11:45 25.01.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Як на БТ "ліквідавалі" палітычных вязняў

10:36, 25 Января | Алесь Уладамірскі,

Шыла ў мяху не ўтоіш. І гэтая непрыгожая гісторыя праз Інтэрнэт стала вядомай ва ўсім свеце. Звышкарэктны Рэнэ ван дэр Ліндэн наўрад ці запатрабуе абвяржэння. Айчыннае ж кіраўніцтва тым болей не папракне дзеячаў з дзяржаўнай тэлевізіі за тое, што сказілі словы еўрапейскага госця. Бо скажалі, трэба думаць, акурат каб дагадзіць тутэйшаму высокаму начальству. Наіўна думаць, што пры гэтым звяраюцца з "Маніфестам сумлення", прынятым на апошнім з’ездзе БАЖ.

Нагадаем фабулу скандалу. Падчас свайго візіту ў Беларусь на мінулым тыдні кіраўнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн даў інтэрв’ю Першаму тэлеканалу. Сюжэт паказалі 21 студзеня ў "Панараме тыдня".

Паколькі госць размаўляў па-англійску, дыялог суправаджаўся перакладам.

У прыватнасці, айчынны глядач пачуў такую інтэрпрэтацыю: "Было б вельмі карысна, каб ваш урад прыняў экспертаў з краін Еўразвязу, каб тыя падрыхтавалі даклад датычна палітыкі прэзідэнта, бо існуюць розныя пункты гледжання. Давайце папросім міжнародных экспертаў зрабіць такі даклад, і пасля паглядзім, згаджацца з імі ці не".

Усё нібыта гладка, але...
Рэч у тым, што насамрэч ван дэр Ліндэн сказаў не пра "палітыку прэзідэнта", а пра "вязняў, што лічацца палітычнымі" ("prisoners considered as political prisoners").

Прычына такога вольнага перакладу цалкам зразумелая. Афіцыйны Мінск катэгарычна адмаўляе само існаванне праблемы палітычных прысудаў. У прыватнасці, прафесара Казуліна, экс-кандыдата ў прэзідэнты, які жорстка крытыкаваў афіцыйнага лідэра падчас перадвыбарных выступаў, прапануецца лічыць злосным хуліганам.

Але ў прадстаўнікоў Захаду — свой погляд на прычыны зняволення гэтага і яшчэ шэрагу тутэйшых палітыкаў, вядомых рэзкімі выступамі супраць "генеральнай лініі". Можна згаджацца ці не згаджацца з трактоўкай шэрагу прысудаў як палітычных, але такім вось арыгінальным чынам "выпраўляць" думкі кіраўніка адной з паважаных інстытуцый Еўропы — гэта ўжо, бадай, занадта!

Зрэшты, ці варта дзівіцца? Хіба падобнае робіцца ўпершыню? Айчынныя апазіцыйныя палітыкі ды незалежныя эксперты, што зрэдчас траплялі на экран БТ дзеля дэманстрацыі плюралізму, ад гэнага "плюралізму" потым проста пляваліся. Бо з іх выступаў іншым разам выскубалі такія фрагменты, якія па-за кантэкстам адлюстроўвалі палітычную пазіцыю аўтара, лічы, з дакладнасцю да наадварот.

Што ж да замоўчвання тэмы палітычна матываваных прысудаў (як і шэрагу іншых тэмаў, што муляюць кіроўным вярхам), дык ёсць падставы сцвярджаць, што гэта ўсвядомленая медыйная палітыка ўладаў. Вось вам красамоўная ілюстрацыя: леташняе апытанне, праведзенае сацыёлагамі зарэгістраванага ў Вільнюсе НІСЭПД, засведчыла: 44% беларусаў увогуле не ведаюць, што Казулін асуджаны.

Іначай кажучы, актуальнай, грамадска важнай інфармацыі не атрымала амаль што палова насельніцтва!
І гэта лішні доказ ненармальнасьці той медыйнай сітуацыі, што склалася ў Беларусі. Бо, як бы хто ні ставіўся да Казуліна, сам факт строгага пакарання экс-кандыдата — згадзіцеся, тэма нацыянальнага маштабу. У цывілізаванай, дэмакратычнай краіне пры падобнай нагодзе ўся прэса гула б.

У нас — маўчок. Прычым такі падыход цалкам сур’ёзна спрабуюць матываваць ідэолагі самага высокага рангу. Згадайма хаця б нашумелы артыкул Анатоля Рубінава, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны, пад назвай "Тупікі крыжовага паходу за дэмакратыю". Маўляў, не саспеў яшчэ наш народ да поўнай галоснасці!

Ідэалагічная цэнзура квітнее не першы год. Наш паспаліты люд да фокусаў айчынных дзяржаўных медыяў даўно прывык. А вось спадар ван дэр Ліндэн з такім узроўнем медыйнай палітыкі ды журналісцкай этыкі сутыкнуўся, бадай, упершыню. Што ж, на ўласным прыкладзе пераканаўся, як тут у нас са свабодай слова...



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме