17:30 20.08.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Легендарнага Мірона спрабуе запалохаць РНЕ
15:50, 20 Августа | Алёна Штраль,
Чацьвёра віцебскіх апазыцыянэраў атрымалі лісты з пагрозай: "Мірон! Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем!"
Зь невядомых прычынаў аўтары лістоў зь Віцебскай філіі арганізацыі "Русское Национальное Единство" палічылі "міронамі" віцебскіх беспартыйных актывістаў Барыса Хамайду і Сягея Каваленку, а таксама старшыню абласной арганізацыі КХП БНФ Яна Таўпыгу і сябра гэтай партыі Яна Дзяржаўцава. Ніводзін зь іх ні разу ня быў заўважаны за вывешваньнем нацыянальных сьцягоў. Іншая справа, што ўсе чацьвёра сёлета затрымліваліся за выкарыстаньне "незарэгістраванай сымболікі" на Дзень волі 25-га сакавіка.
Адрасы затрыманых былі зафіксаваныя ў судовых справах, і гэта пакуль адзінае тлумачэньне таго, адкуль сябрам РНЕ вядомыя асабістыя зьвесткі адрасатаў. Прынамсі, так мяркуе вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда:
– Усе мы знайшлі гэтыя лісты ў сваіх паштовых скрынях, прычым усе допісы – аднолькавыя. Нам пагражаюць фізычнай расправай, але я ня думаю, што гэта ўсур’ёз. Хаця некалькі год таму было такое, што мяне зьбілі невядомыя хуліганы... Насамрэч Мірон няўлоўны, і гэта ўжо не канкрэтная асоба, а легендарная постаць героя, здольнага ўзьнімаць бел-чырвон-белыя сьцягі ў самых цяжкадаступных месцах – на дахах, вежах, электрычных дратах пад вялікай напругай... Ён дзейнічае ад 1996-га году, і яго ні разу не злавілі міліцыянты. А гэтыя фашыстоўцы, хутчэй за ўсё, актывізаваліся пасьля выхаду "Белорусской газеты" ад 14-га жніўня, дзе было адразу надрукавана некалькі артыкулаў, прысьвечаных нашаму герою.
Да "Мірона", якога аўтары лістоў бачаць чамусь адразу ў чатырох асобах, пісьмовыя пагрозы ад імя РНЕ цягам году атрымлівалі старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залесская, рэдактар газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч.
Ніхто зь іх урэшце рэшт ад нэафашыстоўцаў не пацярпеў, хаця "віцебская філія арганізацыі Русское Национальное Единство" пагражала расправіцца з кожным. Алену Залесскую абяцалі пакараць за тое, што яна не падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Базана – за выдавецтва недзяржаўнай газэты дэмакратычнага накірунку, Вікторыю Дашкевіч – за беларускамоўныя спектаклі тэатра, якія ёй было прапанавана перакласьці на расейскую мову...
Дарэчы, толькі адна Вікторыя Дашкевіч зьвярнулася ў пракуратуру, каб яе абаранілі ад невядомых "змагароў за чысьціню расейскай расы". "Зачэпкі" для сьледзтва ў гэтай справе меліся: на канвэрце быў пазначаны зваротны адрас. Аднак пасьля пэўных апэратыўных дзеяньняў заводзіць крымінальную справу па гэтым факце ў міліцыі адмовіліся – маўляў, па гэтым адрасе сябраў РНЕ няма, і знайсьці аўтараў ліста немагчыма.
Тым ня менш віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік раіць усім чатыром атрымальнікам апошніх лістоў усё-ткі зьвярнуцца ў пракуратуру і настойваць на расьсьледаваньні:
– У лістах адкрыта напісана, што іх рассылаюць ад імя філіі РНЕ. Гэтыя дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул, бо такая грамадзкая арганізацыя на Беларусі не зарэгістраваная. У нас за дзейнасьць ад імя незарэгістравнай арганізацыі судзяць "маладафронтаўцаў", аднак міліцыя чамусьці ігнаруе парушэньні закону нэафашыстоўцамі. Я мяркую, што пракуратура мусіць больш пільна адсочваць дзейнасьць міліцыянтаў, якія не жадаюць разьбіраць справы з удзелам РНЕ!
Дарэчы, на канвэртах з лістамі да "Мірона" ізноў указаны зваротны адрас: Віцебск, Маскоўскі праспэкт, дом №43, корпус 1, кватэра 153. Хто там жыве і ці мае ён дачыненьне да пагрозаў ад імя РНЕ, належыць высьветляць праваахоўным органам. Калі дагэтуль не ўдалося высачыць няўлоўнага патрыёта Мірона, мажліва, удасца пакараць ягоных апанэнтаў – змагароў за "расейскі парадак" на Беларусі.
Алена Штраль
20.08.2007
Дэфіцытная вакцына ад шаленства псуецца на складах
На віцебскай біяфабрыцы пачалі вырабляць прынцыпова новы прэпарат ад сьмяротнае хваробы. Але ён не "пайшоў". Чаму?
Дагэтуль на Беларусі карысталіся імпартнымі прафіляктычнымі сродкамі, якія даводзілася набываць за вялікія грошы. Віцебская вакцына значна таньнейшая і дужа патрэбная эпідэміёлагам, аднак яе не купляюць.
Больш як два месяцы таму біяфабрыка выпусьціла 750 тысяч доз ад шаленства дзікай жывёлы. Калі сыходзіць з рэальных патрэбаў, то гэтага катастрафічна мала: для санацыі тэрыторыі ўсёй Беларусі неабходна ня менш як 3,2 мільёна доз. Але гэтага магло б цалкам хапіць для прафіляктыкі шаленства ў Віцебскай вобласці, якая займае другое месца па колькасці выпадкаў сьмяротнае хваробы. Тым ня менш, вакцына фактычна застаецца незапатрабаванай – яна ляжыць на складах, і праз чатыры месяцы ў яе сьцякае тэрмін прыдатнасьці.
Начальнік аддзелу ветэрынарнага кантролю, галоўны ветінспэктар Віцебскай вобласьці Аляксандар Козак распавёў, што звычайна вакцынацыя праводзіцца ўзімку. Тады па лясах расладаюцца "вакцынаваныя" прыманкі прыманкі для дзікіх жывёл, якія зьяўляюцца распаўсюднікамі шаленства.
Больш за іншых гэтай хваробе паддатныя лісы, якія наведваюцца ў населеныя пункты і передаюць інфекцыю пацукам, катам ды сабакам. Пасьля ўкусу захварэць можа й чалавек, і пры несваечасовым звароце да лекараў праз 7-10 дзён хворы памірае. Летась такі трагічны выпадак здарыўся ў Сеньненскім раёне
– Каб выправіць сытуацыю ў рэгіёне, патрэбна хаця б 200 тысячаў доз, –гаворыць А.Козак. – Але зараз у аблвыканкаме на гэта няма бюджэтных грошай. Да таго ж і захаваньне вакцыны вымагае вялікіх сродкаў, бо яе трэба трымаць у лядоўнях, а гэта дадатковыя траты на электраэнэргію. Адзінае выйсьце для нас – чакаць фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту, але ці "дачакаецца" сама вакцына? Яна прыдатная усяго паўгоду ад даты вырабу, і два зь іх ужо прайшлі.
Дырэктар біяфабрыкі Аркадзь Юдзіхін кажа, што падобных праблемаў ніхто на фабрыцы не чакаў.
– Дагэтуль лекі куплялі выключна за мяжой. Цяпер па чэскай тэхналёгіі мы вырабляем свой, беларускі сродак прафіляктакі, і тое, каб наладзіць адпаведную вытворчасьць, каштавала нам 300 тыс. эўра. Аналягаў на Беларусі няма. І мы былі гатовыя ўжо сёлета вырабіць 2,6 мільёна доз дэфіцытнага сродку. Але ў нас ня могуць выкупіць нават першыя партыі прадукцыі.
Зь мінулага году вакцына ад шаленства замежнае вытворчасьці таксама не выкуплялася. Яна даражэйшая за мясцовую, і таму з набыцьцём яе ўзімку таксама могуць паўстаць грашовыя праблемы.
Між тым, ужо сёлета за шэсьць месяцаў на Віцебшчыне зарэгістравана 86 выпадкаў шаленства: 52 у дзікіх жывёлаў і 34 – у хатніх. За апошнія паўгоду да медыкаў зьвярнуліся чатыры тысячы чалавек, пакусаных бадзяжнымі жывёламі, і палова атрымалі накіраваньне на адмысловыя прышчэпкі.
Таксама, дарэчы, нятанныя. У гэтым сэнсе сродкі прафіляктыкі дапамаглі б значна зэканоміць дзяржаўнай мэдыцыне.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме