19:15 23.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Як зьменяцца стасункі паміж Варшаваю й Менскам з прыходам у Польшчы новага прэм’ера?

14:32, 23 Октября |

Зь вялікаю доляю верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што ў выніку пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Польшчы й перамогі на іх лібэральнае партыі “Грамадзянская плятформа” новым прэм’ер-міністрам краіны стане лідэр “ГП” Дональд Туск. Як вядома, у жніўні бягучага году Дональду Туску, а таксама кіраўніку дэпутацкае групы “Салідарнасьць зь Беларусьсю” у польскім Сэйме і дэпутату ад “Грамадзянскай плятформы” Робэрту Тышкевічу было адмоўлена ва ўезьдзе ў нашую краіну. Як зьменяцца стасункі паміж Менскам і Варшаваю па прыходзе новага прэм’ера – у дачыненьні да якога ўлады паступілі ““недыпляматычна”?


Палітоляг Валеры Карбалевіч мяркуе, што зьнешняя палітыка такой краіны, як дэмакратычная Польшча, рэзка ня зьменіцца з прыходам новага ўраду.

— Польшча – гэта краіна Эўразьвязу, дзе асноўныя кірункі зьнешняе палітыкі каардынуюцца ў межах усёй эўрапейскай супольнасьці, — лічыць экспэрт. – Таму нейкіх важных зьменаў у беларуска-польскіх дачыненьнях чакаць ня варта.

Зь ім згодны сустаршыня Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, адказны за міжнародныя стасункі, Вінцук Вячорка.

— Стаўленьне Польшчы да Беларусі фармуецца на панадпартыйным роўні, і я ня думаю, што будуць нейкія прынцыповыя зьмены, — мяркуе лідэр Партыі БНФ. – Адказныя польскія палітыкі зыходзяць з таго, што Беларусь павінная быць незалежнай дэмакратычнай дзяржавай, і многія зь іх прыклалі шмат намаганьняў на міжнародным узроўні, каб такая пазыцыя Польшчы ў гэтым пытаньні сталася і пазыцыяй агульнаэўрапейскай.

Вінцук Вячорка адзначыў, што прадстаўнікі менавіта “Грамадзянскай плятформы” спрычыніліся да падтрымкі дэмакратычнае будучыні Беларусі. “Маючы новыя магчымасьці, яны праявяць сябе яшчэ больш”, — спадзяецца палітык.

— Дональд Туск, які ўдзельнічаў у канфэрэнцыях, прысьвечаных дэмакратычнай будучыні Беларусі, як і знаныя сябры “Грамадзянскай плятформы” Ян Ракіта, Барбара Кудрыцка, Яцэк Сар’юш-Вольскі, Богдан Кліх, Робэрт Тышкевіч ня толькі маюць фармальную пазыцыю, але і добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі, — адзначае Вінцук Вячорка.

На думку Валерыя Карбалевіча, існуе шэраг момантаў, якія здольныя ўсё ж унесьці нейкія негатыўныя адценьні ва ўзаемадачыненьні паміж кіраўніцтвамі дзьвюх дзяржаваў. Гэта і згаданы прыклад з адмовай у візе, і тое, як пракамэнтаваў гэты факт сам кіраўнік Беларусі.

— Далі ў морду і правільна зрабілі, прыкладна так прагучала ягоная рэпліка. І вось цяпер давядзецца мець справу з чалавекам, якому “далі ў морду”, бо верагоднасьць таго, што ён стане прэм’ерам, даволі вялікая”, — мяркуе палітоляг. Паводле Валерыя Карбалевіча, калі ў эканамічным пляне нашыя стасункі разьвіваюцца, то палітычныя зносіны застаюцца даволі напружанымі.

— Асабліва яны ўскладніліся пасьля вядомых падзеяў з Саюзам палякаў Беларусі ў 2005-м годзе, якія ёсьць чыньнікам, што перашкаджае паляпшэньню стасункаў паміж Менскам і Варшаваю, — лічыць экспэрт. – Пакуль гэтая праблема ня вырашыцца, яна будзе азмрочваць нашыя адносіны, хаця прыезд у Беларусь новага польскага амбасадара – гэта жэст Варшавы, які сьведчыць пра жаданьне размарожваць дачыненьні.

Але беларускі бок, на думку Валерыя Карбалевіча, увесь час іх псуе. Палітоляг прыгадаў нядаўні факт затрыманьня ў Гародні й асуджэньня да вялікага грашовага штрафу старшыні СПБ Анжалікі Борыс і журналіста выданьня "Magazyn Polski na uchodzstwie" Ігара Банцара.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме