13:45 03.09.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Экс-адвакат Рынкевіч: У Беларусь вяртаецца інквізіцыйны крымінальны працэс!

12:36, 3 Сентября | Пресс-служба БСДП

Каментуючы  чарговыя суды па справам у дачыненні да “маладафронтаўцаў”, былы адвакат Ігар Рынкевіч зноў нагадаў аб тым, што артыкул крымінальнага кодэксу, па якім іх пераследуюць,  з’яўляюцца антыканстытуцыйным, неправавым. “Законапраект з гэтымі “драконаўскімі” папраўкамі да кодэксу быў унесены для прыняцця дэпутатамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ад імя Аляксандра Лукашэнкі, так што ў гэтых крымінальных артыкулаў ёсць уласны аўтар. Зараз ужо зразумела, рэпрэсіўны механізм утвараўся не толькі, каб асудзіць актывістаў “Партнёрства”, што збіраліся назіраць за выбарамі. Па аналогіі з адміністрацыйным пераследам, пад які ў сакавіку 2006 года патрапілі больш тысячы чалавек, рэжым тады рыхтаваўся да палітычных працэсаў больш, чым над Аляксандрам Казуліным і чацвёркай лідэраў “Партнёрства”  — над многімі дзесяткамі апазіцыянераў”, — лічыць юрыст

Яшчэ на пачатку мая 2007 года беларускія праваабаронцы накіравалі зварот дэпутатам-заканадаўцам, у вышэйшыя органы судовай улады і пракуратуру зварот з настойлівымі прапановамі адмены гэтых антыправавых артыкулаў Крымінальнага кодэкса і перагляду судовых рашэнняў, рэабілітацыі асуджаных. Як паведаміў І.Рынкевіч,  у тым звароце “мы запатрабавалі ад пракуратуры вынесці па справам катэгорыі кшталту справы супраць “маладафронтаўцаў” наглядныя пратэсты на прысуды, што адбыліся, а таксама спыніць вытворчасць па ўзбуджаным крымінальным справам з вызваленнем грамадзян ад крымінальнай адказнасці  ў сілу страты дзеяннямі грамадскай бяспекі”.

Таму І.Рынкевіч, як і перад майскім працэсам у сталічным судзе Савецкага раёну, публічна заклікаў на гэты раз пракурораў, што падтрымліваюць у судах гарадоў Салігорска і Нясвіжа дзяржаўнае абвінавачванне супраць “маладафронтаўцаў”, каб тыя выкарысталі адпаведную прававую норму аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці— артыкул 87 Крымінальнага кодэкса.

Экс-адвакат упэўнены: “Улада праз пракуратуру павінна, прызнаўшы свае памылкі, адмовіцца ад абвінавачвання і перастаць здзекавацца над суддзямі, прымушаючы тых весці палітычныя справы, падобнай справе над Іванам Шылам і Настай Азарка. Але ў суддзяў, якіх падштурхоўваюць прымаць неправавыя рашэнні і робяць неўезднымі ў Еўрасаюз, ёсць законнае выйсце. Суддзі ў парадку арт.112 Канстытуцыі павінны пры разглядзе гэтых спраў з вывадам аб неадпаведнасці Канстытуцыі нормы арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса вынесці апраўдальныя прысуды ў адпаведнасці з Асноўным беларускім законам і паставіць перад Канстытуцыйным судом (праз Вярхоўны суд) пытанне аб прызнанні артыкула 193-1 кодэкса неканстытуцыйным.”

На жаль,  як указвае былы адвакат А.Казуліна, незалежнасці суддзяў ў вырашэнні падобных спраў не існуе. “І беларускія адвакаты ў сваёй большасці цураюцца  палітычна матываваных спраў, іх аргументы пры спробе спаборнічаць з дзяржаўнымі абвінаваўцамі амаль ніяк не ўплываюць на лёс падабаронных. Па сутнасці, прысуды па такім справам выносяцца не ў пакоях суддзяў, а ў кабінетах выканаўчай улады. Гэта ўжо не славуты абвінаваўчы ўхіл, а “абвінаваўчая вертыкаль”. У Беларусь вяртаецца інквізіцыйны крымінальны працэс. Юных патрыётаў дэмакратычнай Беларусі вядуць, нават не як дысідэнтаў, а як нейкіх ерэтыкоў на касцёр судзілішча. Так пасля сфальсіфікаваных выбараў беларусы атрымалі і фальшывыя судовыя працэсы” — лічыць І.Рынкевіч.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме