15:00 31.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

«Сацыяльны марш». А што гэта такое?

12:15, 31 Октября | Яўгень Таўгень,

Чаму так мала людзей выходзяць на акцыi пратэсту? Пашукаць адказ на гэтае пытанне мы вырашылi каля прахадной Мiнскага аўтамабiльнага завода.

На вулiцы Працоўнай, амаль побач з прахадной, гутараць тры пажылыя жанчыны. Падыходжу, расказваю пра мэту вандроўкi сюды i адразу пытаюся:

— Вы возьмеце ўдзел у “Сацыяльным маршы”?

Жанчыны здзiўлена пераглянулiся. Потым адна пытае:

— А што гэта такое?

— Акцыя пратэсту супраць росту цэн, дарагоўлi i пагаршэння жыцця...

— Ой, жыццё сапраўды пагаршаецца. На пенсiю не пражывеш, — працягвае суразмоўца. — А наконт удзелу... Магчыма, i пайшла б, каб ведала пра яго болей.

Яе сяброўкi iншай думкi.

— Якi толк з таго маршу, — кажа другая. Трэцяя дадае: “Старыя мы ўжо шпацыраваць па вулiцы”.

З прахадной выходзяць людзi. Падыходжу да маладога хлопца. Кажа, што працуе рабочым. Пра Марш нiчога не чуў. Наконт удзелу адказвае:

— Ведаеце, мая галава забiта зусiм iншымi праблемамi.

Iду насустрач мужчыне ў гадах. Разгаварылiся. Пра акцыю ён таксама нiчога не чуў. Наконт дарагоўлi разважае фiласофскi:

— Навошта змагацца з ростам цэн? Гэта бессэнсоўна. Раслi i будуць расцi. Ва ўсiм свеце растуць. Калi ў нас застануцца нiзкiмi, я закуплю тут тавар, павязу ў Маскву, прадам у два разы даражэй i кiну потым гэты завод, а вы кiнеце работу ў сваёй газеце, будзем гандляваць таварамi.

— А як жа змагацца за паляпшэнне жыцця?

— Трэба дамагацца павышэння зарплаты.

— Вы дамагаецеся?

— За мяне начальства падумала. Праз месяц буду зарабляць на 100 тысяч больш.

— А якая зарплата цяпер?

— За мiнулы месяц атрымаў чыстымi, на рукi, 750 тысяч рублёў.

Чарговы суразмоўца, рабочы сярэдняга ўзросту, разважае так:

— Каб прымаць удзел у акцыi, трэба ведаць намеры iх арганiзатараў.

— Якiя ў iх намеры могуць быць?

— Ну, нейкiя палiтычныя цi эканамiчныя. Чаму я павiнен працаваць на iх?

Iдуць дзве жанчыны сярэдняга ўзросту. Пытаю:

— Вы працуеце на аўтазаводзе?

— Так.

— Я з газеты, можна вам задаць пытанне?

— Прабачце, мы з заводской палiклiнiкi, спяшаемся на працу.

I яны борздзенька паспяшалiся па тратуары.

Iнжынер таксама не чуў пра “Сацыяльны марш”. А наконт свайго ўдзелу ў iм так адказаў:

— Вы ж ведаеце, што ў нас шмат лянiвых людзей. Я адношуся да iх.

З цыгарэтай у зубах выходзiць з прахадной чарговы аўтазаводзец.

— Цi чулi што пра “Сацыяльны марш”? — пытаюся ў яго.

— Не-е, не чуў. I не ўдзельнiчаю ў такiх рэчах.

— Чаму?

— Разумееце, я не актывiст, я просты рабочы.

Я пагутарыў з 21-м чалавекам. Нiхто з iх нiчога не чуў пра гэты Марш. Толькi адна пенсiянерка сказала, што, магчыма, i ўзяла б у iм удзел, калi б больш ведала пра яго.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме