ідэале, ільготаў у звыклым, савецкім разуменьні проста не павінна існаваць. То бок, той жа грамадзкі транспарт павінен быць прыватным, і прыватны ўласьнік павінен сам вызначаць, у дачыненьні да якіх катэгорыяў насельніцтва ён будзе ўсталёўваць ці не ўсталёўваць ільготныя цэны, як апісана вышэй.
Заўжды лепш, калі людзі забясьпечваць сябе самі – гэта прасьцей, празрысьцей і надзейней. Згадзіцеся, што лепш самому распараджацца ўласнымі грашыма, чым аддаваць іх чыноўніку для таго, каб ён кудысьці “справядліва” разьмяркоўваў іх, і ўзамен даваў табе ня больш за абяцаньне, што, мабыць, за гэта і табе калісьці хтосьці штосьці разьмяркуе, калі ты зробісься ільготнікам. Разьмяркуе ў суме, дакладна ня вызначанай, і пры тым, што ты, мабыць, ніколі і ня зробісься ільготнікам.
Сваімі грашыма чалавек павінен распараджацца самастойна. Абы было чым распараджацца – і тут мы падыходзім да ключавога моманту.
Мець грошы плаціць за тое, што атрымліваеш
Пытаньне ня ў тым, касаваць дзяржаўныя ільготы ці не: адназначна касаваць. Пытаньне ў тым, як і калі і для каго іх касаваць. Каб людзі мелі грошы і маглі абысьціся безь дзяржаўнага “общака”, сацыялістычная беларуская дзяржава павінна была спачатку стварыць адпаведныя ўмовы. Замест бясплатных ці танных паслугаў людзі павінны мець магчымасьць зарабіць грошай, каб плаціць за паслугі платныя. Канечне ж, аб стварэньні гэтых умоваў у лукашэнкаўскай Беларусі разважаць немагчыма, учорашнія ільготнікі – старыкі і студэнты – аб’ектыўна ня здольныя плаціць поўную цану за транспарт і лекі.
Як зрабіць так, каб у людзей зьявіліся грошы?Магчымы сцэнар гэтага можна ў агульных рысах сабе уявіць. Першы крок – максымальна магчымая лібэралізацыя эканомікі, здыманьне адміністратыўных перашкодаў для прадпрымальнікаў. Дзяржаўная рэгістрацыя павінна зрабіцца самай дробнай зь перашкодаў на шляху да ўласнага бізнэсу. Крок другі – скарачэньне падаткаў, усталяваньне максымальна нізкай і аднолькавай для людзей зь любым узроўнем заробку шкалы падатку на асабісты даход. І толькі празь некалькі гадоў пасьля правядзеньня гэтых мерапрыемстваў, калі эканоміка перабудуецца, запрацуе і пачне прыносіць прыбытак, калі ў людзей зьявяцца грошы ад свайго дзела ці ад заробку, можна распачынаць дэканструкцыю паразытарнага інстытута ільготніцтва.
Вырашэньне праблемы пралягае выключна і толькі праз грунтоўныя рынкавыя рэформы, да якіх рэжым, напэўна, так і не наважыцца да свайго скону. Рынкавыя рэформы ня толькі супярэчаць савецкай мэнтальнасьці сёньняшніх кіраўнікоў Беларусі, але таксама яўляюць непасярэдную небясьпеку для рэжыму: людзі, што маюць уласныя грошы і менш залежаць ад дзяржавы, аднойчы пачнуць падтрымліваць рэсурсамі апазыцыю і патрабаваць дэмакратыі. Выснова: пакуль будзе рэжым, праблема вырашаная ня будзе.
Ані заплаціць, ані атрымаць
Людзі, якія зьяўляюцца пэнсіянэрамі зараз, ня мелі магчымасьці працаваць і зарабляць грошы для сябе. Яны працавалі ўсё сваё жыцьцё на савецкую эканоміку, антыэфэктыўную і непрадуктыўную па сваёй натуры. На працягу 80 гадоў адзіным капіталістам і працадаўцам была дзяржава, якая накіроўвала працу людзей на падтрыманьне рэпрэсіўнага апарату і падрыхтоўку да чарговай сусьветнай вайны, а не на стварэньне карыснага прадукту.
Таму менавіта дзяржава мусіць несьці адказнасьць за тое, што людзі “савецкага” пакаленьня апынуліся ў становішчы, калі яны вымушаныя спадзявацца выключна на падтрымку сваіх дзяцей і на дзяржаўную дапамогу. Сучасным пэнсіянэрам ільготы, безумоўна, трэба пакінуць, а дакладней, канвэртаваць у грашовую форму. Для тых жа, хто распачаў (ці распачне) працоўную дзейнасьць у рынкавых умовах, дзяржаўных пэнсіяў і ільготаў прадугледжана быць не павінна: павінен быць паступовы пераход на пэнсійныя фонды зь безумоўным допускам на гэты рынак прыватных гульцоў, плюс зьніжэньне падаткаў на асабісты даход.
Лукашэнка – клясычны прыклад безадказнага й бессаромнага сацыял-папуліста. Касаваць ільготы зараз - гэта ашуканства ў дачыненьні да людзей, непрыхаваны зьдзек з насельніцтва Беларусі. Асаблівы цынізм гэтаму зьдзеку прыдае традыцыйная квазісацыялістычная і антылібэральная рыторыка лукашысцкага рэжыму. Прапаганда малюе вобраз Лукашэнкі, які за тое, каб усім усяго было пароўне і задарма – а ў рэчаіснасьці рэжым вымушаны прымаць антыкрызысныя меры па сутнасьці лібэральнага характару, але выкананыя без малейшага пачуцьця адказнасьці за людзей з боку дзяржаўнай машыны.
Пратэст супраць гэтага ў дадзенай сытуацыі – гэта добрая спроба злавіць лукашэнкаўскі рэжым “за хвост” на яскравай супярэчнасьці паміж дэкляратыўнымі сацыялістычнымі лёзунгамі і антысацыяльнымі справамі.
Таму не сумнявайцеся, ці ісьці на Сацыяльны марш. Тым болей, што на апазыцыйныя акцыі неабходна хаодзіць на ўсе, у незалежнасьці ад стаўленьня да лідараў апазыцыі, да інтэграцыі ў ЭЗ ці касаваньня ільготаў. Бо ўрэшце рэшт размова заўжды пра адное і тое ж – пра нашую чалавечую годнасьць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме