16:31 23.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Што зменіцца ў стаўленні Польшчы да Беларусі?
18:46, 22 Октября | Алег Аскерка,
На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Польшчы перамогу атрымала апазіцыйная партыя “Грамадзянская платформа”, якая і будзе фармаваць новы кааліцыйны ўрад краіны. Як прыход да ўлады “Грамадзянскай платформы” і іх партнёраў паўплывае на адносіны з беларускай уладай і апазіцыяй? Якія могуць быць змены ў стасунках паміж Варшавай і Мінскам?
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Польшчы, пасля апрацоўкі больш чым 90% бюлетэняў лідзіруе “Грамадзянская платформа”. Яна сабрала больш за 41% галасоў выбаршчыкаў. За партыю “Права і справядлівасць”, якая дагэтуль фармавала ўрад, прагаласавала 32%. У новы Сойм таксама праходзіць кааліцыя “Левыя і дэмакраты” - 13,2% і Польская сялянская партыя” - 8,8% галасоў.
Адным з асноўных партнёраў ліберальнай “Грамадзянскай платформы” Дональда Туска ў Беларусі ёсць Аб’яднаная грамадзянская партыя. Намеснік яе старшыні Яраслаў Раманчук вітае такі выбар палякаў:
- “Платформа” значна больш еўрапейская партыя, партыя інтэгратараў і канструктывістаў. Таму я лічу, што Польшча зможа адбудаваць свой аўтарытэт у еўрапейскіх колах і вярнуць сабе ролю папулярызатара інтарэсаў Еўропы да нашай краіны.
Яраслаў Раманчук спадзяецца, што з прыходам да ўлады “Грамадзянскай патформы” кантакты польскага ўраду з беларускімі дэмакратычнымі сіламі будуць больш сістэмнымі і плённымі. Спадар Раманчук таксама прагназуе, што будучы польскі ўрад будзе ставіць перад афіцыйным Мінскам тыя самыя пытанні аднаўлення ў Беларусі дэмакратыі, захавання правоў чалавека, у тым ліку правоў Саюзу палякаў.
А вось меркаванне пра ўчарашні выбар Польшчы старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс:
- “Грамадзянская платформа” аказвала нам вялікую падтрымку, і не думаю, што для нас тут што-небудзь зменіцца. Старшыня “Грамадзянскай платформы” прыязджаў у Гродна, каб нас падтрымаць. А другі раз яго ўжо не пусцілі. Для нас важна, каб Польшча была шанаванай, моцнай дзяржавай на міжнароднай арэне. Мы можам за іх толькі перажываць і пажадаць ім усяго добрага.
Партыя БНФ мае пагадненне аб партнёрстве з кіруючай дагэтуль партыяй “Права і справядлівасць”. Пра тое, якія змены можна чакаць з прыходам да ўлады ў Польшчы новых людзей, у інтэрв’ю Рацыі паразважаў намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
- На маё меркаванне, беларускім уладам не варта чакаць нейкага змякчэння пазіцыі з боку новага польскага ўраду. Як у справе абароны польскай меншасці, так і ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Што праўда, думаю, што новы ўрад будзе імкнуцца ўжываць больш сучасныя метады ўздзеяння на цяперашні беларускі ўрад. Я думаю, што будзе спроба наладзіць нейкі трохбаковы дыялог. У фармаце – беларускі ўрад, польскі ўрад і прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці. Як дзеля дэмакратызацыі краіны, так і пошуку шляхоў уздыму беларускай эканомікі ды яе абароны ад узняцця коштаў на расійскія энэрганосьбіты.
А палітычны аглядальнік міжнароднага парталу Wider Europe Раман Якаўлеўскі лічыць, што адносіны з афіцыйным Мінскам у новых польскіх уладаў могуць быць розныя ў залежнасці ад таго, з якой партыяй “Грамадзянская платформа створыць урадавую кааліцыю:
- Што тычыцца Беларусі – усё залежыць ад канфігурацыі будучай урадавай кааліцыі. Калі кааліцыя будзе з “сялянамі” Вальдэмара Паўляка, жорсткасць да афіцыйнага Мінска можа быць зменшаная. Што да “Левых і дэмакратаў”, то туды ўваходзяць такія дзеячы, як Януш Анышкевіч і Браніслаў Герэмек. І іх дзейнасць у Еўрапарламенце па беларускім пытанні была вельмі спрыяльнай для дэмакратычных сіл Беларусі.
Пры гэтым Раман Якаўлеўскі не выключае, што ў справе энергетычнай бяспекі новы ўрад у Варшаве будзе весці дыялог з беларускімі ўладамі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме