17:45 09.04.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Маладыя ды няраньнія
16:33, 9 Апреля | , Фото: Юрий Дединкин
Ва Ўправе Партыі БНФ адбылося ўрачыстае ўганараваньне пераможцаў конкурсу пісьмовых працаў студэнтаў ды школьнікаў “Беларусь у Эўрапейскім кантэксьце”, ладжанага “Праваабарончым альянсам” пры падтрымцы дыпляматычных місіяў ЗША ды Вялікай Брытаніі ў Беларусі. У спаборніцтве ўзялі ўдзел больш за 80 працаў, пераможцамі прызнаныя 15 студэнтаў і школьнікаў з навучальных установаў розных рэгіёнаў Беларусі й замежжа.
Паводле адказнага за арганізацыю конкурсу Аляксея Хадыкі, экспэрты вызначалі пераможцаў па шасьці дысцыплінах: эканоміка, паліталёгія, гісторыя, журналістыка, літаратура, а таксама права ды юрыспрудэнцыя. Варта адзначыць, што на суд адмыслоўцаў паступалі творы ня толькі ад нашых суайчыньнікаў, але й з па-за межаў Беларусі: былі працы студэнта аднаго з польскіх унівэрсытэтаў, навучэнцаў вымушанага працаваць у Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта. На пачатку імпрэзы Аляксей Хадыка прывёў цікавы й нават сьмешны прыклад аднаго з твораў, што паступіў з Пермскага ўнівэрсытэта Расеі. Аўтар прапанаваў тэму “Дзяржаўныя сымбалі Зьвязу Беларусі й Расеі!”. “Нам прапанавалі чырвоны герб з двумя залатымі каласкамі, зь белаю зоркаю, з надпісам “СРБ – Союз Белоруссии и России”, - паведаміў Аляксей Хадыка. - Аўтар напісаў, што калі будуць назвы мяняцца, на абрэвіятуру можна таксама замяняць. Але зьверху былі ўсё роўна ськіперт Расейскае дзяржавы і арол. Экспэрты палічылі, што такая праца, мякка кажучы, ня можа прыць у ліку пераможцаў”.
Агучваньне такое тэмы выклікала сьмех у залі.
Вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтва, кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова адзначыла:
“Ідэя правядзеньня конкурсу, натуральна, невыпадковая. Мы разумеем, што лёс краіны залежыць ад разумных хлопчыкаў і дзяўчатаў, якія пасталеюць, зробяцца выбітнымі экспэртамі, прафэсыяналамі, пакажуць шлях тым, хто працуе больш рукамі альбо па нейкай схеме. Я хацела б, каб вы станавіліся на ногі, несьлі гэтыя веды й выкарыстоўвалі іх і для сябе, і для свайго ўласнага гонару, для свайго ўласнага задавальненьня, для ўласнага самавыражэньня, і для ўсіх нас”.
Адзін з экспэртаў, гісторык Валянцін Голубеў адзначыў важнасьць гэтага конкурсу й ягоную накіраванасьць на разьвіцьцё Беларусі ў будучыні.
“Мы тут гаворым пра такую добрую справу – пра моладзь і Беларусь, пра моладзь і Эўропу, пра Эўропу й Беларусь, якія аб’яднаюцца ў пэрспэктыве якраз з дапамогаю вас, з дапамогаю моладзі. Мне шкада, што не атрымалася ў мой час, калі я быў крыху маладзейшы, каб мы ўвайшлі ў Эўропу. Але пачыналася гэтая справа прыбліжэньня Беларусі да Эўропы з канца 80-х гадоў, калі нямецкай моладзьдзю быў развалены мур у Бэрліне. Вы сваімі працамі паказалі, што ў нас, у беларусаў, ёсьць добоая пэрспэктыва зноў стаць краінай, якая будзе з усімі іншымі эўрапейксімі краінамі. Віншую ўсіх, хто перамог, і ўпэўнены, што ў нас усё будзе добра. Жыве Беларусь!”.
Заля зыўна выгукнула: “Жыве!”
Навучэнка Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які ўжо колькі гадоў працуе ў падпольлі з прычыны забароны яго беларускімі ўладамі, Юлія Сагановіч перамагла ў дысцыпліне “Літаратура” (экспэрт – Андрэй Хадановіч). Яе праца звалася “Максім Багдановіч і Поль Вэрлен”; празь іх параўнаньне й значнасьць яна даказала блізкасьць Беларусі ды Эўропы. Ліцэістка так патлумачыла свой удзел у конкурсе:
“Усе мы апантаныя ідэяй зьяднаньня Беларусі з Эўропай. Усе мы да гэтага імкнемся і таму ўсімі магчымымі шляхамі спрабуем паказаць значнасьць Беларусі, яе эўрапейскі ўзровень. Яна сапраўды эўрапейскага ўзроўню, таму проста абавязаная быць у складзе Эўропы, звацца эўрапейскай краінаю.
Студэнт Беларускага інстытута правазнаўства Ільля Богдан (дысцыпліна “Паліталёгія”, экспэрт – Юрась Чавусаў) абраў тэму “Сьцяг Эўразвязу – як адлюстраваньне асноўных ідэяў і каштоўнасьцяў эўрапейскага грамадзтва й яго ўспрыманьне намі”. Апроч іншага, Ільля давёў у сваёй працы, чаму на сьцягу менавіта 12 зорак. Гэта, аказваецца, не зьвязана з колькасьцю краінаў, якія раней уваходзілі ў Ўзразьвяз. Вось як студэнт патлумачыў падбор свайго пераможнага тэмату:
“Хацелася знайсьці тэму, па-першае, такую, якую б у комплексе не разглядалі, а па-другое, тую, якая б была цікавая для мяне самога. Калісьці мы былі на адным з сэмінараў у Вільні, і там якраз закранулі пытаньне сьцяга, каштоўнасьцяў, і тады я пачуў, што 12 – гэта лічба дасканаласьці, дакладнасьці. 12 рысачак на падстрэлку, 12 месяцаў, 12 Апосталаў. Гэта нейкая дасканаласьць. Таму й Эўропа ўзяла гэты сымбаль, як сваё апірышча”.
А вось перможца конкурсу ў намінаваньні “Журналістыка” (экспэрт – сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў), вучань 10-й клясы Коханаўскай сярэдняй школы Талачынскага раёну Віцебскае вобласьці Алесь Петрушэнка абраў сабе тэму “Чаму вучаць урокі Эўропы? Альбо, знайдзі 12 адрозьненьняў ЭЗ ад Беларусі й адчуй розьніцу”.
“Натуральна, ладзіцца шмат журналісцкіх конкурсаў. На маю думку, сучаснай моладзі нецікава пісаць у газэты, дзе ладзяцца конкурсы працаў пра прыроду, адным словам, пра тое, што не цікавіць сучасную моладзь. Ёсьць цікавасьць пісаць нешта пратэстнае, пра што ня пішуць дзяржаўныя выданьні. Цікава пісаць пра сваіх суседзяў, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі, пра іх праблемы, пра тое, чаго ня робіць нашая ўлада”.
Пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня перад прысутнымі выступілі вядомыя беларускія барды Зьміцер Бартосік, Юрась Несьцярэнка, Андрэй Хадановіч і тройчы рок-князёўна Беларусі Кася Камоцкая.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме