13:45 27.07.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

27 ліпеня: як пачыналася новая Беларусь

12:34, 27 Июля | Міхаіл Пашкевіч,

Дзень 27 ліпеня 1990 г. увайшоў у гісторыю нашай краіны як выключна адметная дата. Прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР сталася адным з тых штуршкоў, з якіх пачынаецца новая Беларусь. Хтосьці з “бацькоў” Дэкларацыі стаў насамрэч Бацькай, хтосьці падаўся ў замежжа далёкае і не вельмі, кагосьці ўжо няма. У любым выпадку, незалежна ад нашага асабістага стаўлення да асоб, дакумент, прыняты 17 год таму, стаў краевугольным камянём нашай найноўшай дзяржаўнасці — Рэспублікі Беларусь.

Аб тым, што гэты дзень значыць для “бацькоў” і іх сучаснікаў, разважанні і ацэнкі пра гэту падзею мы вырашылі даведацца непасрэдна ў іх саміх.

Аляксандр Дабравольскі, у 1990 г. дэпутат Вярхоўнага Савета СССР:

— Аляксандр Альгертавіч, як паставіўся да гэтай падзеі 17 год  таму дэпутат ВС СССР Дабравольскі? Не шкада было насамрэч вялікай дзяржавы?

— Вялікай? Калі ў тым разуменні, што нас усе баяліся, дык пагаджуся. Але зараз баяцца Іран, Паўночную Карэю, Кітай, і асаблівага гонару для дзяржавы ў такім пазіцыянаванні я не бачу. Што ж тычыцца Дэкларацыі, дык усё да таго і вяло. Беларусь была далёка не першай краінай СССР, што прыняла адпаведны дакумент. Тут, канечне, вялікую ролю меў і адвечны “сіндром другіх”, што быў характэрны для тагачаснага партыйнага кіраўніцтва Беларусі. Сваю Дэкларацыю БССР прыняла ўжо толькі пасля ўсіх суседзяў і, у першую чаргу, Расіі. Ды і падаткі ў саюзны бюджэт на той час амаль не адлічаліся. Было відавочна: набыццё канчатковай незалежнасці — толькі справа часу.

І зараз, праз 17 год, дзе тыя праціўнікі незалежнасці, што не бачылі Беларусь незалежнай? Дзе тыя дзеячы, што казалі, маўляў, Беларусь непадрыхтавана да самастойнага існавання?   А зараз усе незалежную Беларусь успрымаюць як данасць. Гэта, дарэчы, можна сказаць і праціўнікам уваходжання Беларусі ў Еўразвяз. Яны таксама сцвярджаюць, што Беларусі яшчэ далёка  да гэтага. Трэба проста пачынаць, і ўсё атрымаецца. Досвед паспяховых пачынанняў у нас ўжо ёсць.

Вячаслаў Сіўчык, у 1990 г. сябра Сойму БНФ

— Вячаслаў, што для вас значыць 27 ліпеня 1990 году? Чым для вас ёсць гэта свята , і як яно спалучаецца з 25 сакавіка 1918 году? Якое свята трэба святкаваць?

— Святкаваць трэба і 25 сакавіка, і 27 ліпеня, і 25 жніўня — дзень надання Дэкларацыі сілы канстытуцыйнага закону. Дарэчы, апошнюю дату зараз наогул забываюць, і дарма. Усё гэта этапы развіцця нашае дзяржаўнасці. Што ж тычыцца 27 ліпеня, дык безумоўна, гэта свята. І да сумна вядомых рэферэндумаў  яно лічылася дзяржаўным святам, і святкавалася на адпаведным узроўні. Так што, усіх са святам.

Аляксандр Спіглазаў, у 1990 г. дэпутат ВС БССР

— Аляксандр Фёдаравіч, вы былі адным з тых, хто прымаў Дэкларацыю. А самі лічыце 27 ліпеня святам — дзяржаўным святам?

— Ведаеце, дзяржаўнае свята — гэта выходны дзень, пэўная атрыбутыка на вуліцах, канцэрты. На сённяшні дзень мы не пабачым нічога такога. Ды і асабіста я аддаў бы перавагу 25 сакавіка. Усё ж гэтая дата ёсць першасная для Беларусі. Хаця, канечне, 27 ліпеня — дата эпахальная. Тады, у 1990 годзе, дэпутатам, асабліва камуністычнай большасці, спатрэбілася ўся іх мужнасць для прыняцця Дэкларацыі, хаця ўсе разумелі —справа вырашаная. Дый партыйная вярхушка, як на мой погляд, супраціўлялася больш для выгляду. Ім гэта было патрэбна не менш за нас. Праўда, з-за сваіх меркантыльных меркаванняў і планаў. Частка з іх цудоўна пралічыла ўсе выгоды Дэкларацыі. Іншая справа, што пры гэтым яны не маглі выступаць ініцыятарамі працэсу.

Анатоль Лябедзька, у 1990 г. дэпутат ВС БССР

— Анатоль Уладзіміравіч, што для вас 27 ліпеня? Свята ці чарговая веха ў палітычнай біяграфіі?

— 27 ліпеня — свята дзяржаўнага ўзроўню. І святкаваць яго трэба адпаведна, хочацца гэта сённяшняй уладзе ці не. І я асабіста ганаруся, што быў сярод тых,  хто галасаваў за прыняцце Дэкларацыі. І гэтая дата ёсць пачынальніца сучаснай палітычнай гісторыі нашае дзяржавы. Што ж тычыцца супрацьпастаўлення 27 ліпеня і 25 сакавіка, то я асабіста супраць гэтага. Тыя, хто прымаў 3-ю Ўстаўную Грамату БНР, безумоўна, былі мужнымі людзьмі. Але Дэкларацыя дала больш рэалістычны плён.  Абедзьве даты ёсць важнейшыя вехі для нашай краіны. І тое, што на працягу дваццатага стагоддзя было некалькі спробаў абвясціць суверэнітэт Беларусі,  ў чарговы раз сведчыць аб невыпадковасці і непазбежнасці гэтых працэсаў. Усіх са святам!

Прайшло 17 год. Вырасла цэлае пакаленне беларусаў-аднагодкаў  Дэкларацыі. Аднагодкаў незалежнай дзяржавы. 17 год таму і падумаць ніхто не мог, што гэтае свята ім давядзецца спраўляць у напаўпадпольных умовах, пад пагрозай 342 крымінальнага артыкулу. І  тым не менш, гэта яшчэ не довад, каб не святкаваць. Чакаем усіх ля Чырвонага касцёла і  ў парку ім. Янкі Купалы.

… Святочны канцэрт на Бангалоры ў чарговы раз забаранілі. Дзесяткі актывістаў затрыманыя і асуджаныя. Асуджаныя за праявы патрыятызму ў незалежнай краіне. Зрэшты, дзесьці мы гэта ўжо бачылі. У 30-х гадах рэжым Пілсудскага спецыяльна для палітвязняў стварыў у Бярозе-Картузскай канцлагер. Акрамя украінскіх і беларускіх нацыяналістаў і камуністаў, там сядзелі і эндэкі — большых патрыётаў у Польшчы пашукаць яшчэ трэба было. Тагачасная ідэалогія рэжыму Пілсудскага гучала  б зараз як “За Польшчу”, і эндэкі, адпаведна, не ўпісваліся ў патрэбную карціну. Вынікі такой палітыкі сталі бачны ў 1939 годзе і былі катастрафічнымі не толькі для рэжыму, але і для ўсёй польскай дзяржавы. Ці ў Магілёве гэтаму не вучылі?



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме