21:00 05.01.2007 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Віцебск: навапалачаніна аштрафавалі на 62 тысячы рублёў
18:03, 5 Января |
Навапалачаніна Валера Шаўчэнка аштрафавалі на 62 тысячы рублёў. Кастрычніцкі раённы суд Віцебску прызнаў яго вінаватым у хуліганскіх дзеяньнях падчас паседжаньня аблвыбаркаму. Нагадаем, што паводле такога самага абвінавачаньня вядомы журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін быў арыштаваны на 7 сутак. Сёньня ён выйшаў зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня.
23 сьнежня жыхар Наваполацку Шаўчэнка быў выкліканы на паседжаньне Віцебскай абласной выбарчай камісіі паводле ягонае скаргі: яму адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Наваполацкага райсавету й Віцебскага аблсавету. Проста з паседжаньня міліцыя даставіла яго ў Кастрычніцкі райаддзел, бо чальцы камісіі абвінавацілі яго ў хуліганстве — заявілі, што ён разам з Валер’ем Шчукіным замінаў ім працаваць.
Паводле спадара Шаўчэнкі, камісію не задаволіла тое, што яны з Валер’ем Шчукіным зайшлі на паседжаньне, якое мела быць закрытым, — кожнага незарэгістраванага кандыдата выклікалі ў кабінэт асобна. Валеры Шаўчэнка лічыць абвінавачаньне ў хуліганстве палітычным.
Шаўчэнка: “Гэта палітычная справа, і сфальшаваная. Я лічу, камісія не жадала нашае прысутнасьці, бо тыя прычыны, паводле якіх адхілілі ад удзелу ў выбарах асобаў з апазыцыі, якія вылучаліся кандыдатамі на дэпутатаў, былі вельмі хісткія. І таму камісія не жадала, каб гэта выйшла на сьвет, трапіла ў сродкі масавае інфармацыі”.
Нагадаем, што паводле скаргі віцебскай абласной выбарчай камісіі Валеры Шаўчэнка ўжо быў аштрафаваны: 24 сьнежня судзьдзя Алена Папова дала яму штраф 6 з паловай тысяч рублёў. Аднак пракуратура Кастрычніцкага раёну апратэставала тое рашэньне, і сёньня справа пра хуліганства разглядалася паўторна. Урэшце Шаўчэнка атрымаў у некалькі разоў большы штраф — 62 тысячы рублёў.
Такую пастанову вынесла судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ірына Смалякова, якая 30 сьнежня паводле такога ж абвінавачаньня прысудзіла 7 сутак арышту Валер’ю Шчукіну. Спадара Шчукіна спачатку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня 24 сьнежня, ён правёў там суткі — і ад 30 сьнежня да сёньняшняга дня адбываў там арышт.
Адразу пасьля суду над спадаром Шаўчэнкам прысутныя праваабаронцы ды журналісты скіраваліся сустракаць Валер’я Шчукіна. Да іх далучыліся Павал Севярынец, які да сёньняшняга дня быў у Віцебску ў адпачынку, і прадстаўнікі “Маладога фронту”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме