23:00 13.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дыялог альбо трыбунал?
21:29, 13 Октября |
«Не павінна быць “дыялогу бяз межаў”: трэба ставіць уладу ў рамкі часу, у які яна мусіць выканаць свае абяцаньні і дамоўленасьці», – падкрэсьліў Анатоль Лябедзька падчас «круглага стала», што адбываўся пад эгідаю Нацыянальнага Камітэта аб’яднаных дэмсілаў. Мерапрыемства мела назоў «Беларусь у Еўропу ці Еўропу ў Беларусь?».
Паводле Лябедзькі, шанец на правядзеньне парламецкіх выбараў, якія б адпавядалі стандартам АБСЕ, можа даць сьпецыяльная міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі. На пытаньне «Якія падставы разьлічваць, што гэта ня скончыцца гэтак жа безвынікова, як усе папярэднія спробы перамоў з гэтым рэжымам?» А.Лябедзька адказаў: «Улада будзе пастаўленая ў сітуацыю выбара. Альбо канфэрэнцыя, дыялог і рэальныя зьмены – альбо Міжнародны трыбунал над рэжымам. Калі рэжым адмаўляецца ўдзельнічаць у канфэрэнцыі ці не выходзіць на рашэньні, якія выконваюцца на справе – тады будзе бачная наіўнасьць спадзяваньняў на дыялог».
Увогуле ж у «круглым стале» бралі ўдзел вядомыя палітыкі, аналітыкі, эксперты. Асноўны даглад зрабіў палітолаг Валерый Карбалевіч. Ён вылучыў шэраг чыньнікаў, якія тлумачаць, «навошта беларускім уладам наогул патрэбная Еўропа».
Першы зь іх – «фактар прызнаньня, фактар легітымнасьці», бо тое, што Лукашэнку нідзе не прымаюць і не лічаць за роўнага, «стварае для яго пэўны псіхалагічны дыскамфорт».
Другі – «супрацьвага Расіі, сродак шантажа Масквы: калі вы не дадзіце нам прэфэрэнцыяў, мы пойдзем на Захад. Гэты сродак на Расію ўжо не дзейнічае, бо там зразумелі, што на Захадзе ў Лукашэнкі дрэнная рэпутацыя і там яго не прымуць».
Нарэшце, трэці – гэта «практычныя дывідэнды». В.Карбалевіч нагадаў, што «на Захад ідзе больш за 40% беларускага экспарта»; такім чынам, на яго думку, «ёсьць фактар узьдзеяньня, якім Еўропа амаль не карыстаецца».
Лукашэнка ж хоча атрымаць гэтыя дывідэнды «за сам факт дыстацыяваньня ад Расіі: маўляў, ужо за гэта вы павінны нам заплаціць і нас падтрымаць». Адначасова Захад скарысоўваецца ў прапагандысцкім плане дзеля стварэньня «вобраза ворага, мадэлі крэпасьці ў аблозе, што нібы апраўдвае закручваньне гаек. Гэта мадэль кожнай дыктатуры», – адзначае Карбалевіч.
Аднак высьвятляецца, што Лукашэнку на Захад «няма чаго прадаць: дыстанцыяваньня ад Расіі самога па сабе мала. Таму Еўропа заняла дастаткова цьвёрдую і прынцыповую пазіцыю».
Вядомы аналітык Вячаслаў Паздняк зазначыў, што нельга ўспрымаць Еўразьвяз як нейкі маналіт: «Там існуе плюралізм падыходаў, у тым ліку і па Беларусі». Прыблізна пра гэта ж казаў і былы амбасадар Пётра Садоўскі: некаторыя сапраўды займаюць прынцыповую пазіцыю – іншыя ж гатовыя дзейнічаць па прынцыпе «Гандляваць можна і з чортам». У гэтай сувязі кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук засьведчыў, што ў еўраструктурах распаўсюджаная думка: «Чым большай будзе эканамічная інтэграцыя зь Еўрапейскім Зьвязам – тым больш у Беларусі будзе дэмакратыя». А экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч заявіў, што гэтую думку цалкам падзяляе: «Я прыхільнік таго, каб заходні капітал сюды ішоў. Гэта будзе карысным і для дэмакратыі».
Анатоль Лябедзька заўважыў, што тэзіс «Беларусь трэба зрабіць сапраўды еўрапейскай краінай» ёсьць прывабным для людзей: «Незалежна ад таго, за “левых” чалавек ці за “правых”, ён хоча жыць у лепшых, больш камфортных умовах». А былы палітвязень Мікола Статкевіч, які ўзначальвае адну з сацыял-дэмакратычных партыяў, наогул прапанаваў зрабіць «еўрапейскасьць» цантральным лозунгам «палаткавай» кампаніі: «Перавагі еўрапейскага шляху разьвіцьця я магу лёгка патлумачыць на ўзроўні калгаснага каваля ці сьлесара». Наконт таго, цантральным або не цантральным, была дыскусія – але з тым, што «еўрапейскі» пункт неабходна шырока выкарыстоўваць у працы з насельніцтвам, пагадзіліся ўсе.
Матэрыялы «круглага стала» будуць вывучацца і скарыстоўвацца Нацыянальным Камітэтам.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме