21:00 06.07.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дэмакраты плануюць эфектыўныя акцыі
19:46, 6 Июля
Што атрымаецца насамрэч – пакажа час.
«Стратэгія дэмакратычных сілаў – гэта пасіўная стратэгія альбо стратэгія актыўных дзеянняў?» – гэткае пытанне задаў палітолаг Вацлаў Арэшка ўдзельнікам «круглага стала» па тэме «Масавыя акцыі ў стратэгіі АДС: мэты і эфектыўнасць». Зрэшты, хутчэй, гэта было пытанне самому сабе, бо Вацлаў з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў гэнай стратэгіі.
Сам Арэшка адказаў на ўласнае пытанне гэтак: «Стратэгія накіраваная найпершым чынам на дзеянне». Паколькі гэную стратэгію папракалі тым, што ў ёй зашмат увагі надаецца «дыялогу з уладаю», В.Арэшка палічыў патрэбным адкаментаваць гэты аспект: «Ніякіх спробаў прыцягнуць улады да дыялогу не можа адбыцца, калі дэмакратычныя сілы не будуць праяўляць сябе, паказваць сваю актыўнасць і магутнасць».
Далей Вацлаў Арэшка агучыў тэзіс, які пасля паўтаралі многія ўдзельнікі «круглага стала»: «Толькі калі вулічныя акцыі з’яўляюцца часткай агульнага плану, – яны могуць прынесці карысць. Вуліца павінна быць вельмі падрыхтаванай часткай барацьбы. Пры гэтым мы павінны ўлічваць, які эфект будзе ў беларускім грамадстве, а не ў замежжы».
В.Арэшка ўпэўнены, што перад кожнай вулічнай акцыяй неабходна вызначыць: «Чаго мы хочам атрымаць ад гэтай акцыі? Да якіх наступных крокаў яна вядзе? Бо калі збіраць людзей, кааб іх проста паганялі па вуліцах – гэта будзе весці да таго, што мы будзем губляць сваіх прыхільнікаў». Прыклад канкрэтнай мэты акцыяў Арэшка таксама прывёў: «Ціск на ўладу перад парламенцкімі выбарамі – гэта магчымасць дамагчыся іншых умоваў правядзення выбараў».
Пра тое ж – то бок, пра канкрэтныя мэты вулічных акцыяў – казаў і намеснік старшыні БНФ Віктар Iвашкевіч: «Не трэба праводзіць акцыю пад лозунгам “Луку на муку!” – бо гэтая мэта праз акцыю недасягальная. Але можна патрабаваць, каб, напрыклад, “Народная воля” вярнулася ў кіёскі».
Віктар жа Iвашкевіч прывёў сацыялагічныя даныя, паводле якіх 60% грамадзянаў Беларусі лічаць, што ўлада павінна весці перавмовы з апазіцыяй, а 68% кажуць, што іх меркаванні не ўлічваюцца ўладамі пры прыняцці рашэнняў. «У гэтай сувязі мы павінны падымаць тыя пытанні, па якіх у большасці беларускага грамадства склаўся кансэнсус, – але ўлады гэтак не робяць», – зазначыў Iвашкевіч. У якасці прыкладаў гэткіх пытанняў, зыходзячы з той жа сацыялогіі, В.Iвашкевіч назваў эканамічнае становішча і паскарэнне збліжэння з Еўразвязам.
Уладзімір Нісцюк з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» канстатаваў, што «акрамя стратэгіі, павінна быць яшчэ і тактыка, г.зн. дэталёва распрацаваны план дзеянняў. Гэта тое, чаго ў нас не было, няма і, на жаль, не прадбачыцца». Прыкладам, Нісцюк задаецца пытаннямі: «Хто вядзе сепаратныя перамовы з людзьмі ад улады? Хто праводзіў работу у казармах спяцназу?»
Валянціна Палевікова з Аб’яднанай грамадзянскай партыі падкрэсліла: «Вельмі важна, каб была рэальная накіраванасць на перамогу. Я баюся, што мы зноў пойдзем на г.зв. “парламенцкія выбары”, і пасля, калі па нас пракаціцца тая ж машіна, ізноў будзем казаць, што “мы хацелі, але не змаглі”. Гэта сорамна».
Грамадскія актывісты, што ўдзельнічалі ў «круглым стале», прывялі прыклады канкрэтных акцыяў. Старшыня аб’яднання «чарнобыльцаў» «Ліквідатар» (не зарэгістраванага ўладамі, пра што наш сайт учора паведамляў) Аляксандр Ваўчанін, на ўласным досведзе паездак па беларускіх рэгіёнах, сцвярджае: «Людзі хочуць пераменаў! У пасёлку Дружным мне задавалі пытанні не толькі па сацыяльных праблемах, але і па выбарчай сістэме – значыць, людзі ўсведамляюць сувязь паміж гэтымі пытаннямі». Наконт акцыяў Ваўчанін сказаў: «Улады не жадаюць весці дыялог, таму мы бачым выйсце толькі ў вулічных акцыях. Iншага выйсця, пры такім стаўленні ўладаў, мы не бачым. I мы абавязкова, зарэгіструюць нас альбо не, возьмем удзел у “Сацыяльным маршы”». Лідар кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў распавёў, як да іх трапіла сакрэтная дэпеша, якая загадвала правесці ў розных беларускіх гарадах праверкі, і пры гэтым былі вызначаныя сумы штрафаў, якія належыла спагнаць з прадпрымальнікаў: «У Крупках – 15 мільёнаў, у Бярэзіне – 25, у Бабруйску – 140 мільёнаў. У выніку дзясяткі людзей выходзілі да выканкамаў. У падобных сітуацыях мы будзем выходзіць на вуліцы і надалей».
Аналітык Валер Карбалевіч заўважыў, што спарадычнасць вулічных акцыяў апазіцыі прывяла да наступнага: «Людзі перасталі выходзіць на акцыі. Яны пытаюцца: “А які сэнс?” Акцыі трэба рыхтаваць загадзя, скарыстоўваючы ўсе каналы інфармавання; акцыя павінна быць накіраванай на дасягненне канкрэтнай мэты». В.Карбалевіч падкрэсліў неабходнасць крэатыўнасці вулічных акцыяў; ён нагадаў дэманстрацыю журналістаў у арыштанцкіх робах а другой палове 90-х, пра якую памятаюць да гэтай пары – але гэта хутчэй выключэнне: на жаль, шмат якія акцыі апазіцыі былі шэрымі і бляклымі.
Лідар АГП і Нацыянальнага Камітэта аб’яднаных дэмакратычных сілаў (пад эгідаю якога і ладзіўся «круглы стол») Анатоль Лябедзька выказаў шкадаванне, што «не ўсе вельмі гарачыя прыхільнікі акцыяў на вуліцы прыйшлі абмеркаваць гэтую дзейнасць». Пра што гаворка, ясна: Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч ды ягоныя прыхільнікі мерапрыемства праігнаравалі (хаця былі запрошаныя). Што ж, усе вольныя самі рабіць уласны выбар. Як у прымаўцы: «Вольнаму воля – шалёнаму поле».
Ссылки по теме:- 19.07.2002 -
- 09.07.2002 -
- 25.10.2002 -
- 01.11.2006 -
- 07.07.2003 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме