21:45 24.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сацыяльны Марш падзяліў “старую” і “маладую” аппазіцыю
19:27, 24 Октября |
Пытаньне трасы Сацыяльнага маршу, які павінен адбыцца 4 лістапада, падзяліў прадстаўнікоў апазыцыйных структураў. Нават можна казаць пра канфлікт паміж пакаленьнямі – старэйшымі лідэрамі партый і моладзевымі актывістамі.
У Менгарвыканкаме заяўнікам маршу быў запрапанаваны традыцыйны маршрут: ад Акадэміі навук да плошчы Бангалёр. Некалькі гадзінаў таму адбылося паседжаньне аркамітэту па правядзеньні акцыі, на якім актывісты павінны былі вырашыць, па якой трасе пройдзе марш.
Цягам двух гадзінаў сябры аргкамітэту не знайшлі агульнага рашэньня. Калі казаць пра пачатак акцыі, то партыйныя лідэры (БНФ, АГП, ПКБ) вырашылі падпарадкавацца рашэньню гарадзкіх уладаў і сабрацца каля Акадэміі навук а 12 гадзіне. На такое рашэньне не пагаджаецца маладое крыло апазыцыі. Моладзь хоча выйсьці на Кастрычніцкі пляц, як заяўлялася раней. Прадстаўнік „Маладых дэмакратаў” Міхаіл Пашкевіч лічыць, што неабходна захаваць твар.
М. Пашкевіч: Трэба захаваць твар. Атрымліваецца, што ўсе нашыя заявы ў прэсе былі пустымі словамі. Моладзь заклікае прыйсьці ў 14.00 на Кастрычніцкі пляц.
Спадар Хадыка хоча прывесьці людзей на Бангалёр, ПКБ яшчэ думае.
АГП лічыць, што трэба нешта прыдумаць, але не ісьці на Бангалёр.
На маю думку, пасьля правальнага Эўрапейскага маршу, як бы не называлі моладзь правакатарамі, яна зьяўляецца галоўным рухавіком вулічных акцыяў. Віктар Івашкевіч заявіў, што Эўрапейскі марш быў бы выбітнаю акцыяй, калі б яго не сарвалі маладыя правакатары, то я зь ім не згаджаюся.
Нас, маладых, часта абвінавачваюць, што мы правакуем паліцыю на конт-дзейнасьць. Але, калі б мы, маладыя, не выходзілі на вуліцу, то ня ведаю, ці адзін спадар Івашкевіч здолеў бы правесьці буйную акцыю.
У інфармацыйным пляне, мы й так ужо правалілі гэты Сацыяльны марш.
Не знайшлі пагадненьня сябры аркамітэту і ў справе заканчэньня трасы. Частка хоча ісьці, як дазволіў Менгарвыканкам, да пляцу Бангалёр. Моладзь зноў жа прапануе першапачатковае заканчэньне трасы – пад Нацыянальнаю бібліятэкаю. Сябры АГП лічаць, што неабходна нешта прыдумаць, толькі б не ісьці на Бангалёр.
Старшыня аркамітэту Валеры Ўхналёў пацьвердзіў, што на сустрэчы вырашана ісьці дазволенаю трасаю.
В. Ухналёў: Сацыяльны марш мы будзем праводзіць па схеме Менгарвыканкаму. Зьбіраемся каля Акадэміі навук 4 лістапада а 12 гадзіне. Калі нехта не даведаецца, што месца збору зьменена й прыйдуць на Кастрычніцкі пляц, мы іх забярэм і прывядзем пад Акадэміі навук.
Канец трасы пакуль дакладна не вызначаны, бо ёсьць розныя меркаваньні. Галоўны сёньня для нас быў пачатак акцыі.
Упершыню, улады далі дазвол не за пяць дзён да пачатку акцыі, а за адзінаццаць. Гэта значыць, што ў аркамітэта будзе шмат часу, каб правесьці інфарамацыйную акцыю й паведаміць пра месца сустрэчы, паведаміць пра тое, што акцыя дазволеная.
У выніку, 4 лістапада Сацыяльны марш пачнецца ў двух месцах – на Кастрычніцкім пляцы й Акадэміі навук. А далейшае разгортваньне падзей, відаць, ніхто ня зможа прадбачыць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме