16:30 19.09.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Пад "Пагоняй" магло вырасьці ўжо цэлае пакаленьне"
15:19, 19 Сентября | Прэс-група Партыі БНФ
Пра герб і бел-чырвона-белы сьцяг распавядае мастак-плякатыст Уладзімер Крукоўскі, які ёсьць аўтарам (разам зь Я. Куліком) эталёну дзяржаўнага гербу "Пагоня".
- Мінула 16 год з абвяшчэньня гербу "Пагоня" і бел-чырвона-белага сьцягу нацыянальнымі сымбалямі. Ці здолелі яны за гэты час стаць сапраўднымі нацыянальнымі сымбалямі? Ці не былі спляжаныя ўладамі?
- Уладам не ўдалося і ніколі ня ўдасца спляжыць "Пагоню" і бел-чырвона-белы сьцяг. Пяць гадоў лупалі яны над намі. Сем гадоў "Пагоня" была на беларускіх рублях. Кожны чалавек, калі лез у гаманец, бачыў наш герб. Гэтага нельга вытравіць. Ды і ўлада ня вечная. Калі-небудзь давядзецца вяртаць спрадвечныя сымбалі.
- Калі зьменіцца ўлада, можна будзе карыстацца зацьверджанымі ў 1991 годзе эталёнамі нацыянальных сымбаляў, якія Вы распрацоўвалі? Ці трэба будзе ўносіць пэўныя карэктывы, адаптоўваць, рабіць больш сучаснымі?
- У любым разе гэта вырашыць грамадзтва. Мая асабістая думка: падчас распрацоўкі эталёнаў гербу і сьцягу мы ўлічылі абсалютна ўсё: і супадзеньне колераў і суаднесенасьць розных элемэнта. Важна, каб колер гербу плаўна пераходзіў у колер сьцягу. Гэта сусьветная традыцыя. "Пагоня" і сьцяг былі вывераныя паводле клясычных канонаў. Лічу, што грамадзтва Незалежнай Беларусі не адмовіцца ад таго, што было распрацавана намі.
- Што было б, калі б герб і сьцяг не былі забароненыя і замененыя савецкай сымболікай?
- Тады зараз вырасла б цэлае пакаленьне людзей, якія апроч гэтых сымбаляў нічога б і ня бачылі. У 1991 годзе былі нашыя сымбалі абвешчаныя нацыянальнымі і пяць год усё ішло, як трэба. А потым гэты недарэчны рэфэрэндум 1995 году. Аднак я асабіста лічу яго ўсяго толькі гістарычныя казусам. Бо трэба быць гістарычным аптымістам і верыць у лепшае.
- Што для Вас як для мастака значыць герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сьцяг?
- Яны - вяршыня майго майстэрства. Нацыянальныя сымбалі - гэта не пэйзаж, дзе кожны мастак можа маляваць так, як бачыць і адчувае. Усё павінна быць выверана і гістрычна абгрунтавана. Такія рэчы бываюць адзін раз у жыцьці. І гэта для мяне вялікая пашана - быць распрацоўшчыкам эталёны гербу Незалежнай Беларусі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме