23:00 05.10.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Прэзідэнт» альбо «прэзідэнт»? Ды ўвогуле ніяк! Прэзідэнта ў Беларусі няма. Ёсьць дыктатар
21:54, 5 Октября | Вадзім Казначэеў, сьпецыльна для ucpb.org
У беларускіх інтэлектуальных колах ідзе разгляд пытаньня пра зьмены ў правапісе беларускай мовы. Пайшло гэта з нагоды абмеркаваньня ва ўладных колах праекта закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі».
Нават такая захоўніца беларускіх гістарычных традыцыяў, як газэта «Наша ніва», агучыла магчымасьць пагадзіцца з новымі правіламі «дзеля нацыянальнага адзінства».
Гэткае «адзінства» выклікае вялікія сумневы. Пры тым, што самі па сабе папраўкі да арфаграфіі ў нас нейкага вялікага сумневу не выклікаюць. Прынамсі, мы лічым досыць лягічным адаптаваньне запазычаных словаў (напісаньне накшталт «лідар»). Увогуле гэта сусьветны агульналінгвістычны закон: запазычаныя словы адаптуюцца паводле заканамернасьцяў мовы, у якую яны ўваходзяць. Дарэчы, у гэтым сэнсе «тарашкевіца», як падаецца, ня мае рацыі: асобныя правілы для запазычаных словаў, штучнае падкрэсьліваньне іх экзатычнасьці ніяк ня ёсьць нармалёвым.
Неяк у часопісе «Архэ» давялося прачытаць, як нейкія маладзёны «сьцябаліся» ад слова «філялёгія». Лейтматывам ў гэтым эсэ (перапрашаю – не памятаю прозвішча аўтаркі) было: «От жа ж бэйбусы!» Я раблю з гэтага зусім іншую выснову: паводле сучаснага ўспрыманьня, гэтае слова гучыць сапраўды сьмешна; напісалі б «філалогія» – падобнай рэакцыі ня ўзьнікла б.
Пазначэньне на пісьме асімілятыўнай мяккасьці, паводле фанетычнага прынцыпу, што пануе ў беларускай граматыцы, якраз з’яўляецца абгрунтаваным – але насуперак гэтаму ёсьць сацыялінгвістычныя фактары, якія нельга ськідаць з рахункаў. Аднак гэта – больш сьпецыфічная тэма, якую трэба разглядаць хутчэй на філялягічным, а не на палітычным сайце.
Сумневы – дый ня тое што сумневы, а рэзкае непрыманьне – выклікае тут іншае.
Па-першае, гэта саўдэпаўскае імкненьне ўвесьці рэпрэсіўныя санкцыі за ўжываньне ў медыях іншых арфаграфічных нормаў.
Як бы б там ні было, – ёсьць людзі, якія хочуць гаварыць і пісаць інакш, чым я (і дзяржаўныя органы, што прымаюць гэтую «ўказіўку»).
Па-другое – і гэта, бадай, галоўнае: у правілы (якія, ізноў жа, плянуюць санкцыі за іх парушэньне) ўводзяць нармаваньне напісаньня прапісных літараў.
І з гэтым немагчыма згадзіцца дзеля ніякага «нацыянальнага адзінства». Бо адзінства ў гэткім выпадку магчымае толькі адно: вакол Лукашэнкі.
Такім чынам, мне прадпісваюць (ну, ці будуць гэта рабіць, калі канчаткова прымуць закон) пісаць «Прэзідэнт» і «Палата Прадстаўнікоў» зь вялікай літары. У выпадку, калі я наўмысна – як падкрэсліў старшыня адпавенай «палаткавай» («намётавай»?!) камісіі – менавіта наўмысна напішу нешта з маленькай літары, – мяне могуць чакаць нейкія санкцыі.
Але асабіста я (і ня толькі, – але пакуль кажу за сябе) сьвядома пішу «палата прадстаўнікоў» выключна ў двукосьсі і з маленькіх літараў. Паколькі сам гэты назоў быў прыняты падчас дзяржаўнага перавароту, непрызнанага ўсім цывілізаваным сьветам; паколькі гэта ўвогуле пародыя, бо дэпутатаў у «палатку» рэальна не абіраюць, а прызначаюць. Слова ж «прэзідэнт» у дачыненьні Лукашэнкі я наагул не ўжываю: у Беларусі няма дэмакратычна абранага прэзідэнта, ёсьць дыктатар, які сам сябе прызначыў.
Але! Гэта значыць, што, калі аўтар, пішучы па-беларуску, ужыве азначаныя словы з маленькіх літараў, – ён парушыць закон. А калі па-руску – дык не, ўсё нармальна. Бо рэглямэнтаваць расейскую арфаграфію нашыя, з дазволу сказаць, «заканатворцы» не наважыліся.
То бок, пішы па-руску «палата представителей» – усё будзе о-кэй. А вось перакласьці тое ж самае на беларускую – то ўжо будзе парушэньнем закону.
Што ж тычыцца, прабачце за выраз, «Прэзідэнта Беларусі»... Я б параіў увогуле не ўжываць гэтае словазлучэньне. Аднак ізноў жа ж: калі па-руску – дык, па «законе», можна. А па-беларуску – пасьля прыняцьця закону, атрымаецца, не?!
Дарэчы, – як быць па гэтым «законе» зь іншымі прэзідэнтамі? Усіх трэба – зь вялікай літары? І калі гэта прэзідэнт клясы ў амэрыканскай школе – таксама? Альбо выключэньне з граматычных правілаў робіцца толькі дзеля Лукашэнкі (які насамрэч наагул ніякі не прэзідэнт, а дыктатар і узурпатар)? Дык, можа, варта ўвесьці ў арфаграфічнае нармаваньне правіла пісаць словы «Дыктатар», «Бацька», «Правіцель», ці як яшчэ назывюць Лукашэнку, зь вялікіх літараў?
Гэтым «законам», дарэчы, тлумачыцца тое, чаму мы напісалі матар’ял «тарашкевіцай» (нават і запазычаныя словы, насуперак уласным лінгвістычным перакананьням). Калі незразумела, патлумачым яшчэ прасьцей: нам «па барабане» неправавыя законы, прынятыя нелегітымнай «палаткай». Як хочам, так і пішам. І будзем гэтак рабіць надалей, хаця б недарэчны «закон» быў прыняты хоць канчаткова і хоць у дзясятым чытаньні.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме