12:30 25.02.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сувораў зноў адольвае Касьцюшку?
11:15, 25 Февраля | Галіна Баравая,
У Кобрыне пачата будаўніцтва праваслаўнага сувораўскага храма. Адначасова ў Беларусі разгортваецца грамадзкая кампанія супраціву гэтаму.
На самым высокім месцы ў Кобрыне гойдаецца на ветры ўчарнелая вайсковая палатка. Побач – бярвеньні, дошкі, цэгла. Некалькі мужчын у ватоўках сноўдаюцца з рыдлёўкамі. Тэрыторыя навокал заваленая будаўнічым друзам. Адкрыта кажу праваслаўнаму айцу Ўладзімеру Карнялюку, што ня ўражвае царкоўнае будаўніцтва – на іншых "шабашках" больш парадку.
Сьвятар не пярэчыць. Спасылаецца на адсутнасьць сродкаў. Маўляў, замахнуліся на вялікае, а ў царкоўнай скарбніцы пуста.
– Спадзяемся на падмогу з Расеі, – даводзіць сьвятар. – Пра нашыя праблемы даведаўся патрыярх Алексій ІІ. Ён ужо аддаў загад дапамагчы.
Са словаў айца Ўладзімера Карнялюка, расейскі бок найбольш цікавіць, што новы храм ушануе памяць фэльдмаршала Аляксандра Суворава. Праект прадугледжвае разьмяшчэньне мастацкай выявы расейскага палкаводца ў іканастасе.
Што кажуць пра ініцыятыву праваслаўных жыхары Кобрына?
– Вернікі ў храме будуць мусіць маліцца на ваяра, які на штыках прынёс у Беларусь прыгоннае права, – кажа жыхар Аляксандар Мех.
Суразмоўца заяўляе пра арганізацыю грамадзкага пратэсту мясцовых жыхароў. Ён лічыць, што занадта ў маленькім райцэнтры славы гэтаму вешальніку. У Кобрыне яго імя атрымалі гатэль, калгас, а цяпер СПК. Два дзяржаўныя музэі і яшчэ адзін у школе таксама "сувораўскія".
Уладзімер Котаў, прадпрымальнік:
– Гэта вельмі балючая тэма і для самой царквы. Але ж гэта можа выявіцца гадоў празь дзесяць.
Іван Крыга:
– Я рускі, але таксама лічу, што называць храм "сувораўскім" нельга. Сувораў прыйшоў у Беларусь не з асьветаю, а зь мячом.
Алесь Грыб:
– Я ўвогуле лічу, што аніякія храмы не павінны мець імя аніводнага палкаводца. Сам палкаводзец як такі – забойца. Называць яго імем храм – парушаць біблейскі запавет.
Камэнтуе беларускі гісторык Алег Трусаў:
– Калі расейцы раздобрацца на дапамогу, то ў Кобрыне будзе створаны Сувораўскі ваенна-гістарычны комплекс, аналягаў якому няма нават у Расеі.
Алег Трусаў сьцьвярджае, што "Сувораў заліў крывёю Беларусь і Польшчу і ня можа быць ушанаваны на нашай зямлі".
– Мы ж ня ставім помнікі Карлу ХІІ, Напалеону, Гітлеру. Гэта ідзе так званая расейская пятая калёна. Вельмі зацікаўленая, каб далучыць Беларусь у якасьці губэрні. А галоўныя ранейшыя далучэнцы: першы – граф Сувораў, а другі – граф Мураўёў. Вось дзьве постаці, якія душылі, палілі Беларусь.
З хронікі сувораўскіх нападаў
1769 год. Будучы брыгадзірам Суздальскага пяхотнага палка Сувораў вынішчаў распыленыя партызанскія атрады і "зачышчаў" зямлю Рэчы Паспалітай ад змагароў за яе незалежнасьць.
1771 год. "…Порубил и потоптал на месте и в погони" каля 500 чалавек.
1794 год. Сувораў проста вымаліў у імпэратрыцы дазвол адправіцца на расправу з новымі бунтаўшчыкамі на чале з Тадэвушам Касьцюшкам. Верны практыцы "при малейшем сопротивлении атаковать, никогда не упускать, бить и кончить в час", Сувораў загадаў "во всех селениях, где неприятель обороняться будет, естественно должно его кончить в домах и строениях". 15 верасьня 1794 года пад Кобрынам з усіх 400 вершнікаў-паўстанцаў павятовага генэрала Казіміра Рушчыца пасьля сувораўскага нападу ацалела ўсяго 50 коньнікаў. 17 верасьня пад Крупчыцамі (14 кілямэтраў ад Кобрыну) сувораўскія калёны з 16-тысячнага корпуса мяцежнага генэрала Караля Серакоўскага палажылі на месцы каля 2000 чалавек.
Першы помнік Тадэвушу Касьцюшку – на тэрыторыі Амбасады ЗША
За 17 гадоў да бойні з Аляксандрам Суворавым Тадэвуш Касьцюшка ўдзельнічаў у бліскучай перамозе пад Саратогай, у выніку чаго было дасягнутае афіцыйнае прызнаньне Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ваенныя гісторыкі ЗША сьцьвярджаюць, што зарукаю гэтага трыюмфу сталіся непрыступныя фартыфікацыі, збудаваныя палкоўнікам-інжынэрам Андрэем Тадэвушам Банавэнтурам Касьцюшкам.
Яго заслугі ў барацьбе за свабоду Злучаных Штатаў былі ацэненыя надзвычай высока: званьне генэрала, найвышэйшая баявая ўзнагарода краіны, і апрача таго – амэрыканскае грамадзянства, пажыцьцёвая пэнсія і зямельны надзел.
У 1784 годзе Касьцюшка адмаўляецца ад кар’еры ў ЗША, сядае на карабель, каб вярнуцца на радзіму, у Літву-Беларусь. Празь дзесяць гадоў ён на чале вызвольнага паўстаньня, што прынясе яму славу нацыянальнага героя Беларусі й Польшчы.
Да 260-годзьдзя Андрэя Тадэвуша (а ён быў ахрышчаны 12 лютага 1746 году) у Мерачоўшчыне – адноўленай сядзібе Касьцюшкаў каля Косава адчынены музэй. Першы ў Беларусі помнік паўстанцкаму правадыру створаны скульптарам Алесем Шатэрнікам. Вось толькі помнік гэты знаходзіцца на тэрыторыі амэрыканскай амбасады...
Таксама ў ЗША ля Вайсковай акадэміі ва Ўэст-Пойнце і ў Вашынгтоне каля Белага дому быў пастаўлены помнік Касцюшку. Яму прысьвечаныя многія творы мастацкай літаратуры, жывапісу, скульптуры, пра яго жыцьцё і дзейнасьць напісаныя навуковыя працы. У шмат якіх краінах Эўропы, Амэрыкі і нават у далёкай Аўстраліі пастаўлены яму помнікі. Шанаванне памяці Касцюшкі ў свеце – сведчанне павагі і да народа, які яго спарадзіў.
У выпадку ж з расейскім фэльдмаршалам-катам гісторыя зусім іншая. Скажу больш: тое, што зараз адбываецца ў Кобрыне, – гэта зьдзек і над гісторыяй, і над нацыянальнай памяцьцю нашага народу. Празь дзьвесьце год дапамагаць Сувораву у вечным змаганьні з Касьцюшкам –хіба тое ня здрада праўдзе, патрыятызму, Бацькаўшчыне? Вось і зьбіраюцца па ўсёй краіне подпісы з патрабаваньнем спыніць тое, што рабіць ніяк нельга.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме