19:00 29.12.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Генадзь Бураўкін: "Галадоўка Казуліна не пакінула грамадства абыякавым"

17:23, 29 Декабря |

— Сярод галоўных грамадскіх падзей гэта перш за ўсё паслявыбарная сакавіцкая плошча, дзе для мяне сонейка выглянула з-за шэрых хмар. Гэтыя мілыя твары маладых людзей, якія прыйшлі не баючыся нічога і гатовыя на многае, на плошчу, каб выказаць сваю пазіцыю. Гэта першая для мяне душэўна важная і важкая падзея. На жаль, у яе пакуль што не атрымалася вартага працягу, але я спадзяюся, што у наступным годзе і ў іншыя дні ўсё адбудзецца.

Другая падзея, якая не павінна пакінуць наша грамадства абыякавым, гэта галадоўка Казуліна. Можна па-рознаму ставіцца да таго, што дэкларуе і робіць Аляксандр Уладзіслававіч. Але яго рашучасць і мужнасць паказалі многім, бяссрэчна, перш за ўсё ягоным прыхільнікам, і павінны паказаць ягоным апанентам і нават ворагам, што калі чалавек дзеля мэты гатовы ісці да канца, то ён нават у самых жорсткіх неспрыяльных умовах можа дабіцца вынікаў.

Скажу абсалютна шчыра, я не верыў у тое, што будуць выкананыя яго умовы. І тое, што яны ўсё-такі былі ў нечым выкананы, гэта для мяне не толькі перамога гэтага чалавека, а і паказчык таго, што ў палітычнай барацьбе, калі ты ўпэўнены ў мэтах, за якія ваюеш, і ўпэўнены ў сілах, якія за табой стаяць, трэба ісці да канца, і тады вынікі будуць.

Гэта, на мой погляд, самыя важныя грамадскія падзеі гэтага году.

У асабістым жыцці у мяне, на жаль, мінулы год быў вельмі цяжкі, хаця гэта быў год майго 70-годдзя. Але ён прынёс мне вельмі многа хвароб, вельмі многа нечаканых і, як мне здаецца, нават незаслужаных выпрабаванняў. І таму я з радасцю чакаю яго канца, спадзеючыся, што ў новым годзе ў мяне асабістае і перадусім творчае жыццё складзецца куды больш цікава, прыемна і радасна.

У наступным годзе перш за ўсё я чакаю, што ў Беларусі ўсё-такі адбудзецца духоўнае абуджэнне ад апатыі і спячкі. І нарэшце пачнецца не дэмагагічная, а рэальная дэмакратызацыя. І мы атрымаем поспехі і рост дабрабыту ў краіне не за кошт чужых падачак, не за кошт хітравання, а за кошт нашай працы і талентаў. І людзі зразумеюць, як трэба даражыць аўтарытэтам, заваяваным ранейшымі пакаленнямі. Мне вельмі гэтага хочацца.

Пісьменніцкі з’езд “правільнага” Саюзу, які адбыўся ў канцы гэтага года, павінен насцярожыць нават чыноўнікаў. Да якой духоўнай беднасці і нізасці яны хочуць давесці людзей, якіх Бог не абдзяліў талентам. Іншая гаворка, каму ён даў больш, каму менш, каму зусім мала. Але тое, як гэты з’езд адбываўся, хто на ім быў, што на ім гаварылася, павінны непакоіць, калі хоць трошкі ў дзяржаўных чыноўнікаў ёсць разуменне рэальнасці і клопат пра аўтарытэт Беларусі. З такімі пісьменнікамі ні славы, ні разумення, ні пашаны ў свеце яны атрымаць не могуць. Я хацеў бы, каб у новым годзе схамянуліся і высокія чыноўнікі.

Бо эканоміку можна адрадзіць пры разумным кіраванні за дастаткова невялікі час. Можна фінансы зарабіць за дастаткова невялікі час. Можна нават палітычны курс змяніць за дастаткова невялікі час. Але каб выправіць маральны здзек над людзьмі, які апошнія 10 гадоў у нашай краіне адбываецца, для гэтага трэба працаваць вельмі доўга, тонка і крапатліва. Калі гэта праца пачнецца ў новым годзе, я хацеў бы, каб яна працягвалася і далей.

Вось тое, пра што я думаю, зазіраючы ў новы год, і пра што я думаю, азіраючыся на год мінулы.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме