15:00 01.03.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Замест 15-ці сутак зараз будуць саджаць на 25
13:04, 1 Марта |
Ад сёньняшняга дня ў Беларусі пачынаюць дзейнічаць новыя кодэксы: Аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы. Адны прафэсіяналы вітаюць новаўвядзеньні, іншых непакоіць узмацненьне рэпрэсіўнага акцэнту ў заканадаўстве. Распрацоўшчыкі і дэпутаты, якія прымалі законы, тлумачаць сваю пазыцыю патрабаваньнем часу. Паводле аўтараў, кодэксы адпавядаюць эўрапейскім тэндэнцыям. Але наколькі адпавядаюць зьмены правам грамадзянаў, замацаваным у Асноўным законе?
Паводле аўтараў новаўвядзеньняў, кодэксы адпавядаюць эўрапейскім тэндэнцыям. Прыкладам, яны спасылаюцца на ўзмацненьне ва ўсёй Эўропе барацьбы зь нецьвярозымі кіроўцамі. Як дасягненьне падаецца тое, што зараз і ў Беларусі такіх парушальнікаў змогуць арыштоўваць на паўгоду. Аднак ці суадносяцца зьмены з канстытуцыйнымі правамі?
Вось меркаваньне былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова: “Паводле фармальных паказчыкаў, новы кодэкс больш прыведзены да палажэньняў Канстытуцыі. Але калі зазірнуць у сутнасьць, то ён стаў больш рэпрэсіўны. Бо значна пашырае сфэру адміністрацыйнай адказнасьці, што дае магчымасьць караць больш людзей. А вось абарона правоў грамадзян застаецца недасканалай, мэханізм гэтай абароны вельмі слабы”.
Міхаіл Пастухоў заўважае, што зараз абараняць прыцягнутага да адміністрацыйнай адказнасьці чалавека можа толькі прафэсійны адвакат. Між тым, раней рабіць тое меў права і звычайны прадстаўнік, у тым ліку праваабаронца.
Вядомы адвакат Вера Страмкоўская вітае палажэньне, паводле якога затрыманы за адміністрацыйнае парушэньне грамадзянін ужо з таго самага моманту можа патрабаваць адваката, у тым ліку бясплатнага. Раней – толькі ў часе суду.
“Можна казаць, што працэсуальныя моманты, якія вельмі важныя ў справе абароны правоў людзей, зараз будуць больш урэгуляваныя”, – мяркуе Вера Страмкоўская.
Аднак і Вера Страмкоўская непакоіцца з прычыны павялічэньня пакараньняў за розныя адміністрацыйныя парушэньні. Паводле Стамкоўскай, гэта супярэчыць дэклярацыям аб гуманізацыі беларускіх законаў.
Вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае больш нэгатыўных, чым станоўчых момантаў.
“Вельмі супярэчлівае стаўленьне ў мяне да гэтага кодэксу. З аднаго боку, сапраўды – шмат што ўрэгулявана, прыкладам, прывод у суд зараз магчымы толькі паводле рашэньня суду. Але мяне найбольш хвалююць тры іншыя моманты: што зараз могуць даваць 25 сутак арышту, адсутнасьць перадачаў і тое, што фактычна немагчыма абскардзіць судовую пастанову аб арышце”.
Валянцін Стэфановіч не выключае, што беларуская ўлада пачне выкарыстоўваць пакараньне арыштам на амаль удвая павялічаны тэрмін у змаганьні з апазыцыяй.
Былы судьдзя Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў, які спэцыялізуецца на абароне правоў прадпрымальнікаў, лічыць станоўчым ўвядзеньне адміністрацыйнай адказнасьці для юрыдычных асобаў. На іх зараз змогуць накладаць і грашовыя штрафы. Але спадар Фадзееў нагадвае пра абяцаньні адначасова адмовіцца ад такіх жа мераў адносна прадпрымальнікаў з боку гаспадарчых судоў і органаў ўлады.
“Ня ведаю, якія будуць прыняты далей рашэньні, але было б вельмі лягічна, каб пасьля ўвядзеньня кодэксу адміністрацыйных парушэньняў былі адмененыя нормы аб эканамічнай адказнасьці” – лічыць Фадзееў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме