19:00 27.02.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Хто аўтар налепак да “Дня беларускага адзінства”?
16:30, 27 Февраля | Алесь Дашчынскі,
У Менску зьявіліся налепкі, якія заклікаюць прыйсьці 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу Менску. На іх заклікі “За свабоду!”, “За Беларусь”, а ўнізе надпіс — “Дзень беларускага адзінства”. На фоне сьцягу Эўразьвязу — чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы сьцягі. Хто аўтар гэтых налепак і як ставяцца ў апазыцыі да падобнай агітацыі?
Паводле сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, налепка выпушчаная да Дня Волі накладам 50 тысяч экзэмпляраў. Пры гэтым згадваецца зварот Аляксандра Мілінкевіча да кіраўніка Беларусі аб пераадоленьні расколу ў беларускім грамадзтве і наладжваньні дыялёгу.
Намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык цьвердзіць, што гэтыя налепкі выпусьціла каманда Аляксандра Мілінкевіча. Налепкі распаўсюджваюць моладзевыя актывісты. Аргкамітэт сьвяткаваньня 25 сакавіка да іх ня мае дачыненьня, кажа Ігар Шынкарык:
“Аргкамітэт робіць іншае. Таму калі рабіць, то рабіць разам. А не так, што я там нешта сабе на розуме і пайду братацца на Сьвіслачы разам з Паўлічэнкам, ці зь некім пайду абдымацца. Калі наш былы адзіны кандыдат гатовы да таго, каб абдымацца з Лукашэнкам і яго паплечнікамі, гэта яго асабістая справа. Я гэта не падтрымліваю”.
У камандзе Аляксандра Мілінкевіча зьняпраўдзілі інфармацыю, пададзеную ў АГП. Палітычны дарадца Андрэй Кусяльчук заявіў, што ні рух “За свабоду!”, ні штаб Мілінкевіча ня маюць дачыненьня да налепак. Адносна іх зьместу спадар Кусяльчук сказаў:
“Мне здаецца, гэта проста памылка дызайнэра, і некампэтэнтны чалавек мог гэта зрабіць”.
Сам Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся камэнтаваць тое, да чаго ня мае дачыненьня.
Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук цьвердзіць, што каманда спадара Мілінкевіча ніякага дачыненьня да гэнай прадукцыі ня мае. Але яе аўтары — прадстаўнікі апазыцыі. Да зьместу налепак у Хведарука няпростае стаўленьне:
“Для таго, хто змагаўся і змагаецца далей за нашыя каштоўнасьці беларускія, канечне, напэўна, не вельмі прыемна бачыць такія налепкі ў горадзе. Але сама ідэя даволі станоўчая для тых, хто яшчэ ня моцна адчувае сябе беларусам, ня моцна адчувае, што такое бел-чырвона-белы сьцяг, што такое нацыянальная ідэя”.
Раней на сайце “Хартыі-97” быў надрукаваны артыкул, які заклікае зрабіць 25 сакавіка днём яднаньня і замірэньня ўсіх беларусаў, а ягонымі дэвізамі — “За свабоду!”, “За Беларусь”. Аднак у “Хартыі-97” размаўляць на тэму налепак не пажадалі.
Тым часам частка апазыцыі працягвае падрыхтоўку да Кангрэсу дэмсілаў. Старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў сказаў, што дата пакуль застаецца тая ж — 17—18 сакавіка. Аднак пытаньне з памяшканьнем пакуль ня пэўнае. Няма і дазволу ўладаў на правядзеньне кангрэсу. Паводле спадара Бухвостава, у любым выпадку кангрэс мусіць адбыцца не пазьней за 1 красавіка.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме