18:00 14.03.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Канферэнцыя -- шлях да паразумення
16:18, 14 Марта | Леанід Гаравы, актывіст апазіцыі з 1988 году
Прайшоўшыя пасля мясцовых выбараў два месяцы сталі для беларускай апазіцыі перш за ўсё часам высвятлення адносін да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Прайшоўшы час не дадаў адзінства у апазіцыі – створаная пагадняльная камісія павінна перш за ўсё прадухіліць распад хісткай апазіцыйнай кааліцыі. Камнем сутыкнення вузкапартыйных інтарэсаў стаў механізм падрыхтоўкі і правядзення КДС.
Пра разыходжанні падыходаў у апазіцыі да Кангрэсу ў незалежнай прэсе ўжо сказана шмат. І чым бліжэй дата форума, тым больш невысветленых пытанняў узнікае : ад легітымнасці мерапрыемства да якасці і змястоўнасці прапануемых да зацвярджэння дакументаў. Пры ўсёй стракатасці ацэнак дзейнасці кіраўніцтва АДС не выклікае сумневу нізкая эфектыўнасць гэтай дзейнасці і мінімальны узровень даверу паміж апазіцыйнымі суб’ектамі. Суб’екты кіраўніцтва АДС імкнуцца перш за ўсё перайграць сваіх партнёраў і менш за ўсё думаюць пра перамогу над рэжымам. Партыйным функцыянерам больш усяго спадабаецца сябраваць супраць Мілінкевіча, а не супольна змагацца супраць дыктатуры. У гэтых умовах правядзенне чарговага КДС ніяк не можа стаць этапам кансалідацыі апазіцыі, бо на яго, па-першае, амаль кожная структура ідзе са сваім бачаннем будучыні і мае пра яе сваю праўду – ад лібералаў да камуністаў, а па –другое, шматлікія змены умоў прадстаўніцтва і часам яўная фальсіфікацыя мандатаў дэлегатаў не можа надаць легітымнасці рашэнням форума. Ды і дэлегатам Кангрэса па завядзенцы будзе прапанава прагаласаваць амаль аўтаматычна за тыя Малыя Канстытуцыі, Пастановы, Рэзалюцыі, якія прапануе аргкамітэт, без папярэдняга абмеркавання у нізавых структурах кааліцыі.
Для апазіцыі зараз склалася сітуацыя цунцванга. Кожны накірунак выбару вядзе да пагаршэння становішча: кепска праводзіць слаба падрыхтаваны і нелегітымны Кангрэс, але таксама кепска адкладаць дэмакратычны форум да 2008 году, бо будзе змарнавана праца дзесяткаў актывістаў апазіцыі па зборы подпісаў за дэлегатства на Кангрэсе.
Якое ж выйсці можа быць з гэтага становішча? Што можа стаць пазітыўным крокам для кансалідацыі апазіцыі? Пазітыўным выйсце з дадзенага становішча магло бы стаць правядзенне агульнадэмакратычнай Канферэнцыі. І вось чаму…
Першым камнем сутыкнення інтарэсаў апанентаў Мілінкевіча і яго каманды стала ацэнка прэзідэнскай кампаніі 2006 году. Самы моцны закід да Аляксандра Мілінкевіча яго апаненты робяць з нагоды, што ён не выкарыстаў магчымасці 19 сакавіка 2006 году атрымаць перамогу і тым самым страціў свой мандат адзінага кандыдата. Прэтэнзіі на ягоны адрас выстаўляюць накшталт таго, што Мілінкевіч не стаў а-ля Гапонам і не павёў народ да “бацькі” або на барыкады. Але дасведчаныя аналітыкі, палітолагі адназначна мяркуюць, што наяўнасць на вуліцы 30-ці тысяч грамадзян неабходная умова, але недастатковая. Грамадзян павінна быць у 5-10 разоў больш, і толькі тады іх выступы могуць быць плённымі.
Калі ж выстаўляць прэтэнзіі да штаба Мілінкевіча, то перш за ўсё за тое, што змарнаваны увесь эмацыйны уздым вясны 2006 году, у апазіцыі не дабавілася мускулаў, ды і не быў дадзены адказ на адвечнае пытанне: “Ху із ху?” у час прэзідэнскай кампаніі. Менавіта тут магчыма пагадзіцца з апанентамі адзінага кандыдата, што аб’яднаная апазіцыя не зрабіла якасны аналіз вынікаў выбарчай кампаніі і для шырокай грамадскасці так і засталіся невядомымі ўнёскі суб’ектаў кааліцыі у агульны вынік. І шмат хто з сённяшніх апанентаў Мілінкевіча ўпадабаецца той мухе, што казала валу: “І я пахала”...
Але у гэтым і палягае сёння рэсурс для кансалідацыі беларускай апазіцыі. Галоўным рашэннем папярэдняга Кангрэсу было абранне адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і рашэнне аб супольнай працы на перамогу ў 2006 годзе. Мілінкевіч і зараз мае поўнае права і абавязаны правесці Канферэнцыю актывістаў апазіцыі, якія не на словах, а ў сапраўднасці працавалі на выбарах 2006 году, якія пацярпелі ад дыктатуры. І партыйныя функцыянеры павінны падпарадкавацца такому рашэнню, бо яно будзе адпавядаць духу Кангрэса 2005 года, на які так любяць асобныя з іх спасылацца зараз. Да ўдзелу у працы Канферэнцыі могуць быць запрошаны й тыя грамадзяне, якія на справе выканалі рашэнне Кангрэсу: напрыклад, сабралі за адзінага кандыдата па 100 і болей подпісаў, або прынялі ўдзел у сакавіцкіх падзеях і сталі ахвярамі карных органаў. І гэта будзе легетымны форум рэальных змагароў з рэжымам, якія добра адчуваюць пульс часу. Мяркую, што сярод іх будзе і большасць тых, хто на мясцовых выбарах рэальна сабраў 300 подпісаў выбаршчыкаў. Пытанне па ўдзелу ў Канферэнцыі прадстаўнікоў БСДП(Грамада) можа вырашыцца шляхам прадстаўлення мандатаў тым сябрам Грамады, якія прымалі ўдзел у Кангрэсе 2005 году і тады прымалі удзел у кансалідацыі беларускай апазіцыі.
Такая сустрэча актывістаў дэмакратычных сілаў можа стаць першай дэмакратычнай Канферэнцыяй, якая абмяркуе галоўныя пытанні часу: прынцыпы і механізмы кансалідацыі апазіцыі, дэмакратычная альтэрнатыва дыктатуры, стратэгія і план дзеянняў апазіцыі, прапановы па стварэнню Ураду народнага адзінства. Лічу, што ў сённяшніх варунках адсутнасці легітымнай прэзідэнскай улады дэмакратычным сілам варта абмяркаваць пытанне аб Урадзе народнага адзінства. Нам грамадзянам Беларусі трэба быць адзінымі дзеля абароны незалежнасці краіны, дзеля адэкватнага адказу пагрозам, якія узніклі у апошні час. Да Канферэнцыі патрэбна правесці абмеркаванне праектаў рашэнняў форума у нізавых структурах, каб пры правядзенні круглых сталоў Канферэнцыі магчыма было прыняць кансалідаванае рашэнне. Менавіта такі алгарытм падрыхтоўкі і правядзення форума дазволіць прыняць найбольш якасныя рашэнні, прадэманструе адкрытасць і галоснасць пры прыняцці рашэнняў дэмакратычнымі сіламі.
Сёння рэальна весці гаворку аб правядзенні Канферэнцыі праз месяц-два, калі будуць гатовы праекты яе рашэнняў. Менавіта на грунтоўна падрыхтаванай Канферэнцыі будзе магчымасць наблізіцца да паразумення ў дэмакратычных сілах, бо кансалідацыя апазіцыі ёсць галоўная умова для перамогі над рэжымам.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме