17:18 04.04.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Каб дыхалася вальней...”
15:30, 4 Апреля |
У мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава творчай суполкі “Пагоня”, прысвечаная Дню Волі. Экспазіцыя пабачыла свет са спазненнем, бо ў мінулым месяцы мастакі не атрымалі дазвол на дэманстрацыю сваіх твораў. І толькі пасля свята згода была дасягнута. Чыноўнікі перастрахаваліся і палічылі, што ў красавіку “крамольная” выстава будзе ўспрымацца меншым выклікам, чым 25 сакавіка.
“Пагоня” ладзіць выставы пятнаццаць гадоў. Апошнія шэсць мастакам забаранялі выстаўляцца ў Палацы мастацтва. Сёлета пасля працяглага перарыву “Пагоня” вярнулася ў Палац.
Адкрывае выставу звон — той самы, які ў сакавіку 2006-га быў “арыштаваны” на пляцы Кастуся Каліноўскага і 21 дзень правёў у пастарунку. Экпазіцыя ўключае больш за за 60 твораў — жывапіс, графіка, інсталяцыі, габэлен, скульптура, нацыянальныя строі. Іх аўтары Алесь Пушкін, Ілона Барадуліна, Аляксей і Ігар Марачкіны, Алесь Шатэрнік, Георгі Скрыпнічэнка, Алесь Цыркуноў, Ягор Батальёнак, Яўген Шатохін і іншыя выбітныя творцы.
Выставы атрымала назву “Разам”. “Мы запрашалі мастакоў, якія блізкім нам па духу, — патлумачыў Аляксей Марачкін. — Разам — значыць мы з нашымі папярэднікамі. Мы выстаўляем творы Язэпа Драздовіча, Пётра Сергіевіча, Міхася Сеўрука. Яны тут прысутнічаюць з намі, і гэта вельмі сімвалічна. Разам — гэта значыць мы з маладымі творцамі. Яны не сябры суполкі “Пагоня”, але спавядаюць нашы ідэалы, нашы агульныя памкненні да волі”.
У экспазіцыю ўваходзяць гістарычныя палотны і партрэты выбітных дзеячаў Беларусі. Алесь Пушкін прадставіў партрэт расстралянага ў 1951 годзе Георгія Бортніка, Алесь Цыркуноў — кампазыцыю “Воляй пакліканыя...” і партрэт Рамана Скірмунта, Сяржук Цімохаў — “Кантату”. Па жанрах дэманструюцца вельмі адрозныя творы, але, паводле словаў арганізатараў, крытэр адбору для выставы адзін — “каб перш за ўсё было мастацтва”. Стваральнікі выставы запрашалі і многіх тытулаваных “класікаў” выяўленчага мастацтва. Некаторыя спачатку пагадзіліся, а потым з-за палітычных перасцярогаў адмовіліся.
”Выстава адметная тым, што мы не даем спакою афіцыйнаму Саюзу мастакоў, — адзначыў Аляксей Марачкін. — Бо ў гэтым сонным царстве і багне ўсе сёння знаходзяцца пад капытом рэжыму. І гэта вельмі трапна паказана ў творах Алеся Пушкіна. Рукі фермера, рукі музыкі, рукі мастака, рукі немаўляці і рукі цяжарнай жанчыны, скручаныя калючым дротам. Мы хочам не пашырыць клетку, а збіць гэтыя іржавыя жалязякі, каб людзям дыхалася вальней”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме