20:00 10.04.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У Вільні будуць шукаць дэмакратычную альтэрнатыву для Беларусі
15:59, 10 Апреля |
11—12 красавіка ў Вільні адбудзецца канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі й яе грамадзянаў”. У ёй возьмуць удзел кіраўнікі палітычных структураў з палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, экспэртнай супольнасьці, рэгіянальных кааліцыяў.
Арганізатары канфэрэнцыі разьлічваюць на тое, што ў Вільні здолеюць цалкам дапрацаваць праекты ўсіх дакумэнтаў, якія потым зацьвердзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў.
Гэта найперш канчатковыя рэдакцыі “Малой канстытуцыі”, эканамічнай плятформы ды стратэгіі дзеяньняў.
Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“Што да дакумэнтаў, дык тут няма ніякіх праблемаў. Там засталіся дробязі. Больш важныя — кадрава-арганізацыйныя пытаньні, гэта значыць, як будзе каардынавацца кааліцыя пасьля Кангрэсу”.
Гэтую ж думку падтрымлівае кандыдат гістарычных навук, палітоляг Аляксей Кароль:
“Скліканьне Кангрэсу ўпіраецца якраз у арганізацыйныя пытаньні і ў мадэль гэтай арганізацыі — ці цэнтралізаваная, ці дэцэнтралізаваная? Я прыхільнік дэцэнтралізаванай.
Цэнтралізаваную мадэль яшчэ раней выклаў Мілінкевіч і сфармуляваў яе так: абіраецца старшыня, які мае пашыраныя правы, у тым ліку на прызначэньне людзей на кіроўныя пасады, на фармаваньне штабу, Палітрады ды г.д.
Дэцэнтралізаваная — калі адбываецца каардынацыя, рашэньні ўзгадняюцца. І ў дадзеным выпадку яшчэ была прапанова сустаршыняваць ці ўвесьці старшынёўства на ратацыйнай аснове”.
Кіраўнік менскай абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін прэзэнтуе на канфэрэнцыі рэгіянальных лідэраў. Ён ўсьцешаны, што ў Вільню запрасілі актывістаў з правінцыі:
“Нездарма ж кажуць: чым больш галоваў, тым больш думак. Я думаю, што асноўным пытаньнем будзе правядзеньне новага Кангрэсу дэмсілаў. Пакуль жа складаецца нейкая двухсэнсоўная сытуацыя: з аднаго боку, ёсьць дакумэнты, якія трэба прымаць на Кангрэсе і ісьці зь імі да народу.
А з другога боку, усё чамусьці нейкім чынам тармазіцца. Я спадзяюся, што тых, хто яшчэ вагаецца альбо ня хоча ўдзельнічаць у Кангрэсе, тут можна будзе пераканаць”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме