21:45 07.07.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дзень незалежнасьці ад сумленьня<br>3 ліпеня – ці сьвята гэта?
20:24, 7 Июля | Арцём Дарэўскі,
Гэтае “сьвята” праходзіць з вельмі вялікім размахам (вось куды падзеліся ільготы!), што ня дзіўна: дзяржава хоча паказаць, нібыта нічога ў “стабільнай” Беларусі не зьмянілася і з эканомікай усё ў парадку – і, адпаведна, рэжым такі ж моцны, як і раней. Калісьці бабілёнскі цар Вальтасар таксама ладзіў пір падчас чумы – лепшы сродак зрабіць выгляд, што ўсё добра, калі справы паказваюць адваротнае..... Але гутарка зараз не пра гэта. Мы закранем крыху іншы бок азначанага пытаньня.
Увогуле дата 3 ліпеня 1944 года ў гісторыі Беларусі далёка не адназначная. Бясспрэчна, што горад быў вызвалены ад фашыстоўскіх захопнікаў. Але тут нельга забываць, што яшчэ палова краіны знаходзілася пад акупацыяй, і сьвяткаваць дзень вызваленьня горада ў якасьці агульнарэспубліканскага сьвята было б прынамсі некарэктна. Да таго ж нельга забывацца на тое, што “вызваленьне” Беларусі ад нямецкай акупацыі прынясло толькі акупацыю савецкую, і, дэ-факта, казаць аб “свабодзе” ці “незалежнасьці” абсалютна не выпадае. Пра гэта сьведчыць яскравы факт: адразу за савецкім рэгулярным войскам ішло войска НКВД агульнай колькасьцю да 200 тысяч чалавек! Яны павінны былі канчаткова “зачысьціць” Беларусь ад іншадумцаў. Таму ня дзіва, што з 1946 года (а ў некаторых месцах і раней) разгарнуўся адчайны антысавецкі супраціў. І гэта яшчэ адна нагода лічыць “сьвята” вельмі спрэчным.
І нарэшце, у Беларусі і так ёсьць сьвята Дзень Волі – 25 сакавіка! Канечне, ня ўсім “савецкім” чыноўнікам падабаецца такі падыход да справы, але гэта яшчэ не нагода ігнараваць сапраўднае Сьвята!
Сучасная беларуская ўлада пазыцыянуе сабе як нашчадак БССР і ўсяго савецкага. Праз свой састарэлы “савецкі” імідж улада імкнецца апраўдаць аўтарытарныя мэтады кіраваньня, а розныя сьвяты (кшталту гэтага) ёсьць адным з прапагандысцкіх хадоў дзеля задаволеньня электарата і зьніжэньня пратэстных настрояў у грамадстве. Ідэалягічная затраўка, пры нераспрацаванасьці аўтарытарнай ідэалёгіі, адыходзіць на другі плян у параўнаньні з піяр-эфэктам.
Зь нацыянальнага гледжаньня на гэтае сьвята магу сказаць, што дзяржава разглядае пераход гораду да Саветаў як праяву незалежнасьці (бо сама ўлада лічыць сябе савецкай), і адначасова прымае антыбеларускі савецкі рэжым як выразьнік інтарэсаў беларускага народу. Тут як кажуць, без каментароў. Але гэта дае разуменьне чаму менавіта гэтую дату вырашылі прызначыць у якасьці “дня незалежнасьці” – незалежнасьці ад свайго сумленьня, народа і гісторыі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме