16:17 29.06.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Магілёў: Суд не задаволіў скаргі К.Шацікавай на пракуратуру
15:03, 29 Июня |
Сёньня Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргі Крысьціны Шацікавай на пастанову пракуратуры гэтага ж раёну. Пракуратура адмовілася прыцягваць да адказнасьці міліцыянтаў, якія 23 сакавіка гвалтам даставілі Шацікаву ў псыхіятрычную лякарню.
Праз скаргу Крысьціна Шацікава намагалася адмяніць пастанову сьледчага пракуратуры Рамана Дзьмітрычэнкі.
Ён не знайшоў падставаў, каб заводзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія 23 сакавіка гвалтам даставілі Шацікаву ў псыхіятрычную лякарню. Сьледчы ня ўбачыў падставаў і для справы супраць адміністрацыі лякарні, дзе Шацікаву гвалтам трымалі тры дні.
Пасьля агучваньня рашэньня судзьдзя Сяргей Каралёў патлумачыў яго:
“Суд ня можа змусіць пракуратуру распачаць тую ці іншую крымінальную справу. Гэта можа зрабіць толькі пракуратура. Калі ў суд паступіць такая крымінальная справа, суд яе разгледзіць і прыме адпаведнае закону рашэньне”.
Крысьціна Шацікава гэтак патлумачыла прысуд Сяргея Каралёва:
“Судзьдзя дужа правільна зрабіў. Ён застрахаваў сябе і ад улады, і ад мяне. У прынцыпе, ён як бы і нічога не парушыў”.
На судзе адвакатка Крысьціны Шацікавай дзеяньні адміністрацыі назвала наўмысным беспадстаўным утрыманьнем здаровага чалавека ў псыхіятрычнай лякарні.
Адвакатка чарговы раз зьвярнула ўвагу суду на парушэньні працэдураў ды законнасьці затрыманьня ды шпіталізацыі ейнай кліенткі.
Крысьціна Шацікава і ейная адвакатка неўзабаве пададуць скаргу ў абласную пракуратуру. Калі ня ўдасца знайсьці рады і там, будуць скардзіцца ў Генэральную пракуратуру.
Нагадаем, Крысьціну Шацікаву 23 сакавіка гвалтоўна даставілі ў псыхіятрычную лякарню і пратрымалі там тры дні. Падставай для шпіталізацыі сталася нібыта скарга суседзяў Шацікавай.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме