13:45 14.06.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Апазыцыя ня будзе байкатаваць будучыя парлямэнцкія выбары
11:38, 14 Июня | Тацяна Поклад,
Сёньня ў Вільні завяршае працу канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія выпрацоўваюць захады дзеля рэалізацыі стратэгіі, прынятай на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. У канфэрэнцыі бяруць удзел каля 100 чалавек, у іх ліку чатыры сустаршыні Палітрады. У першы дзень абмяркоўваўся ўдзел апазыцыі ў будучых парлямэнцкіх выбарах і вулічныя акцыі.
Сёньня рабочыя групы прадставяць распрацаваныя пляны дзеяньняў. Група, якая вызначала прыярытэтныя кампаніі на бліжэйшыя паўтара гады, уклала іх графік і каляндар. Распрацоўваліся пляны правядзеньня палітычных кампаніяў, у іх ліку "Сацыяльны марш" і Эўрапейскі марш "За свабоду!"
Рабочая група, якая абмяркоўвала будучыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі, прыняла рашэньне не байкатаваць іх.
"Байкатаваць гэтыя гэтак званыя выбары пры разьвіцьці бальшыні варыянтаў ня мае сэнсу“, – кажа сустаршыня Палітрады Вінцук Вячорка.– Трэба выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб дайсьці да людзей, пераконваць іх і весьці за сабой“.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай, сустаршыня Палітрады Сяргей Калякін, які працаваў у гэтай рабочай групе, кажа, што вельмі задаволены вынікамі, паколькі распрацаванае дакладнае бачаньне мэтаў і тактыкі ўдзелу.
"Вельмі доўга ішло паседжаньне. Мы абмяркоўвалі розныя падыходы і варыянты. Мы прыйшлі да высновы, што ў выбарчай кампаніі мы будзем браць удзел, байкоту ня будзе. І ў цэлым, мы прыйшлі да высновы, што трэба ставіць некалькі мэтаў. Па-першае, дасягненьне канкрэтнага выніку – атрыманьне мандату, калі для гэтага ёсьць падставы. Па-другое, дасягненьне прапагандысцкага выніку – пазытыўная альтэрнатыва і станоўчы вобраз аб’яднаных дэмсілаў. І, па-трэцяе, іх узмацненьне," – сказаў Сяргей Калякін.
Літоўскія палітыкі, кіраўнікі дзьвюх парлямэнцкіх групаў па сувязях зь Беларусьсю, адзначылі працу Аляксандра Міленкевіча дзеля разьвіцьця міжнародных дачыненьняў беларускай апазыцыі і выказалі спадзеў, што сустаршыні Палітрады працягнуць гэтую справу. Раса Юкнявічэне адзначыла, што "і ў Літве, і ўвогуле на Захадзе зьявілася пэўная заклапочанасьць тым, што цяпер у беларускай апазыцыі няма аднаго прызнанага лідэра".
"Думаю, што сам тэрмін "лідэр" часьцяком ужываецца няслушна, бо лідэрам становяцца, яго нельга прызначыць. А што да дзеяздольнасьці дэмакратычных сілаў, то яна залежыць ад таго, наколькі мы самааргнізуемся. Вось гэтымі днямі мы як раз самаарганізоўваемся. А міжнародныя кантакты будуць ад гэтага залежаць,– ад таго, што мы ў самой Беларусі зробім, а не ад таго, пра што мы дамовімся ці створым нейкае ўражаньне за мяжой. Уражаньне трэба ствараць сваёй працай у Беларусі,"– сказаў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, сустаршыня Палітрады, адказны за мабілізацыйную працу і міжнародныя стасункі.
Канфэрэнцыя беларускай апазыцыі ў Вільні арганізаваная ў супрацоўніцтве з інфармацыйным адзьдзелам Рады Эўропы ў Літве і літоўскім Фондам Падтрымкі Абароны Грамадзянаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме