17:01 14.03.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ракіроўка: "калекцыянера" змяніў "рэфарматар"
15:53, 14 Марта |
Былы кіраўнік віцебскай абласной міліцыі пераязджае ў Мінск. Яго кабінет заняў дастаткова вядомы ў краіне сталічны палкоўнік Леанід Фармагей.
Супрацоўнікам міліцыі Віцебшчыны ўрачыста прадставілі новага "шэфа": замест Вячаслава Яўстаф’ева пасаду начальніка абласной службы УУС заняў Леанід Фармагей. У вобласці цяпер абмяркоўваюць пытанне: навошта ім даслалі спецыяліста з дужа адмысловай кваліфікацыяй – дагэтуль спадар Фармагей працаваў начальнікам упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі МУС Беларусі.
Пра новага кіраўніка віцебскай міліцыі вядома, што ён служыць у органах МУС ужо 23 гады, а сваю кар’еру распачынаў інспектарам дарожна-патрульнай службы. Узнагароджаны медалямі "За бездакорную службу" 2-й і 3-й ступені, ордэнам "За службу Радзіме" 3-й ступені. Гэта, так бы мовіць, афіцыйныя звесткі.
А паводле зьвестак неафіцыйных, у Мінску Фармагей "не прыжыўся" з-за сваіх радыкальных загадаў і ідэяў. Да прыкладу, ён прапаноўваў кардынальна рэфармаваць патрульна-паставую службу – пакінуць на беларускіх дарогах толькі супрацоўнікаў не ніжэй як з афіцэрскім званнем ды забараніўшы ім зьбіраць штрафы на месцах дзяжурства.
Леанід Фармагей вядомы і сваімі нестандартнымі выказваннямі: гэта яму належыць вынаходніцтва тэрміну "біятэрарысты" – так у адным са сваіх інтэрв’ю ён назваў самагоншчыкаў. Маўляў, атручваюць навакольнае асяроддзе, бо адыходы іхнае "вытворчасці" трапляюць у мясцовыя рэкі ды азёры. Каментуючы ў СМІ вынікі маніторынгу грамадскай думкі пра дзейнасць "стражаў парадку" , менавіта ён выказаў арыгінальнае меркаванне: "беларусы пакуль не могуць вызначыцца, любяць яны сваю міліцыю проста , або вельмі любяць".
Кажуць, мінскія калегі называлі Фармагея "галоўным рэфарматарам МУС". Але першыя "рэформы", звязаныя з ягоным новым прызначэннем, адбыліся ўжо і ў Віцебску. Так, непасрэдна перад "перадачай улады" новаму міліцэйскаму кіраўніку ў шэрагах віцебскай міліцыі адбыўся кадравы ператрус, у выніку чаго памяняліся два раённыя начальнікі ды яшчэ цэлы шэраг супрацоўнікаў.
Гэтыя перамяшчэнні прымусілі віцебскіх міліцыянтаў задумацца над фразай, якой "бласлаўлялі" Л.Фармагея на новую пасаду: кажуць, прадстаўляючы яго калегам, міністр МУС У.Наумаў параіў часцей кіравацца прынцыпам "Не нашкодзь!"
Былы начальнік абласной міліцэйскій структуры Яўстаф’еў адпрацаваў на сваёй пасадзе амаль чатыры гады і атрымаў падвышэнне – узначаліў Упраўленне ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі.
Дарэчы, ён меў незвычайнае хобі – збіраў... фуражкі! У ягонай прыватнай калекцыі "экспанаты" з больш як 30-ці краін свету. У свой час В.Яўстаф’еў паабяцаў перадаць свой збор музею віцебскай міліцыі, які стварыць так і не паспелі. Так што яшчэ невядома: пераедзе калекцыя ў Мінск або дастанецца ў спадчыну "рэфарматару" Л.Фармагею.
Алёна Штраль
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме